«Адкрытая русафобія»: У Думе РФ абурыліся, што ў школах пішуць сачыненне па творах Алексіевіч
Ніна Астаніна, дэпутатка Дзярждумы РФ, заявіла, што творы нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч «выказваюць нянавісць» да Расіі і так званай «саюзнай дзяржавы».
Кіраўніца камітэту абароны сям’і Дзярждумы РФ Ніна Астаніна накіравала дэпутацкі запыт на імя міністра асьветы Расеі, патрабуючы разабрацца, чаму ў адзіным дзяржаўным іспыце (ЕГЭ) па расейскай мове быў тэкст беларускай пісьменьніцы, нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, піша «Свабода» .
Пра выпадак паведамілі шэраг расейскіх СМІ.
У запыце Астаніна адзначае, што сярод тэкстаў, паводле якіх прапаноўвалі напісаць сачыненьне на датэрміновым ЕГЭ па расейскай мове 26 сакавіка, быў фрагмэнт твора Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». Астаніна абвінаваціла беларускую пісьменьніцу ў «адкрытай русафобіі», заявіўшы, што творы Алексіевіч нібыта «вылучае нянавісьць» да Расеі і так званай «саюзнай дзяржавы». Яна абвінаваціла аўтарку і ў тым, што яна атрымлівала ордэны і ўзнагароды ад дзяржаў – чальцоў NATO падчас вайны Расеі супраць Украіны.
- Сьвятлана Алексіевіч — беларуская пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 2015 год. Аўтарка кніг «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд» і іншых.
- У Беларусі кнігі Сьвятланы Алексіевіч у 2021 годзе выключылі са школьнай праграмы, а з чэрвеня 2022 году загадалі прыбраць і са школьных бібліятэк Беларусі.
- Сьвятлана Алексіевіч неаднойчы адкрыта выказвалася супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, а таксама супраць вайны Расеі ва Ўкраіне. Так, у адным з апошніх інтэрвію «Радыё Свабода» Сьвятлана Алексіевіч, сярод іншага, казала, што «Расея стала яшчэ больш жахлівай, яна ідзе да фашызму».