Паміж жаданым і сапраўдным: сякера супраць тэлевізара
Чым далей, тым больш віртуальная «Беларусь у тэлевізары» адрозніваецца ад той Беларусі, якая «на вуліцы». Пры гэтым улады прыкладаюць вялікія намаганні, каб пераканаць, перш за ўсё, сябе ў тым, што сапраўдная Беларусь — менавіта ў тэлевізары. Ну і заадно і нас з вамі. Але неяк не атрымліваецца.
«Узмацніць і паглыбіць» працу запатрабаваў Лукашэнка ў Магілёве на форуме, арганізаваным для дзяржпрапагандыстаў. Лукашэнка звыкла казаў пра «інфармацыйную вайну» і «пагрозы». «Ведаю, што нерв эпохі інфармацыйнага проціборства, або так званай вайны сэнсаў, вы адчуваеце як ніхто іншы. Вы гэтым жывяце. У гэтай рэальнасці вы — і байцы, і абаронцы, і стратэгі, і тактыкі, а інфармацыя — гэта і рэсурс, і тавар, і зброя», — сказаў ён.
Мне вось цікава, у нас ёсць наогул што-небудзь, што не вызначаецца словам «вайна»? Добра, мы даўно прывыклі да «бітвы за ўраджай», Лукашэнка ўжо гады тры патрабуе ў вытворчасці «навесці ваенную дысцыпліну», настаўнікі і журналісты для яго — «байцы ідэалагічнага фронту», практычна ўсе вакол, акрамя Расіі — «ворагі», і гэтак далей. Пра што б не казаў Лукашэнка апошнім часам — усё зводзіцца да «пагроз», «вайны», і нават Усебеларускі народны сход — гэта не сход вартых жалю «ябацек», а «палітычная ядзерная зброя».
І калі раней можна было падумаць, што дзядуля ў дзяцінстве проста не нагуляўся ў салдацікі, то цяпер падобная мілітарызацыя выклікае трывогу. Як мы пераканаліся на ўласным досведзе, гвалт спараджае гвалт, а і стрэльба, якая вісіць на сцяне, непазбежна стрэліць. І калі ўвесь час шукаць ворагаў — ворагі з’явяцца, і зусім не віртуальныя.
Праўда, «байцам і абаронцам» той самай «вайны сэнсаў» моцна перашкаджае аб'ектыўная рэальнасць. Якую б прыгожую карцінку яны не спрабавалі стварыць, усё роўна знаходзіцца «лыжка дзёгцю», якая ставіць пад сумнеў усю іх працу.
Напрыклад: Мінэканомікі ў траўні правяло апытанне кіраўнікоў буйных прамысловых прадпрыемстваў. Паводле гэтага апытання, у нас проста ласка божая. Кіраўнікі чакаюць рост аб'ёмаў вытворчасці, павелічэнне цэн на сваю прадукцыю, павелічэнне ўзроўню занятасці, рост прыбытку (яго чакаюць больш за траціну), рост каэфіцыента загрузкі вытворчых магутнасцяў. Траціна апытаных заявілі аб скарачэнні запасаў гатовай прадукцыі, і ўвогуле, можа падавацца, што прамысловасць Беларусі проста «ў шакаладзе».
Такія вынікі апытання не здзіўляюць, калі ты ведаеш, што гэтае апытанне, па сутнасці, праводзіў начальнік сярод падначаленых. У нас жа практычна ўсе буйныя прадпрыемствы — дзяржаўныя. І прызнацца ў дзяржаўнай апытанцы, што ты чакаеш чагосьці негатыўнага — гэта значыць распісацца ва ўласнай некампетэнтнасці. Ці, што цяпер значна страшней для кіраўнікоў — у нелаяльнасці. Заявіць пра тое, што «павелічэнне цэн на сваю прадукцыю» немагчыма ва ўмовах жорсткай замарозкі гэтых самых цэн — гэта ж паставіць пад сумнеў палітыку чалавека, які сваім загадам павышэнне коштаў забараніў. А адсюль недалёка і да турмы.
