Аляксей Кароль. Сапраўды эфектыўны менеджар
Іншым разам падаецца, што калі-небудзь мы зойдзем у нашую рэдакцыю і пабачым шчырую, нібыта з хітрыкам, усмешку нашага былога галоўнага рэдактара і цудоўнага чалавека… А потым разумееш, што і да офісу рэдакцыі нам вельмі далёка, і нашага цудоўнага ва ўсіх сэнсах чалавека ўжо няма з намі.
Можа быць, некаму становіцца млосна, але ў той жа час ты адчуваеш — трэба працаваць далей. Каб не падводзіць таго, хто, я ўпэўнены, назірае за намі і перажывае за нас — там, на нябёсах.
Сёння нашаму былому рэдактару, Аляксею Каралю, магло б споўніцца 79 гадоў, і амаль дзевяць гадоў яго няма з намі. І тым не менш, калі нам млосна, сумна, і падаецца, што працягваць гэтую справу ўжо няма чаго — заўсёды думаеш, як бы паглядзеў на цябе Аляксей Сцяпанавіч.
* * *
А паглядзеў бы ён здзіўлена: «Што такога ты не можаш зрабіць, чаго не рабіў раней, чаго не рабіў я?» Будзем шчырымі: незалежная журналістыка ў Беларусі ніколі не мела добрых часоў. Нават, падаецца, «блаславёны» ў сэнсе дэмакратыі пачатак 1990-х быў не вельмі добрым. Таму што з аднаго боку — свабода слова, а з іншага — кебічаўская цэнзура (не будзем забываць закрыццё радыё «Беларуская маладзёжная» і «Крыніца» — гэта было крыху раней за Лукашэнку) і агульны эканамічны крызіс, які, зразумела, не спрыяў развіццю СМІ.
Тым не менш, у ліпені 1992-га пачынае выходзіць газета «Згода» — адно з найпершых незалежных выданняў Беларусі. Адным з заснавальнікаў, а потым і галоўным рэдактарам (з 1995 года) быў Аляксей Кароль.
Пры гэтым газета была партыйным друкаваным органам: у першым нумары абвяшчалася, што «штотыднёвік узнік паводле волі Савета Партыі народнай згоды». «Партыя праз газету будзе падтрымліваць сувязі са сваімі прыхільнікамі, актывам, распачне дыялог з шырокімі коламі грамадства, з іншымі палітычнымі і непалітычнымі аб’яднаннямі Беларусі», — гаварылася ў перадавіцы.
Азіраючыся на савецкую партыйную прэсу (а другой у СССР і не было, і іншага досведу, адпаведна, таксама), што штотыднёвік стане гэткім «органам ЦК КПСС», толькі з папраўкай на ПНЗ. Але Аляксей Кароль прадбачыў, што такая «партыйная» прэса — шлях у нікуды. Таму, фармальна з’яўляючыся партыйнай, «Згода» была нармальным грамадска-палітычным выданнем, дзе мелі мажлівасць выказвацца людзі самых розных палітычных поглядаў.
Што, дарэчы, і выратавала выданне ў 1997-м, калі Партыю народнай згоды захапілі лукашысты. І вось тады сапраўды выявілася прадбачлівасць Караля — і ў тым, што заснавальнікам «Згоды» быў «калектыў рэдакцыі», і ў тым, што газета была сапраўды грамадска-палітычнай, а не «органам ПНЗ». У выніку «Згода» перажыла «волю Савета ПНЗ» амаль на 10 гадоў, і была зліквідаваная ў 2006-м.
Азіраючыся назад, складана ўявіць, што мы насамрэч перажылі. У адной толькі «Згоды» было некалькі ператрусаў, судовых пазоваў, «расстрэльных» для выдання штрафаў па «абароне гонару і годнасці», забароны на распаўсюд, «папярэджанні» Міністэрства інфармацыі і розныя «перарэгістрацыі». І ўсе — з палітычным падтэкстам і імкненнем зачыніць непакорлівае выданне. Урэшце адна з такіх спробаў скончылася ўдала, і ў сакавіку 2006 года «Згода» была зліквідаваная рашэннем Вышэйшага эканамічнага суда.
