У Беларусі адкрылі новае радовішча нафты
У сакавіку Лукашэнка не паверыў, што ў Беларусі «выпампавалі ўсю нафту», і запатрабаваў шукаць.
Новае радовішча нафты ў Кастрычніцкім раёне Гомельскай вобласці. Пра адкрыццё паведаміў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, піша БЕЛТА.
«Для пошуку новых пакладаў нафты Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі ажыццявіў працу па свідраванні свідравіны № 1 «Заазер'еўскае» на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці. Глыбіня свідравіны складае 4,2 тыс. м. Дзякуючы прымяненню тэхналогій кіслотна-салянога разрыву пласта на адзнацы 4053 м і 4069 м знойдзены прыток нафты», — распавёў Сяргей Масляк.
Ён адзначыў, што дэбіт свідравіны складае 600 л у суткі.
«У сувязі з гэтым можна казаць аб тым, што мы адкрылі новае радовішча нафты», — канстатаваў міністр.
Супрацоўнікі НПЦ па геалогіі аператыўна ўдакладняюць аб'ёмы запасаў. Па папярэдніх ацэнках, яны складаюць 152 тыс. тон нафты. Пасля таго, як гэтыя аб'ёмы пацвердзіць Рэспубліканская камісія па зацвярджэнні запасаў карысных выкапняў, радовішча будзе перададзена на дзяржаўны баланс, а далей — у работу «Беларуснафты» для прамысловай здабычы.
«Гэта праца не аднаго дня. Каб трымаць у руках ёмістасць з „беларускім золатам“, быў праведзены вялікі комплекс геолагаразведвальных работ. Гэта праца вялікага калектыва цягам трох-пяці гадоў. Сёння асноўныя месцы залягання нафты знаходзяцца ў Гомельскай вобласці — 98% нафты здабываецца менавіта тут», — падкрэсліў міністр.
Прамысловыя запасы беларускай нафты складаюць 44,7 млн. тон. «У год мы здабываем каля 1,9 млн т нафты, што складае ўсяго 15% ад неабходнасці народнай гаспадаркі. Нас чакае сур'ёзная праца ў частцы адкрыцця новых радовішчаў і даследавання ўжо разведваных. Усяго на тэрыторыі нашай краіны адкрыта 96 радовішчаў нафты, з іх 36 знаходзяцца ў працы», — рэзюмаваў Сяргей Масляк.
У сакавіку Лукашэнка паставіў задачу «інтэнсіўнага і эфектыўнага асваення радовішчаў карысных выкапняў», нагадвае «Люстэрка».
— Бывала, у савецкія часы мы здабывалі каля васьмі мільёнаў тон нафты. Я нездарма называю гэтую лічбу. Прыродныя, геалагічныя ўмовы Беларусі ўсё ведаюць. Восем мільёнаў тон мы здабывалі нафты. Сёння здабываем прыкладна два мільёны. У чым справа? Мне тлумачаць: выпампавалі ўсё. Я ў гэта не веру, — адзначыў палітык.
Тэму здабычы нафты Лукашэнка ўздымаў не раз. Так, напрыклад, у верасні 2021 года ён не выключаў, што за кошт распрацоўкі новых радовішчаў нафты ў Беларусі «у бліжэйшыя гады ўдасца нарасціць аб'ёмы здабычы гэтай сыравіны да 3-3,5 мільёна тон за год».
— Мяне вельмі цікавіць і хвалюе праблема Прыпяцкага прагіну. Нутром чую, што там у нас нафта ёсць, якую мы яшчэ не бачым, — заяўляў Лукашэнка.