Як прапагандысцкія медыя ў Беларусі і Расіі расчалавечваюць людзей

Кадры адкрытага гвалту — чытай, пазасудовых распраў — сталі нормай на тэлебачанні.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

На АНТ 1 красавіка 2024 года выйшаў чарговы фільм-«выкрыццё». У аснове сюжэту — гісторыя пра тое, што ўкраінскія спецслужбы нібыта «напампоўваюць» Беларусь зброяй і выбухоўкай, а КДБ доблесна «спыняе» іх дзейнасць. Фабула банальная, і ўвагу прыцягвае не яна, а кадры жорсткага затрымання беларускімі сілавікамі людзей, якіх у фільме называюць не інакш як «дыверсантамі і агентамі спецслужбаў Украіны».

У фільме, які дэманструецца ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання, паказаны брутальныя кадры затрымання людзей, якія не аказваюць супраціву. Гледачу прапануюць захапіцца сілавікамі, якія пад ненарматыўную лексіку валяць з ног, збіваюць, у тым ліку па галаве, затрыманых. Бадзёры голас за кадрам каментуе: «Вось так – жорстка, не цырымонячыся, у такіх умовах нашы спецслужбы, абапіраючыся на закон, кіруюцца бягучай баявой абстаноўкай».

Праўда, не ўдакладняецца, на які менавіта закон «абапіраюцца» і адкуль узялася «баявая» абстаноўка ў «мірнай» Беларусі, якая не ваюе, піша «Media IQ». Але для аўтараў сюжэту важна заявіць, што «ніякага жалю» да «фігурантаў», якія нібыта «ствараюць пагрозу для жыцця супрацоўнікаў КДБ», і апошнім нават «даводзіцца страляць». І як дэманстрацыя гэтай пагрозы — бяззбройны чалавек, якога выцягваюць з машыны, а праз некалькі імгненняў ён ужо з акрываўленай нагой.

Прычым супрацоўнікі АНТ нават не задаюцца пытаннем, наколькі прымальна прымяненне такіх мер і метадаў у дачыненні да асобы, якая, у адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі з'яўляецца, да прысуду суда невінаватай.


Глядзіце таксама

Далей у сюжэце — допыты збітых людзей, на твары якіх не наводзяць рэзкасць, і бясконца паўтараюцца словы «тэрор», «тэрарыст».

Аўтары сюжэту не забыліся перакінуць масток і ў РФ, паказаўшы затрыманага ў Омску грамадзяніна Беларусі, якога абвінавачваюць у падрыве цягнікоў на БАМе ў лістападзе 2023 года. Гледачу нагадваюць, што Сяргей Ерамееў, якога ў фільме водзяць на ланцугу, «даў прызнальныя паказанні» і расказаў пра супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі.

Выразна прысутнічаюць на беларускім тэлебачанні паралелі з тэзісамі Крамля пра Украіну як «нацысцкую» дзяржаву. Аўтары фільма заяўляюць, што для барацьбы з тымі, каго без суду называюць «дыверсантамі, бандамі і тэрарыстамі», у Беларусі цяпер ужываюцца метады, «якія даказалі сваю эфектыўнасць яшчэ ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенныя гады».

Заканчваецца фільм беларускага дзяржаўнага тэлебачання звыклым крамлёўскім наратывам, які таўруе Украіну як «экспарцёра смерці», і супрацьпастаўленнем людзей і «датычных да тэрарызму», якіх «чакае ліквідацыя».

Неабходна адзначыць, што аўтары фільма гавораць пра пагрозу не для Беларусі, а для Саюзнай дзяржавы.

Чакана, што пра беларускі фільм, сюжэт якога цалкам адпавядае наратывам Крамля, паведамілі і расСМІ. Асаблівую ўвагу яны надалі словам Лукашэнкі пра тое, што «такія інцыдэнты адбываюцца амаль два-тры разы на тыдзень».

Рэха трагедыі ў «Крокус Сіці Холе»

Атака на «Крокус Сіці Хол» прадэманстравала наступствы планамернай працы крамлёўскай прапаганды па расчалавечваннні і дэгуманізацыі. Прычым уплыў расійскіх наратываў аб магчымасці і нават неабходнасці прымянення да тых, каго вызначылі як ворага, негуманных і жорсткіх метадаў допытаў і затрымання, прасочваецца не толькі ў расійскіх, але і ў беларускіх СМІ. Кадры гвалту, якія яшчэ два гады таму былі непрымальнымі для афіцыйных медыя «брацкіх» дзяржаў, сёння ўспрымаюцца як штодзённасць і не выклікаюць шоку і адрынання.


Глядзіце таксама

Намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў, які карыстаўся рэпутацыяй ліберала ў бытнасць сваю на пасадзе прэзідэнта РФ, сёння публічна люта заклікае «забіць... усіх» датычных да падзей у канцэртнай зале. Ён называе дзейснай мерай «татальныя пакаранні тэрарыстаў і рэпрэсіі супраць іх сем'яў». Са свайго боку, АНТ у фільме пра нібыта «прадухіленне» дзейнасці на тэрыторыі Беларусі «дыверсантаў», ганарыцца іх «жорсткім» затрыманнем і сцвярджае, што «ўсіх датычных да тэрарызму будзе чакаць ліквідацыя».

Падкрэслена ігнаруючы прынцып прэзумпцыі невінаватасці да адпаведнага рашэння суду, як беларускія, так і расійскія праўладныя СМІ ўпэўнена называюць затрыманых спецслужбамі асоб «тэрарыстамі, дыверсантамі і агентамі спецслужбаў Украіны».

«Media IQ» прасачылі, на чым робяць акцэнты СМІ так званай Саюзнай дзяржавы і як зрушваюць межы нармальным і прымальным.

