Куды знікаюць беларускія айцішнікі і як гэта адбіваецца на эканоміцы?

Па афіцыйных даных, колькасць работнікаў ІТ-галіны за 2023 год скарацілася на 16%. Агульная лічба спецыялістаў аказалася на мінімальным за апошнія пяць гадоў узроўні, піша «Наша Ніва».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Скаціліся на 5 гадоў назад

Паводле папярэдніх звестак, за мінулы год лічба занятых у ІТ скарацілася на 17,6 тысячы чалавек. Апошні раз прыкладна столькі людзей працавала ў галіне ў 2019 годзе.

Пікавым і адначасова апошнім годам, калі ў беларускім ІТ назіраўся прырост занятых, быў 2021 год. Тады ў гэтай сферы працавалі 108 тысяч спецыялістаў. Па выніках 2023 года такіх засталося каля 88 тысяч.

Скарачэнне колькасці занятых у галіне тлумачыцца адтокам кампаній і спецыялістаў у іншыя краіны. Галоўным чынам у Польшчу і Літву.

Акрамя таго, частка кампаній, якія фармальна застаюцца ў Беларусі, скарацілі колькасць супрацоўнікаў беларускіх падраздзяленняў. Ад поўнага сыходу некаторых з іх утрымлівае толькі беларускае заканадаўства, якое не дазваляе ім гэта зрабіць.

Глядзіце таксама

Беларусь — губляе, а Польшча — прымае

За кошт скарачэння айцішнікаў у Беларусі, іх колькасць, як і колькасць кампаній з беларускімі каранямі, расце ў суседніх краінах. Найперш у Польшчы.

Паводле звестак Цэнтра эканамічнай інфармацыі на 2023 год, у Польшчы налічвалася 412 ІТ-кампаній з беларускім капіталам. Для параўнання, у 2021 годзе такіх было 164.

Па інфармацыі Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA), толькі летась у Польшчы з'явілася 124 ІТ-кампаніі з беларускім каранямі. Усяго прадстаўнікі ІТ-галіны складаюць каля 8% ад агульнай колькасці беларускага бізнэсу ў Польшчы.

У цяперашні час IT займае другое месца па папулярнасці, саступаючы па колькасці толькі сферы «транспарт і лагістыка».

У Літве ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі рэгулярна займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў спісе найбольш буйных падаткаплацельшчыкаў у галіне, але прыток новых у гэтую краіну амаль спыніўся. 

Летась у Літве з'явілася толькі дзве новыя ІТ-кампаніі з беларускім капіталам (паводле інфармацыі ABBA). У 2022 годзе такіх было 11, а ў 2021 — 17. Усяго ў Літве працуе 62 ІТ-кампаніі з беларускім капіталам.

Агулам у Літве беларусамі зарэгістравана 833 юрыдычныя асобы.

У Латвіі і Эстоніі беларускі бізнэс амаль не прырастае, паколькі гэтыя краіны спынілі выдачу новых ДНЖ грамадзянам Беларусі, апроч гуманітарных выпадкаў.

Віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Серж Наўродскі адзначае, што асноўнай і ледзь не адзінай краінай, дзе беларускія ІТ-кампаніі працягваюць даволі масава з'яўляцца, застаецца Польшча.

«Рэлакейт беларускага ІТ, як і адкрыццё іншых бізнэсаў, у краінах Балтыі амаль спыніўся. Напрыклад, за 2023 год у Эстоніі з'явілася ўсяго 9 новых юрыдычных асоб з беларускім капіталам, у Латвіі — 10. Крыху лепш сітуацыя ў Літве, там летась беларусы зарэгістравалі 58 кампаній.

Паколькі Польшча на бягучы момант застаецца найбольш спрыяльнай краінай для легалізацыі, то большасць інвестараў як з ІТ, так і з іншых галін выбірае менавіта яе».

Глядзіце таксама

Як гэты працэс адбіваецца на беларускай эканоміцы?

Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, дзе наша краіна стала суагрэсарам, ІТ з'яўлялася адным з асноўных драйвераў росту беларускай эканомікі. Да 2022 года колькасць людзей, занятых у галіне, імкліва расла.

Так, напрыклад, па выніках 2019 года, прырост склаў 12,7%, у 2020-2021 гадах — 9,9 і 9,7% адпаведна.

Аднак, ужо па выніках 2022 года колькасць занятых скарацілася на 2,2%.

Скарачэнне колькасці занятых у ІТ — адчувальная праблема для эканомікі

Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што ІТ у Беларусі працягвае знаходзіцца ў стагнацыі.

«Асноўны адток кадраў назіраўся ў 2022-2023 гадах, калі з Беларусі рэлакаваліся не толькі асобныя супрацоўнікі, а цэлыя кампаніі. Сёння рэлакацыя айцішнікаў мае павольны характар», — адзначае Лузгіна.

На думку эканаміста, сёлета мы будзем назіраць зніжэнне тэмпаў скарачэння занятых у ІТ.

«Большасць тых, хто хацеў з'ехаць і быў гатовы да гэтага, ужо зрабілі гэта. Па шэрагу прычын усе айцішнікі не могуць рэлакавацца, таму большая частка ўсё ж застанецца жыць і працаваць у краіне. Тым не менш, скарачэнне колькасці занятых у ІТ-сферы са 108 тысяч у 2021 годзе да 88 тысяч у 2023-м з'яўляецца адчувальным для эканомікі.

У 2022 годзе негатыўны ўклад у прырост ВУП ад ІТ склаў 0,9%, у 2023 годзе — мінус 0,3%.

Таксама амаль у два разы ў параўнанні са студзенем 2022 года скарацілася доля ІТ-сектара ў ВУП. У апошнім даваенным месяцы на ІТ прыпадала 7% у ВУП Беларусі, у студзені 2023 — 5,6%. У студзені гэтага года доля ІТ у ВУП знізілася да 3,8%», — адзначае Лузгіна.

Глядзіце таксама

На думку эксперта, калі б Беларусь не стала суагрэсарам у вайне Расіі супраць Украіны, ІТ-сектар працягнуў бы расці і развівацца, хоць і не такімі тэмпамі.

«Агульнасусветны трэнд такі, што рост у ІТ з 2023 года ўжо не такі імклівы, таму нават без ваеннага фактару нам наўрад ці б удалося мець прырост па колькасці занятых у 10% на год, але ён быў бы.

«Праблемы ў беларускім ІТ абумоўлены тым, што, па-першае, многія заказчыкі не хочуць працаваць з кампаніямі з таксічнай юрысдыкцыяй, па-другое — праз тое, што існуюць складанасці з правядзеннем разлікаў», — адзначае эксперт.

Беларусь губляе людзей з высокімі даходамі, якія трацілі грошы ўнутры краіны. Многія з'ехалі разам з сем'ямі, што будзе мець доўгатэрміновы негатыўны эфект не толькі для эканомікі, але і для дэмаграфіі.