У Крамлі далі ўказанне прапагандыстам падкрэсліваць «украінскі след» у тэракце ў «Крокусе»
Дзяржаўныя і лаяльныя да расійскай улады выданні атрымалі ўказанне з адміністрацыі прэзідэнта РФ падкрэсліваць у публікацыях аб тэракце ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе» магчымы «ўкраінскі след».

Фота з сайта РБК
Пра гэта «Медузе» распавёў супрацоўнік аднаго з дзяржаўных СМІ. Яшчэ адна крыніца — супрацоўнік выдання, лаяльнага Крамлю, — пацвердзіла гэтую інфармацыю.
Інфармацыю пра магчымы «ўкраінскі след» у справе аб тэракце ў «Крокусе» распаўсюдзіла ФСБ раніцай 23 сакавіка. Ведамства заявіла, што пасля здзяйснення злачынства чацвёра падазраваных збіраліся перайсці расійска-ўкраінскую мяжу і «мелі адпаведныя кантакты на ўкраінскім баку». Іх затрымалі, як паведаміла ФСБ, у ноч на 23 сакавіка ў Бранскай вобласці па шляху да мяжы.
МЗС Украіны яшчэ 22 сакавіка катэгарычна адпрэчваў абвінавачванні, якія прагучалі пасля тэракту ад расійскіх афіцыйных асоб, у тым, што Кіеў нібыта датычны да стральбы і пажару ў «Крокус Сіці холе». «Лічым такія абвінавачанні спланаванай правакацыяй Крамля», — казалі ў міністэрстве.
Дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк таксама заяўляў, што Украіна не мае дачынення да тэракту.
Паводле звестак Следчага камітэта Расіі, 22 сакавіка ў выніку тэракту ў падмаскоўнай канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол» загінулі 115 чалавек. Расійская прапагандыстка Маргарыта Сіманьян і тэлеграм-каналы паведамляюць, што загінулі 143 чалавекі. Канал «112» піша пра 150 загінулых. Мяркуецца, што колькасць ахвяр можа павялічыцца.
Глядзіце таксама

Характэрна, што на «ўкраінскі след» паказаў і Уладзімір Пуцін, які праз 20 гадзін пасля тэракту нарэшце выйшаў у эфір. Ён абвясціў 24 сакавіка дзень нацыянальнай жалобы ў Расіі і сярод іншага адзначыў: «Усе чацвёра непасрэдных выканаўцаў тэракту знойдзеныя і затрыманыя. Яны спрабавалі схавацца і рухаліся ў бок Украіны, дзе для іх з украінскага боку было падрыхтаванае акно для пераходу дзяржаўнай мяжы. Усяго затрыманыя 11 чалавек. Праваахоўныя органы працуюць над выкрыццём усёй дапаможнай базы тэрарыстаў».
«Мы сутыкнуліся з падрыхтаваным арганізаваным масавым забойствам безабаронных людзей. Злачынцы ішлі мэтанакіравана расстрэльваць нашых грамадзян і дзяцей. Як нацысты, якія тварылі расправы на акупаваных тэрыторыях, яны задумалі зладзіць паказальнае пакаранне», — сказаў чалавек, які развязаў у Еўропе найбуйнейшую з часоў Другой сусветнай вайну, войскі якога ўжо больш за два гады знішчаюць Украіну, ушчэнт руйнуюць гарады, забіваюць мірных грамадзян, у тым ліку жанчын і дзяцей.