У эканоміцы Беларусі надзімаецца крэдытная бурбалка?
Калі пачынаеш даваць грошы на падтрыманне штаноў, а не на развіццё, будзь гатовы да таго, што даваць грошы прыйдзецца ўвесь час.
Прыбытак беларускіх прадпрыемстваў падае, доля кампаній, якія працуюць без уласных абаротных сродкаў, вырасла на чвэрць. Аднак хвалявацца не трэба. Чыноўнікі, здаецца, знайшлі выхад, піша «Белорусы и рынок».
За першы квартал прыбыткі ў эканоміцы ўпалі на 12%, а страты выраслі ў паўтара раза. Але праблема не толькі ў тым, што ў цэлым па эканоміцы розніца паміж прыбыткамі і стратамі скарачаецца не ў лепшы бок. Расце колькасць прадпрыемстваў, у якіх няма абаротных сродкаў.
За першы квартал колькасць такіх прадпрыемстваў павялічылася на чвэрць. Па стане на пачатак красавіка без абаротных сродкаў працавалі паўтары тысячы беларускіх кампаній. Без абаротных сродкаў заставаліся больш за 300 прамысловых прадпрыемстваў, 40% дэвелаперскіх кампаній і 34% рытэйла.
Гэта значыць, у гэтых прадпрыемстваў грошай не было не тое што на інвестыцыі або развіццё, грошай не хапала нават на бягучую гаспадарчую дзейнасць. Скажам, каб плаціць заробкі або расплачвацца з пастаўшчыкамі.
У нармальных эканамічных абставінах прадпрыемства без абаротных сродкаў доўга функцыянаваць не можа. Яму трэба альбо зменшыць амбіцыі, — гэта значыць скараціць выдаткі разам са скарачэннем вытворчасці, альбо прызнаць сябе банкрутам з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі.
Але беларускі ўрад гэтыя наступствы дазволіць сабе не можа. У беларускага ўрада кожны завод на рахунку. Бо ў яго ёсць свае планы. І гэтыя планы самі сябе не выканаюць. Таму прадпрыемствы павінны вырабляць больш, нават калі на гэтую вытворчасць у іх не хапае грошай. І нават калі ад вытворчасці ім няма ніякай радасці, адны страты.
А праблему недахопу абаротных сродкаў яны вырашаюць немудрагелістым спосабам: даюць грошай тым, каму грошай не хапае. Праўда, даюць не наўпрост. Досвед шматлікіх дэвальвацый беларускія ўлады ўсё ж такі нечаму навучыў. Таму яны стымулююць банкі, каб ужо банкі стымулявалі эканоміку.
За чатыры месяцы гэтага года аб'ём крэдытаў, якія ўзялі беларускія кампаніі, вырас на 40%. Прычым за красавік ён павялічыўся ў паўтара раза ў параўнанні з сакавіком. Агульны доўг кампаній перад банкамі на 1 траўня склаў 54 мільярды рублёў.
І гэта, падобна, не мяжа. Прынамсі, мяркуючы па планах уладаў і банкаў. За апошні тыдзень Мінфін і тры буйныя беларускія банкі пачалі размяшчэнне даўгавых аблігацый на ўнутраным рынку на агульную суму больш чым у паўмільярда долараў.
З іх Дзяржаўны банк развіцця хоча пазычыць 1,2 мільярда рублёў. Прычым па фантастычна нізкай стаўцы — 1% гадавых.
Паводле дзіўнага супадзення, урад 30 мая павялічыў план фінансавання эканомікі Банкам развіцця на 1,15 мільярда рублёў. Гэта значыць, з тых грошай, якія банк збіраецца заняць, 50 мільёнаў пойдуць яму на аперацыйныя выдаткі, а астатняе — на фінансаванне дзяржаўных праграм.
Толькі праблема ў тым, што калі пачынаеш даваць грошы на падтрыманне штаноў, а не на развіццё, будзь гатовы да таго, што даваць грошы прыйдзецца ўвесь час. І ў выніку новыя крэдыты прадпрыемствы выдаткоўваюць на тое, каб аддаваць старыя пазыкі.
За першы квартал выдаткі на выплаты па пазыках павялічыліся на 25%.
Так што, падобна, у дадатак да ўжо наяўных схаваных праблемаў, інфляцыйнага навесу, які расце, падзення прыбыткаў і даходаў ад экспарту, з'яўляецца новая бяда. У беларускай эканоміцы надзімаецца крэдытная бурбалка.