Матолька: «Украіна мае зброю, якая дастане да рэзыдэнцыі Лукашэнкі»

Беларускія вайскоўцы вельмі ясна пабачылі, што адбылося з так званай «другой арміяй сьвету» ў канцы сакавіка, калі яна, па сутнасьці, зьбегла з Кіеўскай вобласьці. У маральным пляне вельмі моцна паўплывала адступленьне ад Харкава, у першую чаргу, і ад Херсону. Пераважная большасьць беларускіх вайскоўцаў задае адно пытанне: «Навошта нам удзельнічаць у вайне Пуціна?»

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__16__logo.jpg

Антон Матолька на канале «Св*бода Premium» расказвае, што робяць расійскія войскі ў Беларусі і наколькі вялікая небясьпека, што Расія зноў пачне ўварваньне з беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну.

— Учора ў Беларусі стартавалі двухтыднёвыя беларуска-расейскія лётныя вучэньні. Яны мусяць праходзіць на ўсіх аэрадромах і палігонах супрацьпаветранай абароны Беларусі. Якія зьвесткі пра гэтыя вучэньні на сёньня мае «Беларускі Г*юн»?

— Мы адсочвалі і працягваем адсочваць усе перамяшчэньні, пра якія паведамляюць беларусы, — па зямлі і ў паветранай прасторы. І мы бачылі, напрыклад, як на мінулым тыдні на аэрадром у Мачулішчах прыляцела 12 верталётаў. Яшчэ, калі не памыляюся, у канцы сьнежня ў Мачулішчах было 8 ці 9 рэйсаў грузавых самалётаў. Мы падазраём, што там былі ракеты ці нейкія іншыя ўзбраеньні для гэтых так званых вучэньняў.

Мы ўважліва сачылі і на днях пацьвярджалі яшчэ да афіцыйных зьвестак інфармацыю пра прылёты Су-34 і Су-30 у Баранавічы.

Гэтыя вучэньні насамрэч — даволі небясьпечны фактар, бо мы лічым даволі нізкай імавернасьць наземнага ўварваньня, але вышэйшая імавернасьць авіяналётаў і выкарыстаньня беларускай паветранай прасторы для бамбаваньня і абстрэлаў Украіны. Я б на гэта зьвяртаў больш увагі, чым на наземную канцэнтрацыю войскаў.

— У сувязі з вучэньнямі Генштаб Узброеных сілаў Украіны заявіў аб росьце «пагрозы нанясеньня ракетна-авіяцыйных удараў менавіта з паветранай прасторы Беларусі». Ці бачыце вы нейкія канкрэтныя сьведчаньні, што такія ўдары могуць рыхтавацца?

— І так, і не. З аднаго боку, імавернасьць абстрэлаў з паветранай прасторы Беларусі ці зь зямлі не зьніжалася, захоўвалася ўвесь гэты час зь лютага 2022 году. У любы час расейскія войскі могуць запусьціць ракеты ці з «Іскандэраў», ці выкарыстоўваючы паветраную прастору.

Увесь гэты час зь лютага 2022 году ў паўднёвай частцы Беларусі — гэта частка Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей — зона абмежаваньня палётаў грамадзянскай авіяцыі на даволі вялікую вышыню. Там ніхто ня можа лётаць, бо паветраная прастора закрытая ў сувязі з магчымымі запускамі ракетаў.

Паводле нашай інфармацыі, апошні запуск ракеты з паветранай прасторы Беларусі быў 6 кастрычніка, а зь зямлі, калі не памыляюся, 28 жніўня. Але імавернасьць такіх запускаў захоўваецца ў любы дзень, і яна ўвесь час высокая.

Цяпер рызыкаў, вядома ж, больш, бо пацьверджаны прылёт вялікай колькасьці грузавых самалётаў, зь якіх даставалі невядомы груз. Мы падазраём, што гэта ракеты для зьнішчальнікаў і бамбавікоў — адпаведна, іх могуць скарыстаць.

Была пацьверджаная інфармацыя пра наяўнасьць у Мачулішчах звышгукавых ракетаў «Кінжал», якія могуць выкарыстоўвацца на «Міг-31». Таксама ёсьць і тыя «Міг-31», якія могуць несьці гэтую ракету. Практычна ўсю восень — ня кожны дзень, але даволі часта — гэтыя «Мігі» выляталі з Мачулішчаў для трэніровак, і амаль кожны раз абвяшчалася паветраная трывога па ўсёй Украіне. Бо яны могуць трапіць у цэль на даволі вялікай адлегласьці, і не любыя сілы супрацьпаветранай абароны могуць іх спыніць.


— Украінскі бок, прынамсі, у неафіцыйных размовах з заходнімі прадстаўнікамі казаў пра тое, што з тэрыторыі Беларусі запускалі іранскія дроны, якія бамбавалі ўкраінскія гарады. Ці «Беларускі Г*юн» меў нейкія пацьверджаньні гэтай інфармацыі?

