«Як стаць ворагам «Ісламскай дзяржавы». Ці могуць тэрарыстаў пакараць у Беларусі

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман патлумачыў «Филину», чым можа скончыцца ідэя правесці ў Беларусі суд па справе тэракту ў «Крокусе».

Меркаваныя тэрарысты, пасля затрымання іх катавалі

Меркаваныя тэрарысты, пасля затрымання іх катавалі

— Дэпутатка расійскай Дзярждумы Марыя Буціна заявіла, што паміж Масквой і Мінскам нібыта вядуцца перамовы наконт будучага працэсу над нападнікамі на «Крокус». Нібыта такі працэс можа быць арганізаваны ў Беларусі, дзе няма мараторыя на смяротнае пакаранне. Пра што сведчыць сама гэтая гісторыя, а таксама рэакцыя лукашэнкаўскай прапаганды?

— Па-першае, я б тут звярнуўся да асобы Буцінай. Бо гэта, канечне, вельмі спецыфічная фігура ў расійскім палітыкуме. Яна стала робіць нейкія экзатычныя, эпатажныя заявы. Так што тут нічога надзвычайнага няма.

Пытанне хутчэй у тым, як яе ўспрымаюць у Беларусі. Тое, што яе запрасілі на гэтую перадачу, што ёй надаюць такую ўвагу. Тое, што яны так абмяркоўваюць яе словы. Калі б гэта засталося на яе старонках у сацсетках, то ніхто б і асаблівай увагі не звярнуў бы.

А тут гэта прагучала на беларускім тэлебачанні, а лукашэнкаўская прапаганда яшчэ і распаўсюдзіла гэтыя словы, справакавала дыскусію ў Расіі. І гэта потым патрапіла ў заходнюю прэсу. Нават сёння працягваюць з’яўляцца публікацыі, у якіх гэтая гісторыя згадваецца.

Калі паглядзець на гэта з беларускага боку, то мы бачым, што Буціна фактычна прапануе перадаць Беларусі функцыю карніка. Маўляў, у нас ёсць мараторый на смяротнае пакаранне і мы не жадаем яго адмяняць. Але побач ёсць саюзнік, у яго гэта ўсё можна зрабіць, то няхай ён гэта і зробіць.

Сама пастаноўка гэтага пытання вельмі абуральная. Можна спрачацца наконт смяротнага пакарання, але вось як усё выглядае. У Расіі былі прычыны ўвесці мараторый, гэта сведчыць пра пэўнае стаўленне да гэтага пытання.

Таму мы ў сябе не жадаем гэта рабіць, мы не хочам адмяняць мараторый, а вось беларусы няхай у сябе гэта зробяць. А як гэта будзе абстаўлена, як будзе выглядаць гэты судовы працэс у Беларусі, гэта ўжо дэталі.

Сам факт, як яна гэта прапануе, каб беларусы выканалі брудную справу, выглядае абуральна. Але не для дзяржаўнай прапаганды. Ёй гэта відавочна спадабалася. Маўляў, глядзіце, якія мы важныя. Нас хочуць падключыць да гэтай справы, хочуць, каб мы ўдзельнічалі

Гэта першы момант. Другі — што з гэтага ўсяго можа быць. Калі ўявіць сабе, што такі працэс сапраўды адбудзецца, што абвінавачаных пакараюць смерцю ў Беларусі, то гэта сітуацыю з тэрарыстычнай небяспекай дакладна не палепшыць.

Гэта найлепшая магчымасць, каб стаць ворагам для «Ісламскай дзяржавы», каб яна цябе заўважыла. Шчыра кажучы, калі з’явілася гэтая навіна, я яе пракаментаваў, але не ўспрымаў гэта так сур’ёзна.

Але выглядае, што сітуацыя куды больш сур’ёзная, чым яна першапачаткова выглядала. Вось учора ў «Вестях недели» з удзелам Кісялёва быў агучаны празрысты намёк: Пуцін супраць вяртання смяротнага пакарання ў Расіі, і адначасова гаворка ідзе пра тое, каб у любым выпадку пакараць гэтых людзей смерцю.

І тут узнікае пытанне. Калі Пуцін сапраўды жадае захаваць мараторый, але адначасова расійскае грамадства патрабуе смяротнага пакарання, як і прапаганда, то якім чынам яны гэта могуць зрабіць?

І, можа, сапраўды гэта не толькі эпатаж Буцінай, якая кажа пра нейкія перамовы? Можа, сапраўды існуе магчымасць, калі што, расстраляць гэтых людзей у Беларусі?


Глядзіце таксама

— То-бок, вырашальным будзе рэалізацыя падобных ініцыятыў, а не проста словы? Але наколькі, на вашу думку, Лукашэнка сёння гатовы пайсці на такі крок, улічваючы ступень ягонай залежнасці ад Крамля?

— Тут пытанне хутчэй у тым, наколькі гэта будзе патрэбна Маскве. Калі там палічаць неабходным гэта зрабіць, то перад Лукашэнкам паўстане пытанне пра тое, не як гэта прадухіліць, а што за гэта можна атрымаць. Ён проста інакш будзе ставіць пытанне. І калі Расія прапануе тое, што будзе адпавядаць ягоным жаданням, то ён, я думаю, можа пагадзіцца.

Што тут дрэннага для Лукашэнкі ў сувязі з гэтым? Першы момант — успрыняцце Беларусі. Бо ўжо толькі гэтыя публікацыі, у якіх абмяркоўваюцца падобныя сцэнары, што гэтых людзей могуць пакараць смерцю ў Беларусі, псуюць вобраз краіны.

Для Еўропы, дзе няма смяротнага пакарання, паўстае вобраз Беларусі, як расійскага адстойніка, дзе пры патрэбе можна расстрэльваць людзей. І для іміджу краіны гэта жахлівая справа.

З іншага боку, тут для еўрапейцаў няма нічога новага, бо меркаванне пра тое, што Расія можа рабіць у Беларусі, што пажадае, прысутнічае ў Еўропе.

Па-другое, трэба ўлічваць фактар пагрозы з боку «Ісламскай дзяржавы». Яна вельмі ўважліва сочыць за падзеямі, валодае піяр-тэхналогіямі. Таму, калі Лукашэнка зробіць пэўныя заявы на гэты конт, ці нейкія канкрэтныя крокі, яны могуць паабяцаць пакараць яго. Такое магчыма.

Іншае пытанне, наколькі ён усур’ёз успрымае гэта. Я думаю, што ўспрымаць гэта трэба сур’ёзна, паколькі «Ісламская дзяржава» лічыць Расію ворагам, а Беларусь, напэўна, часткай Расіі.

Але, ізноў жа, калі прапанова з боку Крамля задаволіць Лукашэнку, то ён будзе не супраць. І нават знойдзе аргументы: напрыклад, прыгадае тэракт у мінскім метро. Маўляў, мы тых людзей пакаралі смерцю, давайце пакараем і тых, хто забіў людзей у «Крокусе».