Суд завочна арыштаваў Януковіча за расстрэл Майдана

Гэта ўжо чацвёрты раз, як украінскі суд завочна арыштаваў Віктара Януковіча. Адзначаецца, што з-за дзеянняў арганізаванай злачыннай групы з 10 чалавек загінулі 76 грамадзян і больш за 800 атрымалі цялесныя пакалечанні.

e980095_gettyimages_99638813.jpg

Суд у чарговы раз абраў меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай для былога прэзідэнта Віктара Януковіча па справах Майдана. Пра гэта паведамляе ўкраінскае Дзяржаўнае бюро расследаванняў (ДБР) у аўторак, 17 студзеня.

«Па хадайніцтве следчага ДБР, узгодненым з офісам генеральнага пракурора, суд завочна выбраў меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай у дачыненні да былога прэзідэнта Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што яшчэ ў лістападзе 2021 года ДБР завяршыла расследаванне злачынстваў Януковіча і іншых дзевяці чыноўнікаў падчас акцый пратэсту ў 2014 годзе.

«Устаноўлена, што праз дзеянні гэтай арганізаванай злачыннай групы толькі ў названы перыяд загінулі 76 грамадзян і больш за 800 атрымалі цялесныя пакалечанні рознай ступені цяжкасці», — заявілі ў бюро.

Цяпер у дачыненні да ўсіх 10 падазраваных завочна абрана мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Таксама суддзя ўстанавіў тэрмін для боку абароны на азнаямленне з матэрыяламі дасудовага расследавання, па завяршэнні якога абвінаваўчы акт будзе накіраваны ў суд.



Як вядома, раней суды абралі меру стрымання Януковічу ў выглядзе ўтрымання пад вартай па справах аб узурпацыі ўлады, па харкаўскіх пагадненнях і дэзерцірстве.

Таксама варта згадаць, што Вышэйшы антыкарупцыйны суд (ВАКС) задаволіў пазоў Мінюста Украіны — і канфіскаваў усю маёмасць Віктара Януковіча. Усе яго актывы спагналі ў даход дзяржавы. Пра гэта паведаміла 14 снежня 2022 года прэс-служба ведамства: «Так, ВАКС спагнаў у даход дзяржавы рухомую, нерухомую маёмасць і сродкі, а менавіта — Цэнтр адпачынку і здароўя і жылы дом (плошчай 825,8 квадратных метраў) у вёсцы Новыя Пятроўцы (Вышгарадскі раён, Кіеўская вобласць), некалькі машынамесцаў у падземным паркінгу, кватэру, дом, карабель маркі «Брыг», 100% долі ў статутным капітале ТАА «Танталіт», а таксама ў ТАА «Дом лесніка», грашовыя сродкі ў суме 31 047 676,73 грн і 84 964,60 долараў ЗША».

Паводле korrespondent.net, www.pravda.com.ua