«Беларускія ўлады ў сваім уяўленні перамаглі не толькі NATO, але і законы эканомікі і здаровага сэнсу»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» расказвае пра поспехі сведкаў стабільнасці ў эканоміцы і «экспартны цуд», які вось-вось прыкрыюць.
Прабачце, буду сёння пра сумнае. Неяк даўно я вам нічога не казаў пра сумнае. А ў сумным, між іншым, апошні час адбываецца шмат усяго цікавага. Яно, можа, не так кідаецца ў вочы, як генеральны шпіц, але можа мець шмат непрыемных наступстваў.
Вось, напрыклад, Польшча, Латвія, а ўчора і Літва перасталі прапускаць у Беларусь умоўна дарагія машыны. І чаму яны так вырашылі, здагадацца не цяжка. Паколькі ЕС забараніў прадаваць дарагія машыны ў Расію, імпарт машын у Беларусь з ЕС вырас у чатыры разы. Такое дзіўнае здарылася супадзенне зусім выпадковых абставінаў.
Там акрамя машын, шмат усяго іншага вырасла, чаго ў Расію імпартаваць нельга, а ў Беларусь можна. Проста машыны выраслі больш за ўсё. І, зноў, жа, па дзіўным збегу абсалютна выпадковых абставінаў, разам з ростам імпарту з Еўропы, рэкордна вырас беларускі экспарт у Расію. Прыкладна на 2,3 мільярда долараў летась. А машын Беларусь, дарэчы, імпартавала прыкладна на 2 мільярды долараў.
І ўсё ідзе да таго, што цяпер суседзі збіраюцца адабраць беларускія экспартныя рэкорды. Прынамсі, аўтамабільныя рэкорды яны ўжо пачалі адбіраць. Суседзі і так паўтара года заплюшчвалі на гэтыя рэкорды вочы. Але беларускія ўлады так доўга грукаталі танкамі на мяжы, што вочы ўрэшце і расплюшчыліся. І цяпер, атрымліваецца, беларускаму імпартазамяшчэнню давядзецца ставіць рэкорды экспарту ў Расію без імпарту з Еўропы.
А калі адабраць ад рэкорднага росту беларускага экспарту ў Расію еўрапейскі імпарт, то ад гэтага рэкорднага росту мала што застанецца. Тым больш, што на расійскі рынак вярнулася канкурэнцыя. І аказалася, што ў айчыннага вытворцы добра атрымліваецца прадаваць у Расіі свае тавары, пакуль айчыннаму вытворцу ніхто не перашкаджае. А калі ў Расію прыйшлі вытворцы з Кітая, Турцыі і Індыі, то аказалася, што прадаваць атрымліваецца ўжо не так добра, як раней.
А тут яшчэ беларускія ўлады самі сабе абвалілі цэны на свае калійныя ўгнаенні. Таму што беларускія ўлады вырашылі, што іх рэпутацыі ўжо ўсё роўна няма чаго губляць. Таму прадавалі свае калійныя ўгнаенні па непрыстойна дэмпінгавых цэнах. У выніку сусветныя цэны на калійныя ўгнаенні сталі такімі дэмпінгавымі, што дэмпінгаваць далей ужо і няма куды.
І беларускія кампаніі маглі б усё гэта перажыць, калі б у беларускіх кампаній застаўся запас трываласці. Але беларускія ўлады выдаткавалі запас трываласці беларускіх кампаній на выкананне сваіх планаў па інфляцыі і справядлівыя цэны. За год прыбытак беларускіх кампаній абваліўся на траціну, а страты выраслі на 75 адсоткаў. Таму што прынцып справядлівых цэн добры для адчування сваёй маральнай перавагі. А фінансаваму здароўю кампаній ён не спрыяе.
Усё гэта, вядома, такія праблемы, якія можна вырашыць. Прынамсі, пакуль гэтыя праблемы яшчэ не пачалі кідацца ў вочы. Адмяніць рэгуляванне цэн, адмовіцца ад рэкордаў свайго ВУП і пагадзіцца на лёгенькую такую стагнацыю. Карацей, прызнаць над сабой вяршэнства законаў эканомікі.
Але ж беларускія ўлады так уладкаваныя, што ім закон не пісаны. У прасторы свайго ўяўлення яны перамаглі не толькі NATO. Яны перамаглі яшчэ законы эканомікі і здаровага сэнсу. Таму што на любы закон эканомікі ў беларускіх уладаў ёсць ГУБАЗ і Камітэт дзяржкантролю.
Таму, калі экспарт у Расію цяпер стаў падаць, то амбасадар Дзмітрый Круты ўжо адразу ведаў, што трэба рабіць. Трэба знайсці, хто вінаваты, і «ўнесці прапановы па пакаранні». Прымяніць, так бы мовіць, пазаэканамічныя метады стымулявання эканамічных працэсаў.
Але эканоміка, бязлітасная сцерва, заўсёды наносіць зваротны ўдар.