Класкоўскі: Беларусь для Крамля — варыянт «добрай Украіны»

Што засталося ад незалежнасьці Беларусі і ці існуе насамрэч так званая «Саюзная дзяржава», у палітаглядальніка Аляксандара Класкоўскага высвятляла «Свабода»

_rezidencyja___administracyja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_2_logo.jpg

28 гадоў таму 2 красавіка 1996 году Ельцын і Лукашэнка падпісалі дамову аб стварэньні супольнасьці Расеі і Беларусі, вынікам чаго сталі масавыя пратэсты ў Менску.

Што засталося ад незалежнасьці Беларусі і ці існуе насамрэч так званая «саюзная дзяржава»? Што кантралюе, а што не кантралюе Лукашэнка ў Беларусі? Ці магчымыя розныя формы пратэсту дзеля абароны незалежнасьці Беларусі? Пра гэта разважае палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі.

— Як мяняліся мэты Лукашэнкі і мэты расейскага кіраўніцтва што да стварэньня так званай «саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі»?

— Напачатку Лукашэнка хацеў вырашыць дзьве задачы. Па-першае, «прыстаканіцца» да расейскіх рэсурсаў, каб не рабіць рэформы, але больш-менш забясьпечваць дабрабыт беларусаў, як ён і абяцаў. І другое, гэта сакрэт Палішынэля, — тое, што ён меціў на крамлёўскі трон. Але з гэтым атрымаўся аблом, як вядома, гэты трон заняў Пуцін. Пуцін паспрабаваў у 2002-м наўпрост паставіць пытаньне рубам, каб шасьцю абласьцямі ў Расею ўваходзіла Беларусь. І Лукашэнка тады ўзьняўся на дыбкі. І потым суіснаванье «заклятых хаўрусьнікаў», як іх называлі, цягнулася аж да 2020 году. Лукашэнка стараўся атрымаць болей усялякіх дабротаў ад Расеі і меней саступіць у пляне так званай братняй інтэграцыі.

Але пасьля 2020 году ўсё рэзка памянялася, таму што катастрафічна ўзрасла залежнасьць Беларусі ад Расеі, бо Лукашэнка мусіў ратавацца ад пратэстаў, прасіць дапамогі ў Пуціна, і плюс Пуцін скарыстаў беларускую тэрыторыю як пляцдарм для наступу на Кіеў. І гэта моцна павязала рэжым Лукашэнкі з Масквой.

Цяпер неяк яму ўжо не выпадае, ня тая сытуацыя. Іншая рэч, што і Крэмль свайго апошняга хаўрусьніка ўсё ж шануе, дае дадатковыя ўсялякія даброты. Я думаю, што сёньня, маючы досьвед, Масква лічыць за лепшае ціхай сапай браць кавалкамі беларускі сувэрэнітэт.

Ёсьць папулярная алярмісцкая вэрсія, што Пуцін, калі ён ва Ўкраіне сваіх мэтаў ня здолее дасягнуць, як суцяшальны прыз возьме Беларусь. Канечне, выключаць на 100% нельга, таму што цяжка здагадвацца, што ў галаве ў Пуціна (многія ня думалі, што ён і на Ўкраіну нападзе ў 2022 годзе). Але ў гэтым выпадку Беларусь для Крамля сёньня больш выгадная, каб паказваць варыянт «добрай Украіны» — яны без русафобіі, да нас з душой, і мы да іх з душой, усё даём, пернікаў адсыпаем.

Расея — шчодрая душа, так бы мовіць, і нікога не захопліваем, на танках не прыяжджаем. Думаю, што на сёньня Пуціна, Крэмль задавальняе менавіта такая паўзучая інкарпарацыя Беларусі, хоць імпэрская мэта — рана ці позна зрабіць цалкам сваёй тэрыторыяй, напэўна, у галаве ёсьць. Хоць я не выключаю, што ўсё ж сьцяг, герб, гэтыя чыста фармальныя атрыбуты Беларусі ўсё роўна пакінуць дэ-факта, высмактаўшы яе сувэрэнітэт, але пакінуўшы месца ў ААН, і каб не было прамога абвінавачаньня ў імпэрыялізьме.