Куды беларусы трацяць грошы? Крыху дзіўная статыстыка ўзрослых заробкаў

Іншым разам лічыць чужыя грошы вельмі карысна. Таму эканамісты заўсёды з асаблівай цікавасцю глядзяць на тое, што называецца «спажывецкімі паводзінамі насельніцтва», за тым, як людзі зберагаюць і расходуюць свае сродкі. Асаблівасці гэтага працэсу могуць шмат сказаць пра эканамічнае становішча ўсёй краіны.

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas__2__logo_1.jpg

Маніторынг стаўлення насельніцтва Беларусі да буйных пакупак і пераважных формаў зберажэння рэгулярна праводзіць Нацыянальны банк. Раней банкаўскі рэгулятар ахвотна дзяліўся атрыманымі звесткамі, аднак, цяпер, як і многае ў беларускай статыстыцы, гэтая інфармацыя знікла з агульнага доступу.

Для таго каб папоўніць гэты прабел, праект «Вашы грошы» рэгулярна праводзіць анлайн-апытанні чытачоў. Вядома, гэтая выбарка не вельмі рэпрэзентатыўная, але яна дазваляе рабіць некаторыя высновы і адсочваць дынаміку зменаў. Чарговае апытанне было праведзенае ў красавіку бягучага года.

Спачатку звернемся да буйных пакупак. Больш за траціну апытаных зусім не зрабілі буйных пакупак за апошнія тры месяцы, — гэта самы папулярны варыянт адказу. Характэрна, што падобныя вынікі назіраліся і ў папярэдніх апытаннях.

Гэта пры тым, што цяпер узровень сярэдніх заробкаў у Беларусі як ніколі высокі, кошты штучна кантралююцца, а крэдытаванне застаецца шырокадаступным.

Адзначым спад цікавасці да пакупак тэлефонаў і кампутарнай тэхнікі. Тут пік попыту прыходзіўся на канец мінулага года, і, верагодна, купіўшы ўсё неабходнае пад Новы год, беларусы пераключыліся на іншыя віды буйных пакупак. Напрыклад, прыкметны цяпер попыт на аўтамабілі, іх куплю або рамонт. Таксама істотна выраслі выдаткі на адпачынак. У першым выпадку попыт падтрымліваецца пашыранымі праграмамі крэдытавання насельніцтва, а ў другім — набліжэннем сезона адпачынкаў і набыццём тураў загадзя.

Акрамя таго, кожны дзясяты апытаны адзначыў у якасці буйной куплі ўкладанні ў набыццё або рамонт нерухомасці. Цяпер беларускі рынак нерухомасці вельмі дынамічны. З аднаго боку, на яго ціснуць пакупнікі, якія маюць павышаныя заробкі і даступныя крэдыты, з другога – міграцыя вывела на рынак нерухомасці шмат аб'ектаў.

Укладваючыся ў нерухомасць, людзі, якія маюць грошы, імкнуцца як мага боль надзейна абараніць сродкі ад магчымых рызык.

pokupki1.jpg

Звыклага раней безумоўнага даверу да куплі замежнай валюты цяпер не назіраецца — банкі прапануюць вельмі нізкія працэнтныя стаўкі па валютных дэпазітах, а абмежаванні па разліках і пераводах працягваюць дзейнічаць і нават пашырацца.

Як мы пераканаліся, высокія заробкі пакуль істотна не змянілі пакупніцкіх пераваг беларусаў. Аказалася, не змянілі яны і ашчадныя стратэгіі. Пераважная большасць апытаных аддае перавагу зберагаць у наяўнай форме.

Важна адзначыць, што мы бачым нізкі давер да такіх формаў зберажэння, як банкаўскія дэпазіты або аблігацыі. У вачах насельніцтва рызыкі банкаўскай сістэмы перавешваюць рызыкі абясцэнення наяўных сродкаў у выніку інфляцыі. Характэрна таксама, што чвэрць апытаных наогул не змагла адказаць на пытанне аб форме зберажэнняў. Гэта добра ілюструе высокі ўзровень нявызначанасці ў эканоміцы.

Такім чынам, нягледзячы на рост заробкаў і афіцыйную нізкую інфляцыю, беларусы не спяшаюцца мяняць пакупніцкія і ашчадныя звычкі. Многія выдатна разумеюць, што статыстыка хлуслівая, бягучы рост нестабільны, а перспектывы імглістыя. А ўсё таму, што «цар несапраўдны».