— Ніводнага факту мы не змаглі знайсьці. Мы не выключаем, што такое магло быць, напрыклад, што запускі гэтых дронаў адбываліся, умоўна кажучы, у раёне Альманскіх балотаў, Прыпяцкага радыяцыйнага запаведніку ці з Чарнобыльскай зоны, дзе не жывуць людзі. Адпаведна, ніхто б нам ня змог пра гэта паведаміць.

Але пра перамяшчэньне даволі спэцыфічных грузавікоў ці пра тое, што на поўдні Беларусі, у Гомельскай вобласьці нібыта знаходзіліся іранскія інструктары, мы ня мелі ніводнага пацьверджаньня. Дроны маглі выкарыстоўвацца, але мы гэтага ня бачым.

— Паводле кіраўніка памежнай службы Ўкраіны, цяпер у Беларусі знаходзіцца каля 11 тысячаў расейскіх вайскоўцаў. Ці гэтая лічба прыблізна адпавядае тым зьвесткам, якія мае «Беларускі Г*юн»?

— Так. Да апошніх эшалёнаў, якія прыяжджалі ў Беларусь, гэтая лічба была каля 10 тысячаў, потым яна часова павялічылася прыкладна да 12-13 тысячаў, а ў апошнія дні мы бачылі, што, верагодна, падрыхтаваных мабілізаваных адвозілі зь Беларусі на фронт у кірунку Луганскай вобласьці Ўкраіны. Таму лічба ў 10-12 тысячаў даволі рэалістычная

Калі параўнаць з тым, што адбывалася ў лютым 2022 году: колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў пераходзе беларуска-расейскай мяжы, вагалася ад 15 да 35 тысячаў, паводле розных падлікаў. Плюс была даволі моцная падтрымка авіяцыі і адносна сучаснай тэхнікі, якая была ў расейцаў.

Цяпер гэтага няма. У Беларусі папросту не сканцэнтраваная такая колькасьць людзей і тэхнікі, якая б дазволіла праводзіць нейкую пасьпяховую для расейцаў апэрацыю ва Ўкраіне.


— Люк Кофі, дасьледчык Гудзонскага інстытуту ў ЗША, у гутарцы са «Свабодай» сказаў, што ва Ўкраіне новы наземны напад зь Беларусі разглядаюць толькі як пытаньне часу. Як вы ацэньваеце імавернасьць такога нападу, калі гаворка менавіта пра напад расейскімі сіламі, без удзелу беларускіх войскаў?

— Каб адбыўся такі напад, мае адбыцца вялізная колькасьць зьменаў. Павінна быць завезена ў тры разы больш войскаў, чым ёсьць цяпер. Да таго ж, тыя расейскія войскі, якія цяпер у Беларусі, знаходзяцца на аддаленасьці ад украінскай мяжы.

Пакуль што ўзровень пагрозы наземнай апэрацыі дастаткова нізкі. Я магу сказаць, што ў найбліжэйшыя два тыдні мы наземнага ўварваньня відавочна не чакаем. Любыя зьмены будуць заўважныя — найперш таму, што беларусы паведамляюць гэтую інфармацыю і ў «Беларускі Г*юн», і ўкраінскім вайскоўцам.

Расейцам мінімальна спатрэбіцца два тыдні, але я б казаў нават пра месяц. Бо трэба ня толькі перакінуць тэхніку, але і арганізаваць яе забесьпячэньне, адладзіць дзеяньні войскаў. Нельга проста перакінуць войскі і адразу кінуць іх у бой.

Па-другое, з украінскага боку прымежная тэрыторыя замінаваная, чыгунка разабраная, дарогі перакапаныя. Ёсьць фізычныя абмежаваньні, якія не дазволяць хутка прасунуцца ўглыб Украіны, як гэта адбылося з праходам расейскіх войскаў праз Чарнобыльскую зону, калі яны даволі блізка падышлі да Кіева за лічаныя дні.

Да таго ж, украінцы цяпер да гэтага гатовыя. У выпадку перакідваньня войскаў мы пабачым перакідваньне і ўкраінскіх войскаў і ўзбраеньняў.


— Што крыніцы «Беларускага Г*юна» паведамляюць пра цяперашнія настроі ў беларускім войску — ці ёсьць там адчуваньне, што блізкім часам беларускія вайскоўцы могуць наўпрост увязацца ў вайну?

— Я не хачу спэкуляваць на гэтай тэме, бо вельмі мала людзей сапраўды маюць доступ да дзейных вайскоўцаў рознага ўзроўню — ад генэралаў да шарагоўцаў. І кожны будзе мець свой «замер аўдыторыі» — свае настроі і свае інтарэсы.