Мова варожасці і стыгматызацыі 

РасСМІі яшчэ больш актыўна, чым беларускія, звяртаюцца да маніпуляцыі масавай свядомасцю. Ва ўспрыманні сярэднестатыстычнага жыхара РФ, нядаўнія «браты» ўкраінцы і заходнія «партнёры» трансфармуюцца ў «ворагаў і тэрарыстаў». Праўладныя СМІ масіравана звяртаюцца да метаду стыгматызацыі, фармуючы патрэбныя Крамлю ўспрыманне і настроі.

У адрозненне ад больш «мяккіх» матэрыялаў беларускіх праўладных медыя, расійскія не саромеюцца дэманстраваць адкрытыя катаванні і здзекі. На фоне такіх сюжэтаў абсалютна арганічна выглядаюць заклікі Мядзведзева да «татальных пакаранняў тэрарыстаў і рэпрэсій супраць іх сем'яў».  У той жа час, як і беларускія «калегі», расСМІ дэманстратыўна называюць затрыманых пасля атакі на канцэртную залу «Крокус Сіці Хол» «тэрарыстамі», ігнаруючы палажэнні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і Канстытуцыі.

Расійскія медыя абсалютна адкрыта паказваюць катаванні затрыманых пасля падзей у Падмаскоўі. Для абрання меры стрымання абвінавачаных даставілі ў залу суда збітых, з адрэзаным вухам, выбітым вокам, на насілках, з кавалкамі пакета на шыі. Самі кадры катаванняў шырока разышліся ў Telegram-каналах. Блізкі да ПВК «Вагнер» Тelegram-канал «Grey Zone» апублікаваў фотаздымак з катаваннямі аднаго з абвінавачаных. Пазней у расійскіх праваенных пабліках з'явіліся іншыя фота і відэа, якія дэманструюць прымяненне сілавікамі катаванняў у дачыненні да затрыманых. На адным з іх затрыманаму адразаюць нажом частку вуха і прымушаюць яе з'есці, пагражаючы адрэзаць геніталіі.


Глядзіце таксама

Не менш жорсткія кадры з'явіліся ў эфіры федэральнага канала «Расія 1». На іх бачныя тэлефоны, на якія здымаецца допыт з катаваннямі аднаго з затрыманых.

Калі пяць гадоў таму, паводле сведчання Тані Лакшынай, дырэктаркі аддзялення «Human Rights Watch» па Еўропе і Цэнтральнай Азіі, «ураджэнцаў Цэнтральнай Азіі, абвінавачаных у тэракце ў пецярбургскім метро, таксама катавалі», але ўлады гэта не афішавалі, лічачы непрымальным, то сёння катаванні выйшлі ў эфір. Яшчэ год таму кувалда цяпер нябожчыка Яўгена Прыгожына выклікала шок, а цяпер адрэзанае вуха ўспрымаецца як штодзённасць.

Некаторыя расійскія чыноўнікі — пакуль яшчэ — на фоне сюжэтаў на тэлебачанні заяўляюць, што:

  • «Ужыванне катаванняў да затрыманых і абвінавачаных недапушчальнае» — паводле слоў упаўнаважанай па правах чалавека ў РФ Таццяны Маскальковай;
  • «Я пакіну без адказу гэтае пытанне» — рэакцыя прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова.

Аднак Крэмль праз свае кантраляваныя медыя адпраўляе безумоўны пасыл: у дачыненні да асоб, актыўна нязгодных з палітыкай расійскай улады, могуць прымяняцца любыя меры ўздзеяння. Намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў называе «малайцамі» сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў затрыманні абвінавачаных. Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін сцвярджае, што «праваахоўныя органы выконваюць сваю працу», а абвінавачаныя, якіх ён называе вылюдкамі «павінны быць знішчаныя». На думку прэм'ер-міністра РФ Міхаіла Мішусціна, вінаватыя ў тэракце «не заслугоўваюць літасці».

У кантэксце такіх заяў расійскіх палітыкаў і ўзнагароджання расійскіх вайскоўцаў, якія «адзначыліся падчас затрымання тэрарыстаў», не застаецца сумневаў у дэманстратыўным характары матэрыялаў аб катаваннях затрыманых і аб стаўленні да сітуацыі з боку Крамля.

Высновы

Сюжэты пра барацьбу з «тэрарыстамі» і «дыверсантамі», якіх нібыта фінансуюць «калектыўны Захад» і Украіна, з'яўляюцца ў беларускіх і расійскіх СМІ з падазронай сінхроннасцю. Прычым і там, і там прысутнічае наратыў крамлёўскай прапаганды аб агульных ворагах. Масква, якая актыўна праявілася ў дзяржаўных беларускіх медыя пасля выбараў 2020 года, замацавалася ў іх па гэты дзень.


Глядзіце таксама

Беларуская прапаганда, паўтараючы наратывы Крамля, цынічна расчалавечвае людзей, якіх называе «тэрарыстамі». У прапагандысцкіх матэрыялах гаворка ідзе нават не пра неабходнасць прымянення ў дачыненні да такіх асоб пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання, а «ліквідацыю», «знішчэнне». Атрымальнік інфармацыі як расійскіх, так і беларускіх СМІ павінен успрымаць тых, хто выстаўляецца ўладамі ў ролі ворага, як недачалавекаў, у дачыненні да якіх не дзейнічае закон.

З аднаго боку, наяўнасць матэрыялаў, у якіх фіксуюцца катаванні з боку сілавых структур, накіраваныя на запалохванне насельніцтва, а з другога, яны дэманструюць стаўленне да каштоўнасцей, якія крамлёўская прапаганда называе «заходнімі», перш за ўсё — да чалавечага жыцця.