Тэракт у «Крокус Сіці Холе»: што вядома

Учора ўвечары ў Падмаскоўі невядомыя забілі каля сотні чалавек, якія сабраліся на канцэрт у «Крокус Сіці Холе». Расійскія ўлады ўжо назвалі гэта тэрактам.

На месцы тэракту. Фота: Reuters

На месцы тэракту. Фота: Reuters

У выніку страляніны, выбухаў і пажару ў канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол», паводле афіцыйных звестак ФСБ Расіі, загінулі на дадзены момант 93 чалавекі, параненыя больш за 120. Пажар не ўдавалася лакалізаваць некалькі гадзін, каля будынка канцэртнай залы сілавікі адціскалі і затрымлівалі людзей. У будынку працавалі спецназаўцы, пажарныя і ратавальнікі. Паведамлялася, што некалькі меркаваных удзельнікаў нападу схаваліся, усе сілавікі атрымалі загад узброіцца, па трывозе паднятыя АМАП і САХР. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкула аб тэрарызме.

«Настоящее время» расказвае, што вядома.

Напад і крымінальная справа

Пра тое, што крымінальная справа па факце стральбы і выбуху ў «Крокус Сіці Холе» расследуецца па арт. 205 Крымінальнага кодэкса РФ («Тэракт»), паведаміў без дадатковых падрабязнасцей цэнтральны апарат Следчага камітэта Расіі.

Відавочцы апісваюць нападнікаў як «людзей у карычневай вопратцы», на відэазапісах адначасова ў кадры відаць не менш за трое стралкоў. Тыя, хто ўварваўся ў будынак, былі ўзброеныя аўтаматамі. Паводле слоў відавочцаў, яны адкрылі агонь адначасова ў чарзе на ўваходзе каля рамак металашукальнікаў і ў зале. Паводле звестак «Baza», сілавікі шукалі «чацвярых мужчын у камуфляваным адзенні, якія маглі ўцячы з месца злачынства». Праз некалькі гадзін пасля таго, што здарылася, усё яшчэ з'яўляліся паведамленні, што пошук злачынцаў працягваецца ўнутры будынку.

Пажар у «Крокус Сіці Холе» распаўсюдзіўся на плошчы 13 тысяч квадратных метраў, Расспажыўнагляд не рэкамендаваў жыхарам бліжэйшых раёнаў выходзіць на вуліцу з-за пагрозы атручвання прадуктамі гарэння.

Папярэджанні аб тэрактах у Маскве і магчымыя версіі

Пра тое, што ў Маскве могуць адбыцца тэракты, у тым ліку на буйных мерапрыемствах, уключаючы канцэрты, 7 сакавіка (гэта значыць, два тыдні таму) папярэджвала сваіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Расіі, амбасада ЗША. Пры гэтым у паведамленні гаварылася, што такія падзеі могуць адбыцца на працягу бліжэйшых да папярэджання 48 гадзін. На наступны дзень аналагічныя папярэджанні для сваіх грамадзян у Расіі выпусцілі Паўднёвая Карэя і некаторыя еўрапейскія краіны.


Глядзіце таксама

Даследчык Хрысто Грозеў у эфіры «Настоящего времени» звярнуў увагу на гэты кантэкст і назваў у якасці адной з верагодных версій сувязь нападу з ІДІЛ:

«Трэба ўсё-ткі звязваць гэта з кантэкстам папярэджання, якое было пару тыдняў таму з амерыканскага боку расійскаму боку. Папярэджанне было даволі канкрэтнае, хоць расійскі бок скардзіўся, што яно "агульнае", і тычылася магчымых тэрактаў супраць расійскіх інтарэсаў і грамадзян з боку ІДІЛ-К – гэта афганістанская ячэйка міжнароднай тэрарыстычнай арганізацыі ІДІЛ. Хоць расійскі бок адказаў неяк холадна і сказаў, што гэтае папярэджанне яны не лічаць сур'ёзным, усё-ткі былі арышты некалькіх прадстаўнікоў гэтай арганізацыі на тэрыторыі Расіі, паводле даных амерыканскай выведкі, на працягу апошніх двух тыдняў. Так што цалкам магчыма, што гэта звязана».

На думку Грозева, ускосна гэтую версію пацвярджае і тое, што дарадца Белага дома ў камунікацыях у сферы нацбяспекі Джон Кірбі паведаміў, што ў ЗША няма падстаў казаць аб дачыненні Украіны да тэракту. «Амерыканскі ўрад ужо зрабіў афіцыйную заяву, што яны не лічаць магчымым і верагодным украінскае дачыненне да гэтай справы. Яны б гэтага не зрабілі, не ведаючы, хто рэальна датычны да гэтай справы, таму што занадта хутка яны выйшлі з такім вызначэннем. Я лічу, што гэта хуткае адмаўленне ўкраінскага следу з боку Белага дома значыць, што Белы дом ведае, хутчэй за ўсё, хто менавіта стаіць за гэтым», — мяркуе Грозеў.

