«Склады трашчаць, унутраны рынак аддаём». Лукашэнка «выкрыў» правалы ў прамысловасці

Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка праводзіць нараду аб працы прамысловасці, паведамляе яго прэс-служба. Як ні дзіўна, але яго рыторыка вельмі моцна адрозніваецца ад пераможных рэляцый чыноўнікаў аб гераічных поспехах як у гэтай галіне, так і ў эканоміцы ў цэлым.

file_1_1.jpg

У пэўным сэнсе выступ Лукашэнка атрымаўся гаротным, бо «ўсё дрэнна». Не, ён, канешне, адрапартаваўся і пра поспехі, але ўзровень крытыкі прамысловасці ад галоўнага айчыннага прамыслоўцы пераўзышоў усе чаканні.

Пра поспехі, напрыклад, ён згадаў у электроніцы, у выпуску легкавых і грузавых аўтамабіляў, камбайнаў. Сказаў, што прадпрыемствы «Планар», «Інтэграл» і «БелОМА» «цалкам сфарміравалі партфель экспартных заказаў на бягучы год і часткова на 2025-ы».

«Але што з іншымі прамысловымі гігантамі? — перайшоў да «жэсташайшай» крытыкі. — Чаму скараціліся аб'ёмы выпуску халадзільнікаў, трактароў, пагрузчыкаў, рухавікоў? Больш чым на чвэрць прасеў «Бабруйскаграмаш». Толькі на 12% у 2023 годзе быў загружаны Мінскі падшыпнікавы завод. Мы маем шматгадовы досвед працы ў станкабудаванні — найважнейшай галіне ў любой індустрыяльнай эканоміцы. А сёння якая сітуацыя тут? Дзе выкарыстанне сучасных тэхналогій, такіх як штучны інтэлект, рабатызацыя?»

«Усяго гэтага няма, — шчыра прызнаў кіраўнік на 30-м годзе свайго ўнікальнага адзінаасобнага ўпраўлення. — Але што самае сумнае, няма бачання перспектывы. Таму я чакаю ад вас канкрэтных прапаноў, як будзем выпраўляць сітуацыю».

Традыцыйна Лукашэнка паўтарыў мантры пра залатыя гандлёвыя нішы горы ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі.

«Вырабіць добра. Гэта мы ўмеем сяк-так. Якасна, няякасна, дорага, танна — вырабілі. Але галоўнае пытанне — рэалізаваць прадукцыю і атрымаць грошы», — выказаў ён думку, вартую Нобелеўскай прэміі па эканоміцы.


Глядзіце таксама

«Аднак па далёкім замежжы сітуацыя нашмат горшая. Аб'ём продажаў склаў менш за 20% у адносінах да дасанкцыйнага 2021 года. Не выкананыя планы па экспарце ў дружалюбныя краіны далёкай дугі. У Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Азіі сёння велізарны попыт на прамысловую прадукцыю. Тут трэба шчыльна працаваць і займаць свае нішы. І перш за ўсё на афрыканскім кантыненце», — заявіў дакладчык.

«Чаму пасля ўсіх праведзеных перамоў на вышэйшым узроўні мы не працуем з Экватарыяльнай Гвінеяй? Відавочна ж, трэба ісці далей, пашыраць супрацоўніцтва. І разумець, што наша стратэгічная задача — стварэнне сумесных зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі ў апорных краінах», — дадаў так, нібыта грошы вось жа яны, у Гвінеі, Міністэрства прамысловасці забыла пра існаванне такога заможнага гандлёвага партнёра.

Канстатаваў: ва ўмовах санкцый пастаўкі пераарыентаваныя на рынкі «дружалюбных краін», у першую чаргу на традыцыйны рынак «брацкай Расіі». Але, як выявілася, і там праблемы.

Паводле слоў Лукашэнкі, «нягледзячы на тое, што больш за 90% прадукцыі ідзе на рынак Расіі, беларускія вытворцы губляюць там пазіцыі па традыцыйных таварах, якія заўсёды карысталіся попытам за свае якасць і надзейнасць».

