Аляксандр Класкоўскі: Гэтай уладзе вечна ўсе павінны

Учора Лукашэнка вучыў прамыслоўцаў, як працаваць лепш. «Што рабіць, увогуле зразумела. Чаму тармозім?» — задаўся пытаннем прамоўца. Але, вядома ж, ніхто ў зале не мог адказаць як ёсць: тармозім, бо палітычны рэжым у нас стварае праблемы на роўным месцы.

_belarus_zyccjo_2024_fota_novy_czas_logo.jpg

На вялікай нарадзе па прамысловасці 9 сакавіка кіраўнік распякаў падначаленых такім тонам, быццам учора прыйшоў да ўлады і вымушаны цяпер чысціць чужыя аўгіевы стайні. Але хто перашкаджаў навесці парадак у эканоміцы за амаль тры дзесяцігоддзі ў руля дзяржавы, ды яшчэ маючы царскія паўнамоцтвы, задаецца пытаннем у «Позірку» палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Аднак правадыр рэжыму, наадварот, наламаў дроў, асабліва пачынаючы з 2020 года. Ён абрынуў заходні вектар як у палітыцы, так і ў эканоміцы.

Праклятыя буржуіны баяцца канкурэнцыі?

Лукашэнка мімаходзь адзначыў, што ў апошнія гады знешні гандаль арганізацый Мінпрама характарызаваўся вымушаным сыходам з заходніх рынкаў, адбылося «разбурэнне кааперацыйных сувязяў з заходнімі пастаўшчыкамі». У іншым месцы прагучала: «Кожная крытычная пазіцыя паказвае нашы слабыя месцы. Менавіта па іх канкурэнты потым б'юць санкцыямі».

Гэта адна з яго любімых падтасовак: падмяняць сапраўдныя прычыны кепскіх стасункаў з Захадам выдуманымі. Маўляў, мы такія магутныя і перадавыя, што праклятыя буржуіны не могуць з намі канкураваць на сусветных рынках сумленна. А таму паскудзяць.

Так, але чаму ў 2016-м Еўрасаюз скасаваў практычна ўсе санкцыі супраць афіцыйнага Мінска і ахвотна з ім гандляваў, не думаючы забіваць канкурэнта? Ці не таму, што Лукашэнка выпусціў усіх палітвязняў перад выбарамі 2015 года і (такая рэдкасць!) нікога не пасадзіў пасля іх?

Еўропа з задавальненнем купляла недарагі беларускі бензін і іншыя нафтапрадукты. Літва радавалася прыбыткам ад перавозкі беларускіх грузаў, перш за ўсё калію, па сваёй чыгунцы і ад іх перавалкі ў порце Клайпеды. І зусім не думала закрываць памежныя пераходы. Якая канкурэнцыя? І вам добра, і нам добра.

На новыя ж санкцыі Еўрасаюз пайшоў без усякага захаплення, паколькі гэта дручок аб двух канцах. Але давялося рэагаваць на ввыкрутасы рэжыму — жорсткае падаўленне мірнага паўстання 2020 года, велізарную колькасць палітвязняў, прымусовую пасадку самалёта Ryanair, арганізацыю наплыву нелегалаў на межы ЕС, саўдзел у агрэсіі супраць Украіны…

І пры чым тут эканамічная канкурэнцыя? Санкцыйныя беды абрынуліся на галовы прамыслоўцаў таму, што іх кіраўнік не захацеў сумленна лічыць галасы ў 2020-м, а потым задушыў народнае абурэнне грубай сілай і сярэднявечнай жорсткасцю.

Глядзіце таксама

Фантан «крэатыўных» ідэй

Цяпер Лукашэнка ставіць, у прыватнасці, задачу забяспечыць максімальную тэхналагічную незалежнасць. Яго ідэі дзіўна свежыя і крэатыўныя. Напрыклад, запатрабаваўшы па ўсіх напрамках распрацаваць стратэгіі павышэння ўзроўню лакалізацыі вытворчасці, правадыр даў вельмі каштоўнае ўказанне: «Давядзіце да кожнага напружаныя заданні і забяспечце іх рэалізацыю».

Прыкладна ў такім жа духу ён даваў парады і ўказанні па іншых пытаннях. Наогул, стылістыка яго дакладу нагадвае прамовы генсекаў ЦК КПСС на пленумах і з'ездах: павысіць, узмацніць, палепшыць і да т.п. — без абмалёўкі механізму. Адкуль што возьмецца?

«Праекты па дасягненні тэхналагічнага суверэнітэту павінны стаць маторам абнаўлення нашай прамысловасці, дапамагчы ўсёй эканоміцы выйсці на перадавы ўзровень эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці», — вяшчаў прамоўца.