Падавалася б — усё. Сакавік 2006-га — гэта час «намётавага гарадка» на Кастрычніцкай плошчы, якую пратэстоўцы перайменавалі ў «Плошчу Каліноўскага». Гэта жорсткія зачысткі СМІ і Аляксандр Казулін у палітвязнях. Гэта новы віток рэпрэсій, і, дарэчы, менавіта ў 2006-м супраць дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі і светлашумавыя гранаты. І ўжо гадоў пяць як зарэгістраваць незалежнае выданне, дый яшчэ і грамадска-палітычнае было немажліва.
У такой сітуацыі любы чалавек апусціў бы рукі і сказаў: «Пайшло яно ўсё, як тут змагацца?» Але толькі не Аляксей Кароль, які вынайшаў сапраўды элегантнае выйсце — знаходзіць зарэгістраванае, але не дзеючае выданне Таварыства беларускай мовы, і бярэ яе пад сваю апеку, перацягваючы ў яго амаль увесь калектыў «Згоды».
Няшмат хто ведае, што «Новы час» быў зарэгістраваны яшчэ ў 2002-м, але да траўня 2006-га выйшла ўсяго 48 нумароў выдання. А звыклы штотыднёвік «Новы час» пачаўся ад 2007-га, ад з’яўлення ў ім Аляксея Караля і яго каманды.
У 2008-м годзе Аляксей Кароль становіцца пераможцам Міжнароднага конкурсу журналістаў імя Найта, а ў 2009 атрымлівае ўзнагароду «Вольная прэса ва Усходняй Еўропе» ад Фонда Цайт (Германія) і Фонда Вольнага Слова (Нарвегія). Уручэнне праходзіла, дарэчы, у Нарвежскім Нобелеўскім Інстытуце.
Падавалася б, змаганне за свабоду слова, за вольную прэсу і так адымала ўвесь яго час і высілкі — ад самага пачатку «Новы час» быў пазбаўлены распаўсюду праз манапалістычныя дзяржаўныя «Белсаюздрук» і «Белпошту». Але Аляксей Сцяпанавіч ніколі не пераставаў марыць пра будучыню. Ён шмат разважаў пра тое, што Беларусі, напрыклад, не стае грамадска-палітычнага часопіса кшталту The Economist. Стварыць такі часопіс было яго марай. І ў той жа час ён разумеў, што такі праект магчымы толькі ў дэмакратычнай Беларусі.
Увогуле, яго праекты, нягледзячы на тое, што мелі ці то «партыйны», ці то «НДАшны» грунт, выходзілі далёка за гэтыя вузка абмаляваныя межы. І пры гэтым, як ні дзіўна, быў прыхільнікам друкаванага выдання, і нават недзе недаацэньваў патэнцыял Інтэрнэту. Ён неяк казаў, што сайт такога грамадска-палітычнага выдання, як «Новы час», сайт выключна на беларускай мове набярэ дзве з паловай, максімум тры тысячы наведвальнікаў на месяц.
Шкада, што ён не дажыў да 2020-га, калі сайт выключна на беларускай мове атрымаў у сто разоў больш наведванняў за тую лічбу, якую ён лічыў максімальнай. І мы сапраўды можам сказаць «дзякуй» Аляксею Сцяпанавічу і за ягоны кансерватызм і прыхільнасць да папяровага выдання — асабліва ў 2020-м і 2021-м, калі «НЧ» стаўся ці не адзінай недзяржаўнай газетай, якая даходзіла ў турмы да палітвязняў.
Аляксей Сцяпанавіч памёр 12 верасня 2015 года ад раку, з якім да апошняга змагаўся. І яшчэ ў чэрвені 2015-га выпусціў дакументальны фільм «1990-я: Як гэта было, і які шлях мы не прайшлі».
Але дагэтуль мы беражэм яго спадчыну. І калі хочацца апусціць рукі і ўсё паслаць далёка, задаемся пытаннем: «А што б сказаў Аляксей Сцяпанавіч?». Уяўляем шчырую, але нібыта з хітрыкам усмешку нашага былога галоўнага рэдактара і цудоўнага чалавека, і… Працуем. І рухаемся далей. Каб там, на нябёсах, Аляксей Сцяпанавіч мог бы намі ганарыцца.