Фінляндыя абвясціла аб бестэрміновым закрыцці мяжы з Расіяй

Расійска-фінская мяжа застаецца закрытай з сярэдзіны снежня — тады ўлады Фінляндыі прынялі пастанову цалкам яе закрыць на два месяцы. Пасля гэтага рашэнне аб закрыцці межаў падаўжалася яшчэ на два месяцы. Апошняе рашэнне аб працягу закрыцця павінна было скончыцца 14 красавіка, аднак улады краіны абвясцілі, што памежныя пункты застануцца зачыненымі і пасля 15 красавіка — да таго моманту, пакуль не будзе прынята рашэнне аб аднаўленні працы КПП.

Фота ТАСС

Фота ТАСС

Кіраўнік МУС Фінляндыі Мары Рантанен патлумачыла гэтае рашэнне тым, што з моманту закрыцця мяжы і да гэтага красавіка сітуацыя з мігрантамі з трэціх краін не змянілася. Раней улады Фінляндыі выказвалі здагадку, што рэзкі рост патоку мігрантаў з трэціх краін праз расійскую мяжу, які назіраўся восенню 2023 года, можа быць спланаванай акцыяй з боку Расіі.

У прыватнасці, фінскія ўлады сцвярджалі, што расійскія памежнікі перасталі правяраць дакументы ў тых, хто імкнецца да мяжы, і мяжу працягласцю амаль у паўтары тысячы кіламетраў пазапаўнялі сотні шукальнікаў прытулку.

У Хельсінкі лічаць, што расійскія ўлады маглі наўмысна стварыць крызіс з мігрантамі з мэтай дэстабілізаваць абстаноўку ў Фінляндыі.

Фінляндыя пачала закрываць памежныя пераходы з Расіяй у сярэдзіне лістапада з-за анамальнага наплыву мігрантаў. У канцы лістапада ўлады краіны абвясцілі аб поўным закрыцці сухапутнай мяжы з Расіяй з выключэннем для грузавых перавозак.

У сярэдзіне снежня, калі мінаў тэрмін рашэння аб часовым закрыцці мяжы з Расіяй, Фінляндыя адкрыла два пагранпункты на ўсходняй мяжы — Вааліма і Ніірала. Аднак у першы ж дзень з боку Расіі прыбылі больш за 100 просьбітаў прытулку, пасля чаго фінскія ўлады зноў цалкам закрылі ўсходнюю мяжу.


Глядзіце таксама

У Хельсінкі лічаць, што Масква накіроўвае бежанцаў да мяжы ў тым ліку ў адплату за ўступленне краіны ў НАТО і пашырэнне абароннага супрацоўніцтва з ЗША. Крэмль гэтыя абвінавачванні адмаўляе. Раней прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заяўляў, што расійскія памежнікі «цалкам выконваюць усе свае службовыя інструкцыі» і «памежным пераходам карыстаюцца тыя, хто мае на гэта законнае права».

У лістападзе пасля першых закрыццяў памежных пераходаў расійскія ўлады пачалі арыштоўваць замежнікаў з пратэрмінаванымі расійскімі візамі. Як высветліла Бі-бі-сі, сотні людзей апынуліся ў цэнтрах часовага ўтрымання мігрантаў у Карэліі, некаторым з іх была прапанаваная служба ў расійскім войску ў абмен на скасаванне пастановы аб дэпартацыі.

Паводле BBC.