Магу толькі сказаць, што тая інфармацыя, якую мы атрымоўвалі цягам году, па сутнасьці не мянялася. Пераважная большасьць беларускіх вайскоўцаў задае адно пытаньне: «Навошта нам удзельнічаць у вайне Пуціна, у вайне Крамля супраць украінцаў, зь якімі нам няма чаго дзяліць?»

Беларусы, у тым ліку тыя, хто служыць у Міністэрстве абароны, ня маюць імпэрскіх амбіцый, нягледзячы на той масіў беларускай прапаганды, які сынхранізаваны з крамлёўскай.

А яшчэ беларускія вайскоўцы вельмі ясна пабачылі, што адбылося з так званай «другой арміяй сьвету», асабліва ў канцы сакавіка, калі расейцы, па сутнасьці, зьбеглі з Кіеўскай вобласьці, разумеючы поўны правал на гэтым кірунку. У маральным пляне вельмі моцна паўплывала адступленьне ад Харкава, у першую чаргу, і ад Херсону.

Яшчэ моцна ўплываюць скандалы ў расейскім войску, у тым ліку сярод «вагнераўцаў», крытыка Пуціна і генэралаў, якія яму падпарадкоўваюцца.

Да таго ж у беларускім грамадзтве — і ў цывільным, і ў вайсковым — ёсьць кансэнсус: беларусы не прымаюць вайну і ваенныя дзеяньні. Для беларусаў вайна — гэта нешта кепскае, да чаго ніхто ня хоча мець дачыненьня.

Але калі, напрыклад, украінскія ці нейкія яшчэ ракеты прылятаюць на тэрыторыю Беларусі, вайна робіцца нашмат бліжэйшай і страх перад вайной моцна павялічваецца.

Вядома ж, паўсюль ёсьць «фрыкі», нездаровыя людзі, якія хочуць забіваць іншых людзей, нават без прычыны. Але я ня думаю, што іх нейкі істотны працэнт.


— Польскі вайсковы аналітык Конрад Музыка прагназуе, што калі расейскія войскі зноў пачнуць наземны наступ на Ўкраіну зь Беларусі, дык Украіна абавязкова ўдарыць у адказ па расейскіх вайсковых цэлях у Беларусі. На вашую думку, калі такое адбудзецца, што можа патэнцыйна стаць першымі цэлямі?

Украіна ўжо мае зброю, якая спакойна дастане да рэзыдэнцыі

— Па-першае, трэба разумець, што Ўкраіна ўжо мае зброю, якая спакойна дастане да рэзыдэнцыі Лукашэнкі пад Пінскам. Гэта дастаткова вялікая адлегласьць.

І ключавымі аб’ектамі, на мой погляд, будуць у першую чаргу пункты канцэнтрацыі войскаў у прымежнай тэрыторыі. Ня нейкія базы, а тыя, дзе ў дадзены момант ёсьць канцэнтрацыя палівазапраўшчыкаў, танкаў, БТРаў, асабовага складу і да т. п.

У другую чаргу або паралельна з гэтым могуць быць бамбардаваньні па вайсковых абʼектах, у першую чаргу аэрадромах. Ёсьць тры канкрэтныя пункты на поўдні Беларусі — гэта Лунінец, Вялікі Бокаў (там аэрадром) і Зябраўка пад Гомлем.

Гэта можа быць аэрадром у Баранавічах, які даволі блізка прымыкае да гораду. І гэта могуць быць нават Мачулішчы. Каля Мачулішчаў знаходзіцца так званы цэнтар «Купал», які быў цэнтрам кіраваньня расейскага войска ад лютага 2022 году да канца вясны.


А на трэцім этапе гэта могуць быць розныя лягістычныя аб’екты, важныя для падтрымкі баяздольнасьці войска. Гэта могуць быць і нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, і сховішчы паліва ў розных месцах Беларусі. А таксама гэта могуць быць лягістычныя шляхі — чыгунка, скрыжаваньні дарогаў, дарогі, па якіх могуць перакідваць вялікую колькасьць войскаў.

Лукашэнка непасрэдна ўдзельнічае ў гэтай вайне, і ён па сутнасьці павінен вызначацца як ваенны злачынца. І ў ваенных дзеяньнях няма аднабаковага ўдзелу. Лукашэнка даў тэрыторыю, зь якой запускаюць ракеты. У любы момант па гэтых абʼектах, адкуль запускаюць ракеты, могуць ударыць у адказ.

Думаю, што і Лукашэнка, і беларускія вайскоўцы гэта цудоўна разумеюць. Магчыма, апошнія запускі ракетаў, пра якія нам вядома, былі ў кастрычніку часткова таму, што да рэжыму Лукашэнкі давялі магчымасьць удару ў адказ. Давялося шукаць варыянты, і выглядае, што такім варыянтам сталі базы для падрыхтоўкі расейцаў.