У Расіі адкрыецца фронт Першай тэрарыстычнай?

У тых, хто заняты барацьбой з уяўнымі тэрарыстамі, да сапраўдных тэрарыстаў рукі звычайна неяк не даходзяць, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

nuclear_winter__1_.png

Расійскія ўлады канчаткова вызначыліся з тым, што ў масавым расстрэле ў Крокусе вінаватая Украіна. Ну гэта значыць, насамрэч расійскія ўлады з гэтым ужо даўно вызначыліся. Яны з гэтым вызначыліся яшчэ раней, чым злавілі тых, хто страляў. А можа быць, нават раней, чым тыя, хто страляў, пачалі страляць. Ёсць у мяне смутнае адчуванне, што расійскія ўлады ўсталявалі дачыненне Украіны да тэракту адразу пасля таго, як амерыканцы іх папярэдзілі, што тэракт рыхтуе ІДІЛ.

Але раней упэўненасць расійскіх уладаў была інтуітыўная, а цяпер стала эмпірычная. Раней яны маглі спасылацца толькі на сваё ўяўленне. А цяпер могуць спаслацца на ўяўныя вынікі следчых дзеянняў.

А паміж уяўленнем і ўяўнымі вынікамі следчых дзеянняў ёсць вялікая розніца. Хоць можа і не ўсе гэта, вядома, разумеюць. Тут у чым сэнс? Бо ўяўленне да справы не прышыеш. А ўяўныя вынікі следчых дзеянняў можна прышыць да чаго заўгодна.

Пры гэтым жа ўяўныя вынікі следчых дзеянняў неабавязкова паказваць староннім. Трэба каб проста ў голасе была ўпэўненасць, калі ты кажаш, што маеш вынікі следчых дзеянняў. І яны цяпер знаходзяцца разам з табой у адным пакоі.

А калі ты прышыў да справы ўяўныя вынікі следчых дзеянняў, перад табой адкрываюцца найшырэйшыя магчымасці. Можна запатрабаваць, каб Украіна арыштавала кіраўніка СБУ і ўсіх, каго ўяўныя вынікі следчых дзеянняў прышылі да справы. А калі Украіна адмовіцца, можна тварыць любыя брыдоты, якія падкажа табе тваё ўяўленне строга на падставе прынцыпу вяршэнства ўяўнага права.

І толькі ў адным ўяўныя вынікі следчых дзеянняў нічым не могуць дапамагчы. Каб знайсці тых, хто насамрэч вінаваты. Таму што ўяўныя вынікі следчых дзеянняў добрыя толькі для таго, каб прышыць іх да справы. Для раскрыцця справы ўжо не вельмі.

Можна арыштаваць хоць дзесяць, хоць сто "падазраваных у дачыненні да арганізацыі". Тыя, хто на самай справе датычны да арганізацыі, гэтаму толькі пацешацца. Таму што якраз іх шукаць ніхто не будзе. Ну а навошта кагосьці шукаць, калі ты ўжо маеш на руках уяўныя вынікі следчых дзеянняў? У тых, хто заняты барацьбой з уяўнымі тэрарыстамі, да сапраўдных тэрарыстаў рукі звычайна неяк не даходзяць. Ну проста рук на ўсіх не напасешся.

А калі шукаць уяўных тэрарыстаў, а сапраўдных тэрарыстаў не шукаць, то ў сапраўдных тэрарыстаў можа ўзнікнуць спакуса паўтарыць свой паспяховы вопыт. Чаму б яго не паўтарыць, калі яно працуе? Зноў жа, сапраўдным тэрарыстам можа яшчэ і крыўдна, што расійскія ўлады адмаўляюцца прызнаваць іх заслугі.

Так што, пакуль расійскія ўлады вядуць сваю трэцюю сусветную супраць калектыўнага Захаду, вельмі можа так здарыцца, што ў Расіі адкрыецца фронт Першай тэрарыстычнай. Таму што ворагі, якія выбіраюць цябе, значна горшыя за ворагаў, якіх ты сабе выбіраеш.