«Мне дакладваюць, што сёння айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці. Па цане яшчэ вытлумачальна. Але чаму па якасці? Экспарт беларускіх трактароў у 2023 годзе скараціўся на 18%. Доля нашых трактароў у расійскім імпарце знізілася да мінімальных за апошняе дзесяцігоддзе 10,5%, грузавых аўтамабіляў — да 6%», — прывёў сумную статыстыку, якая, здаецца, раней не агучвалася.


Глядзіце таксама

Тыя ж пагрозлівыя тэндэнцыі, паводле яго слоў, складваюцца і на «Атланце», дзе аб'ёмы экспарту халадзільнікаў і маразільнікаў амаль у два разы. «Што перашкаджае прадаваць прадукцыю? Кітай, Індыя і іншае — дык вы прывыкайце да канкурэнцыі. Канкурэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. Дайшлі да таго, што сістэматычна ўзнікаюць прастоі, а людзей адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі. Мы губляем рынак. Чаму?»— задаў рытарычнае пытанне стратэг, які за трыццаць гадоў так і не правёў аніякіх эканамічных рэформ.

«Вельмі негатыўная тэндэнцыя — унутраны рынак аддаем канкурэнтам, — гэта ўжо загучала ўвогуле панічна. — За гэта ўрад адкажа галавой. Нягледзячы на наяўнасць шырокай лінейкі айчыннай тэхнікі, да гэтага часу закупляем імпартныя аналагі. І гэта не адзінкавыя выпадкі. Летась толькі трактароў набылі больш за тысячу адзінак. На гэта было выдаткавана амаль 40 млн долараў».

Лукашэнка спытаў, якія меры прымаюцца па абароне ўнутранага рынку і адзначыў: «Пакуль як следства ўсіх пазначаных негатыўных тэндэнцый — праблемы з рэалізацыяй. Склады трашчаць ад гатовай прадукцыі. Складскія запасы за 2023 год выраслі амаль на чвэрць. Профільны віцэ-прэм'ер мяне «закалыхвае»: гэта нармальна, заўсёды так было — і ўчора, і пазаўчора, мы тут цяпер усё гэта прададзім. Але мы ж перыяд да перыяду ацэньваем гэтыя запасы. А колькі тэхнікі знаходзіцца на пляцоўках у дылераў, якія для многіх сталі дадатковым складам за мяжой? За гэтую шырму чарговы раз нікому схавацца не атрымаецца».

Загаварыўшы пра МТЗ, Лукашэнка шчыра прызнаў: на складах гандлёвых дамоў прадпрыемства — амаль 6,5 тыс. адзінак тэхнікі, а гэта больш чым двухмесячны аб'ём вытворчасці. «Вось і «аб'ёмы» вытворчасці, і ваш «экспарт», — пераклаў адказнасць на маўклівых чыноўнікаў.


Глядзіце таксама

Чарговы раз трапілі пад гарачую руку і айцішнікі — прадстаўнікі індустрыці, фактычна разбуранай рэпрэсіямі і саўдзелам рэжыма ў вайне ва Украіне. Лукашэнка папракнуў іх вельмі нечакана, сказаў, што стварэнне «айчыннага софту» і яго ўкараненне павінны стаць «безумоўнай першачарговай задачай для нашых распрацоўшчыкаў».

«Пакуль па гэтым напрамку наогул нічога не робіцца. Як карысталіся заходнім праграмным забеспячэннем, так і працягваем», — абурыўся чалавек, якога хутка могуць назваць і галоўным айцішнікам.

Ёсць праблемы з імпартазамяшчэннем і ў іншых сферах: Лукашэнка прызнаў выкарыстанне на некаторых прадпрыемствах так званай «адвёрткавай зборкі», але «толькі ў пачатку новай вытворчасці».

«Трэба выбудаваць надзейную абарону ад любых знешніх фактараў — яшчэ адна задача для ўсіх. Вось чаму так жыццёва важна імпартазамяшчэнне, якім трэба займацца пастаянна», — падкрэсліў Лукашэнка.

Гэтую задачу ён назваў «прыярытэтам прыярытэтаў», а прысутныя на нарадзе кіўнулі і паслухмяна запісалі.