Сто разоў ужо напісана пра тое, чаму аптымістычныя вынікі апытання кіраўнікоў — як мінімум фантазіі. Загрузка вытворчых магутнасцяў — на максімуме, таму рост аб'ёмаў вытворчасці немагчымы. Кошт вытворчасці расце з-за імпарту, прыбытак прадпрыемстваў падае з-за той самай замарозкі цэн, «склады трашчаць» і ўсё такое, паўтарацца няма чаго. Але толькі адзін факт адразу кажа пра сапраўдны стан нашай прамысловасці.
Падчас наведвання Аршанскага завода «Легмаш» Лукашэнка даручыў КДК узяць на кантроль арганізацыю на прадпрыемстве вытворчасці... сякер! Сякер, Карл! Мы сякеру не можам зрабіць без таго, каб за плячыма не стаяў Камітэт дзяржкантролю!
Пры гэтым Лукашэнка дае даручэнне зрабіць айчынную сякеру не горай за імпартную ўжо не ў першы раз. Значыць, дагэтуль яго даручэнне выканана не было.
Сякеру! Мы не можам зрабіць сякеру! Пра якую прамысловасць у нас увогуле ідзе гаворка! Што далей мы будзем «імпартазамяшчаць»? Рыдлёўкі? Граблі?
Мабыць, адзінае, што мы вырабляем якасна і хутка — гэта грошы. Але выхваляцца гэтым наўрад ці варта, бо на тыдні яшчэ адзін беларускі банк заявіў пра дэфолт. Беларускі ўрад дазволіў беларускаму ж «Банку развіцця» выконваць свае абавязацельствы па еўрааблігацыях у беларускіх рублях. Пры гэтым выплаты ў беларускіх рублях могуць атрымаць трымальнікі аблігацый з краін, якія не ўключаны ў пералік «недружалюбных».
Які механізм будзе выкарыстаны «Банкам развіцця», не паведамляецца, паколькі нават дружалюбныя расійскія інвестары да гэтага часу не могуць атрымаць свае выплаты па беларускіх еўрааблігацыях з «Беларусбанка».
Адначасова той жа Саўмін даручыў аказаць гуманітарную дапамогу Зімбабвэ на 1,24 млн рублёў. Мінздароўя, Мінпраму, Мінсельгасхарчу і Беллегпраму даручана даць тавары для аказання дапамогі, а МНС — арганізаваць іх дастаўку пры садзейнічанні МЗС.
Так, такімі метадамі мы сапраўды можам і разгрузіць склады, і павялічыць аб'ёмы вытворчасці. Праўда, незразумела, што там з прыбытковасцю, бо тавары мы аддаем «за так». Але два паказчыка будуць выкананыя.
Ну і, вядома, ёсць пытанне з дастаўкай, паколькі Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі ў Люксембургу разгледзеў пазоў авіякампаніі «Белавія» супраць Савета ЕС, у якім кампанія патрабавала зняць з яе санкцыі, і пакінуў рашэнне Савета ЕС аб санкцыях у дзеянні. Цяпер «Белавія» яшчэ павінна і судовыя выдаткі аплаціць.
Нагадаем, што ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да «Белавія» ў снежні 2021 года за тое, што «Белавія» ў прамысловых маштабах занялася дастаўкай у Беларусь мігрантаў, якія потым штурмавалі мяжу з Еўрасаюзам.
І нават праца «байцоў і абаронцаў» беларускай інфармацыйнай прасторы таксама атрымала адзнаку, не толькі ад Лукашэнкі. Праваабарончая арганізацыя Article 19 апублікавала Тhe Global Expression Report 2024. Article 19 — гэта 19-ты артыкул Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, які забяспечвае свабоду слова. А апублікаваны Report — гэта рэйтынг свабоды слова ў свеце.
І Беларусь у ім заняла чацвёртае месца. З канца. Ніжэй нас толькі Нікарагуа, Эрытрэя і КНДР. Мы перагналі па гэтым паказчыку нават Туркменістан з культам асобы «Туркменбашы», краіну, якая знаходзілася ў «крызіснай» для свабоды слова зоне ад пачатку складання гэтага рэйтынгу.
Праца прапаганды — гэта адлюстраванне агульнага стану краіны. Як і ўся беларуская эканоміка, дзяржаўная прапаганда можа быць эфектыўнай толькі ва ўмовах адсутнасці канкурэнцыі. Калі ёсць хоць найменшая альтэрнатыва — прапаганда сыплецца. Як пасыпаліся продажы беларускіх тавараў у Расіі пасля таго, як туды прыйшоў Кітай.