У маскоўскім аддзеле паліцыі памёр чачэнец, затрыманы пасля тэракту ў «Крокусе»

Ураджэнец Чачні Асхаб Успанаў, якога затрымалі ўначы 22 сакавіка пасля тэракту ў «Крокус Сіці Холе», памёр праз некалькі гадзін з невядомых прычын, піша «Агенцтва» са спасылкай на яго маці Таісу Успанаву.

photo_2024_04_01_20_46_13.jpg

Паводле яе слоў, Успанава затрымалі на аўтобусным прыпынку, калі ён ехаў на працу да жонкі. Дзе канкрэтна гэта адбылося, яна не ўдакладніла. Пасля затрымання, як распавядае Таіса Успанава, яе сын патэлефанаваў жонцы. Яна хацела прыехаць за ім, але ён папрасіў яе гэтага не рабіць, сказаўшы, што «ў іх на мяне нічога няма». Пазней, паводле слоў маці, Успанаў зноў патэлефанаваў жонцы і папрасіў прыехаць за ім у пастарунак, сказаўшы, што «нагрубіў сілавікам».

Жонка Успанова, як распавядае яго маці, прыехала ў аддзяленне праз дзве гадзіны. Там ёй сказалі, што «яе мужа больш няма». Таіса Успанава сцвярджае, што сына пахавалі ў Чачні, але не ўдакладняе, як і калі ёй аддалі цела, ці былі на ім сляды катаванняў і якая прычына смерці.

Пра смерць Успанава таксама паведаміў апазіцыйны чачэнскі тэлеграм-канал 1adat 29 сакавіка. У паведамленні гаворыцца, што Успанаў вяртаўся пасля працы дадому, на прыпынку на яго напалі людзі ў масках, і ён, не зразумеўшы, што гэта сілавікі, «аказаў супраціў». Тэлеграм-канал сцвярджае, што Успанава пасля затрымання катавалі, і апісвае зламаныя рэбры і хрыбетнік, сляды ўдушша і «паўсюдныя гематомы».

Таксама 1adat апублікаваў відэа з целам Успанава пасля ўскрыцця. Голас за кадрам кажа, што сілавікі інсцэніравалі самагубства праз павешанне. Маці Успанава сказала, што яе сын нічога не мог зрабіць з сабой, «таму што ён быў мусульманінам».

Успанаў быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік у будаўнічай сферы. У адпаведнай базе звестак яго ІП значыцца як ліквідаванае ў сувязі са смерцю 22 сакавіка.


Глядзіце таксама

Пасля тэракту ў «Крокусе» ФСБ заявіла аб затрыманні 11 чалавек, якія падазраюцца ў справе, нагадвае «Медуза». Суды ўжо арыштавалі дзесяцёх, уключаючы чацвярых меркаваных выканаўцаў. На пасяджэнні яны былі са слядамі катаванняў, аднаго з іх прывезлі на медыцынскай каталцы.

У Маскве і іншых гарадах пачаліся рэйды супраць ураджэнцаў Таджыкістана і іншых рэспублік. У Пецярбургу, як паведамляў праваабарончы праект «Першы аддзел», сілавікі правялі аперацыю «Антымігрант», падчас якой масава выяўлялі замежных грамадзян, якія не маюць права на знаходжанне ў Расіі. У Маскве, як падлічыла «Руская служба Бі-бі-сі», суды ў пачатку тыдня пасля тэракту за два дні зарэгістравалі 784 пастановы аб парушэнні правілаў уезду ў Расію замежнікамі — больш, чым за ўвесь папярэдні тыдзень.

Кіраўнікі таджыкскіх дыяспар, паводле звестак тэлеграм-канала Baza, рэкамендавалі сваім суграмадзянам не выходзіць з дому па вечарах пасля працы і не наведваць масавыя мерапрыемствы. Перасцярогу таксама апублікавала МЗС Кыргызстана, якое рэкамендавала сваім грамадзянам часова ўстрымацца ад паездак у Расію ў сувязі з увядзеннем узмоцненых захадаў бяспекі.