Пры гэтым даследчык адзначыў, што, калі расійскія ўлады вылучылі ў якасці асноўнай «малаверагодную», на яго погляд, версію аб дачыненні да тэракту Украіны, гэта можа сведчыць ужо аб нейкай актыўнай ролі спецслужбаў Расеі ў тым, што здарылася: «Калі цяпер будзе афіцыйнае абвінавачанне з боку Следчага камітэта не ў бок ІДІЛ, а ў бок, скажам, украінскіх ці праўкраінскіх груп, то тады трэба ўжо разгледзець варыянт, што гэта можа быць false flag operation — аперацыя менавіта для адцягнення ўвагі з боку расійскіх спецслужбаў».

Пры гэтым, як піша выданне «Важные истории» са спасылкай на крыніцу, блізкую да аператыўнага штаба, расійскія сілавікі выключылі дачыненне да тэракту і Украіны, і ІДІЛ.

Заявы ўладаў Украіны, рэакцыя ЗША, Еўрасаюза і іншых краін

Дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Зяленскага Міхаіл Падаляк зрабіў афіцыйную заяву аб тым, што Кіеў не мае дачынення да таго, што здарылася ў «Крокус Сіці Холе». «Украіна абсалютна дакладна не мае ніякага дачынення да гэтых падзей», – адзначыў Падаляк. Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў назваў тэракт «правакацыяй» расійскіх спецслужбаў.

«Рускі добраахвотніцкі корпус», удзельнікі якога, будучы грамадзянамі Расіі, ваююць на баку УСУ, таксама заявіў аб недатычнасці да тэракту ў Маскве. Пра гэта «Новай газеце. Еўропа» паведаміў прадстаўнік узброенага фарміравання. «Вядома ж, гэта дакладна не мы», — сказаў ён.

Дарадца Белага дома Джон Кірбі выказаў спачуванне пацярпелым і сем'ям загінулых і назваў здарэнне «жудаснай атакай»: «Мы ўсе бачым паведамленні і відэакадры з Масквы. Мы спрабуем атрымаць больш інфармацыі. Кадры проста жудасныя, іх вельмі цяжка бачыць».

МЗС Германіі таксама назвала «жахлівымі» кадры з месца нападу. «Перадгісторыю неабходна хутка расследаваць. Нашы глыбокія спачуванні сем'ям загінулых», — сказалі ў ведамстве.

У амбасадзе Вялікабрытаніі ў Маскве асудзілі тое, што адбылося. «Гэта жудасная трагедыя. Мы выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім пацярпелых і загінулых ад сённяшніх падзей», — паведамляецца ў сацсетках амбасады.

«Выявы, якія даходзяць да нас з Масквы, жудасныя. Нашы думкі з ахвярамі і параненымі, а таксама з расійскім народам. Неабходна праліць поўнае святло на гэтыя агідныя дзеянні», — напісала МЗС Францыі.

Раней прэс-сакратар ЕС у замежных справах і палітыцы бяспекі Петэр Стана паведаміў, што ЕС «шакаваны і ўзрушаны» навінамі з Масквы. «ЕС асуджае любыя напады на грамадзянскае насельніцтва. Нашы думкі з усімі пацярпелымі грамадзянамі Расіі», — дадаў ён.

Як паведамілі ў Следчым камітэце Расіі, затрымалі чатырох падазраваных у здзяйсненні тэракту ў Бранскай вобласці. Раней аб іх затрыманні далажыў Уладзіміру Пуціну кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў.

Акрамя гэтага, у СК паведамілі, што «працягваецца агляд памяшканняў канцэртнай залы, канфіскацыя рэчыўных доказаў, вывучаюцца запісы з камер відэаназірання, распачатая праца з пацярпелымі».

Паводле папярэдніх даных, прычынамі гібелі людзей сталі агнястрэльныя раненні і атручэнне прадуктамі гарэння, дадалі ў СК.

«Тэрарысты пры нападзе выкарыстоўвалі аўтаматычную зброю, якая разам з пакінутымі імі боепрыпасамі выяўленая і канфіскаваная следчымі СКР», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

З 93 чалавек на дадзены момант апазнаныя 37. Спіс з імёнамі публікуе Міністэрства аховы здароўя Падмаскоўя. Таксама ведамства апублікавала спіс пацярпелых, у якім 121 чалавек.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што ўлады выплацяць пацярпелым ад 500 тысяч да трох мільёнаў рублёў. Губернатар Падмаскоўя Андрэй Вараб'ёў сказаў, што дзеці, чые бацькі загінулі падчас тэракту, будуць атрымліваць штомесячныя выплаты. Масква і Падмаскоўе бяруць на сябе арганізацыю пахавання.