«Саледар бяруць літаральна кожны дзень. І галоўнае, кожнаму хапае свайго Саледара»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» відавочна ўражаны перамогамі расійскай арміі на ўкраінскім фронце. І нават прапануе расійскай арміі новыя медалі з гэтай нагоды.

soledar_6.jpg


Учора ў Расіі зноў узялі Саледар. Вось я гляджу, і ўвесь час дзіўлюся на гэты горад. Ну, дзесяць тысяч жыхароў да вайны, а наколькі ён усё ж такі лепш, чым Кіеў. Кіеў за тры дні бралі адзін раз. А Саледар бяруць жа літаральна кожны дзень. І галоўнае, кожнаму хапае свайго Саледара.

Вось учора Саледар узяло, як яны сябе называюць, апалчэнне ДНР. Да гэтага яго брала рэгулярная армія. А раней ПВК. Колькі разоў Саледар брала ПВК! І як брала! Яны нават выпусцілі медаль «За ўзяцце Саледара». Хоць можна было рабіць медаль «За рэгулярнае ўзяцце Саледара». Або лепш — «За рэгулярны Саледар».

А чалавеку з рэгулярным Саледарам мора па калена, горы па плячы і геапалітычныя разломы на паўплёўку. Рэгулярна ўзяты Саледар паліць кішэню, кружыць галаву і так цісне на мазгі, што ў Расіі вырашылі, падобна, зрабіць уласны ўкраінскі ўрад. Ну а што? Саледар-та ў іх ужо ёсць, і не адзін раз. Самы ж час завесці сабе ўкраінскі ўрад на чале з такімі лідарамі таемных электаральных перамог як Януковіч, Медзвядчук і Азараў.

І, вядома, пасля таго, як яны ўжо столькі разоў узялі Саледар, нельга спыняцца на паўдарозе. Таму што за Саледарам Бахмут, а ад Бахмута да Берліна ўжо можна дакінуць тапкам. Вось злыя языкі ўкраінскай выведкі кажуць, што начальніка генштаба Герасімава прызначылі камандаваць спецыяльнай аперацыяй не проста так. Што генерала Герасімава прызначылі, каб ён залатаў геапалітычныя разломы і да сакавіка забяспечыў поўны Данбас у яго гісторыка-геалагічных межах.

А іншыя злыя языкі кажуць, што новы камандуючы павінен зрабіць не толькі поўны Данбас, але наогул вялікі наступ. Таму што ў генерала Герасімава вялікі вопыт вялікіх наступаў. Генерал Герасімаў наступаць умее. Генерал Герасімаў наступае, як іншым генералам наступаць і не снілася. Генерал Герасімаў яшчэ на Кіеў наступаў за тры дні.

І камандуючы Герасімаў адразу ўсім паказаў, як трэба правільна наступаць. Па-першае, загадаў аддаць Міністэрству абароны нестатутныя аўтамабілі, а па-другое, прывесці войска ў статутны выгляд. Таму што прыстойныя генералы няголенай арміяй не наступаюць. Любому генералу вядома, што статутны знешні выгляд — залог ваенных поспехаў. І вось, калі армія ўжо нарэшце паголіцца і папрасуе сабе штаны, дык тады можна будзе і наступаць, як самавітыя людзі.

І я, вядома, не сумняваюся, што такая армія з такімі генераламі можа ўзяць сабе ўсё, што захоча. Дакладней, можа сабе што-небудзь узяць. Ці, яшчэ дакладней, можа захацець узяць сабе што-небудзь. Асабліва калі разам з да гэтага часу нікім не пераможнай арміяй малодшага саюзніка. Таму што разам саюзнікі могуць захацець сабе наогул усё што заўгодна. Хоць Кіеў за тры дні, хоць Лондан за тыдзень.