Або вось яшчэ: «У год якасці — ды і заўсёды — вырабленая прадукцыя павінна быць на вышэйшым узроўні. І ніяк інакш. Гэта не капрыз, а суровая жыццёвая неабходнасць. Пытанне будучыні краіны і народа. Наша прадукцыя павінна быць якаснай па ўсіх характарыстыках і параметрах».

І нарэшце: «Мы павінны выйсці прыкладна на японскі ўзровень якасці».

Усё тая ж мадальнасць. Вось павінны — і ўсё тут. Гэтай уладзе вечна ўсе павінны.

У дадатак да ўсяго дзівіць гэтая вера ў заклінанні. Дасталі з пыльнай савецкай каморы прыдумку з «годам якасці» — і лічаць, што калі такі лэйбл прыляпіць да 2024-га, то справы з якасцю аўтаматычна пойдуць угару. Ведаем, «год народнага адзінства» ўжо праходзілі.

Так, і яшчэ наконт тэхналагічнага суверэнітэту. Лукашэнка лічыць: хопіць карыстацца праграмным забеспячэннем ад праклятых буржуінаў, даеш айчынны софт. Можа, яно і нядрэнна, але вось ці варта было ў 2020-м малаціць праграмістаў дубінкамі па іх разумных галовах?

Цяпер беларуская айцішка, страціўшы праз рэлакацыю шмат кадраў, цэлыя кампаніі, кульгае на абедзве нагі. Вялікі адток спецыялістаў і ў іншых галінах. А Лукашэнка заклікае папоўніць дэфіцыт кадраў за кошт «патрыятычна настроеных» пенсіянераў. Так, тыя, хто ўсё жыццё даваў савецкую якасць, цяпер стануць даваць японскую.

Глядзіце таксама

Усе яйкі ў расійскім кошыку

З дакладу Лукашэнкі вынікае, што некаторыя гіганты індустрыі сур'ёзна правальваюцца. У прыватнасці, «скараціліся аб'ёмы выпуску халадзільнікаў, трактароў, пагрузчыкаў, рухавікоў. Больш чым на чвэрць асеў “Бабруйскаграмаш”. Толькі на 12% у 2023 годзе быў загружаны Мінскі падшыпнікавы завод». На складах гандлёвых дамоў МТЗ — амаль 6,5 тысячы адзінак тэхнікі.

Прамоўца заклікае займаць свае нішы ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі, больш актыўна ісці на рынкі «дружалюбных краін» далёкай дугі. Але праблема ў тым, што ў сябрах у цяперашняга рэжыму засталіся ў асноўным, мякка кажучы, не самыя багатыя і перадавыя дзяржавы. Яны б, можа, і прыкупілі беларускага тавару, ды ў казне вецер гуляе.

Вядома, падтрымлівае Расія. На нарадзе было адзначана, што на яе рынак ідзе больш за 90% прадукцыі. Але і там беларусаў адціскаюць — у прыватнасці, як можна зразумець з дакладу, кітайцы.

Аднак сумна тое, што спрэс забыты ранейшы лозунг дыверсіфікацыі знешняга гандлю. А былі ж часы, калі ў ЕС ішла амаль траціна беларускага экспарту, плюс быў вялікі ўзаемавыгадны гандаль з Украінай.

У 2022 годзе прэм'ер Раман Галоўчанка паведаміў, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі заблакавалі яе экспарт у ЕС і Паўночную Амерыку на 16-18 млрд долараў у год. Вось яна, цана дыктатуры, якая не жадае лічыць галасы на выбарах.

А цяпер правадыр пытаецца: «Чаму пасля ўсіх праведзеных перамоваў на вышэйшым узроўні мы не працуем з Экватарыяльнай Гвінеяй?» Сапраўды, дзіўна, бо, здаецца, пра ўсё дамовіліся з тамтэйшым правадыром Тэадора Абіангам Нгемай Мбасога. А ён чалавек сур'ёзны, кіруе аж з 1979 года.

Увогуле, з далёкай дугой пакуль слаба. Цяпер амаль усё — уключаючы лагістыку — завязана на ўсходнюю суседку. Усе яйкі складзеныя ў адзін кошык. Прычым кошык імперскі.

Самая вялікая стратэгічная пагроза для Беларусі — тое, што краіна «абсарбуецца расійскай эканомікай», мяркуе эксперт BEROC Дзмітрый Крук. На яго думку, «у цяперашніх умовах велізарнай залежнасці ад Расіі» ў Беларусі няма магчымасці «змяніцца і стаць па-сапраўднаму канкурэнтаздольнай эканомікай».

Так, Масква дапамагае не за прыгожыя вочкі — наўзамен яна метадычна прыбірае да рук беларускі суверэнітэт. Да таго ж Расія сама пакутуе ад дэфіцыту перадавых тэхналогій і ў гэтым плане ну ніяк не ўратуе «малодшую сястру». Два рэжымы абралі шлях у гістарычны тупік.