«Акт вандалізму»: МЗС Беларусі даслаў ноту пратэсту з-за бел-чырвона-белага сцяга ў Дняпры
Міністэрства замежных спраў Беларусі накіравала Украіне ноту пратэсту. МЗС кажа пра «акт вандалізму» і «апаганьванне сімвалаў». А Генпракуратура Беларусі сёння завяла на мэра Дняпра крымінальную справу — за распальванне варожасці.

Фота з фэйсбуку Барыса Філатава
«Актам вандалізму» і «апаганьваннем сімвалаў» МЗС РБ назвала тое, што ў горадзе Днепр чырвона-зялёны дзяржаўны беларускі сцяг, які вісеў ля мэрыі, быў заменены на бел-чырвона-белы.
Пра тое, што чырвона-зялёны сцяг у Дняпры замянілі на бел-чырвона-белы стала вядома 9 лютага. Такое рашэнне прыняў мэр Дняпра Барыс Філатаў.
У той жа дзень пасол Беларусі ва Украіне Ігар Сокал накіраваў Барысу Філатаву зварот, дзе асудзіў здарэнне. Мэрыя Дняпра на зварот не адрэагавала. У выніку МЗС абвясціў Украіне «рашучы пратэст».

«Беларускі бок разглядае тое, што адбылося, як цынічную праяву недружалюбнага стаўлення да суверэннай беларускай нацыі і акт дзяржаўнага вандалізму з боку ўладаў Украіны, які найгрубейшым чынам парушае асноўныя прынцыпы міжнароднага права, — прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў і прынцып неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў — а таксама нормы міжнародных адносін, прынятыя ў цывілізаваным свеце, дыпламатычнай і пратакольнай практыцы», — абураецца МЗС Беларусі.
МЗС выказала свае патрабаванні да украінскага боку: вярнуць дзяржсцягі на месца, афіцыйна папрасіць прабачэння, не дапускаць падобнага ў будучыні. Ну і, безумоўна, — правесці праверку «апаганьвання сімвалаў замежнай дзяржавы» і паведаміць пра яе вынікі.
Неўзабаве стала вядома, што Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу на мэра Дняпра Барыса Філатава. Яго абвінавачваюць у распальванні варожасці.