Эканоміка рэжыму: колькасць работнікаў падае, магчымасці павышаць пенсіі знікаюць
Нядаўна Белстат выклаў даныя па занятасці ў эканоміцы Беларусі. Пра тэндэнцыі на рынку працы, адміністратыўныя метады ўладаў, як з гэтым звязаныя пенсіі і размеркаванне студэнтаў, распавядае экспертка даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна ў матэрыяле «Позірка».

Паводле звестак ведамства, у лютым 2024 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 132,9 тыс.чалавек — на 0,09% больш (+3,8 тыс.), чым у студзені, і на 39,5 тыс. менш, чым у лютым 2023-га (-0,95%).
Сезонныя ўсплёскі не ратуюць сітуацыю
Як адзначыла Лузгіна, калі прааналізаваць даныя Белстата аб занятасці насельніцтва за 2023-ці ў параўнанні з 2022 годам, то можна заўважыць, што ўсе паказчыкі ў гадавым вымярэнні знізіліся.
«Нейкія фактары, хутчэй за ўсё сезоннага характару, павышалі занятасць у сакавіку і жніўні 2023 года ў адносінах да папярэдняга месяца, але гэта не з’яўлялася доўгачасовым трэндам», — сказала эксперт. Паводле яе слоў, назіралася «прасяданне» працоўнай сілы ў большасці сектараў эканомікі. У прыватнасці, «адчувальнае зніжэнне было зафіксавана ў будаўніцтве, транспартнай галіне, аптовым гандлі, сферы інфармацыі і сувязі», скарачэнне работнікаў «складала не сотні, а тысячы».
Глядзіце таксама

Напрыклад, у сферы транспарту і лагістыкі колькасць работнікаў зменшылася з 281,9 да 274,4 тыс., сельскай гаспадарцы — з 362 да 350,1 тыс., будаўніцтве — з 253,9 да 245,5 тыс., аптовым і рознічным гандлі — з 600,6 да 593,3 тыс., грамадскім харчаванні — з 72,8 да 69,5 тыс., сферы інфармацыі і сувязі — са 137,9 да 122,7 тыс., у адукацыі — з 436,8 да 431,7 тыс.
Пры гэтым, падкрэсліла прадстаўнік BEROC, неабходна ўлічваць спецыфіку той ці іншай галіны: зніжэнне колькасці занятых не заўсёды азначае ўзнікненне іх недахопу.
«Возьмем, да прыкладу, IT-сферу. Тут не тое каб не хапала работнікаў. Проста галіна па выніку года паказала спад. Такая ж сітуацыя была ў галіне транспарту», — патлумачыла эксперт.
Абавязковае размеркаванне будзе ўплываць на рынак працы
На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 21 верасня 2023 года міністр адукацыі Андрэй Іванец анансаваў змены ў Кодэкс аб адукацыі: для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся платна, планавалася ўвесці адпрацоўку па размеркаванні, а для выпускнікоў бюджэтных аддзяленняў — павялічыць яе тэрмін. Лукашэнка заявіў, што адпрацоўкі на працягу двух гадоў недастаткова, яе неабходна павялічыць да пяці і нават сямі гадоў:
«Што такое два гады? Гэта, лічыце, мы яго навучалі ў ВНУ і яшчэ праз настаўніцтва… Навучаем два гады на працы. Я лічу, што тут павінны дзейнічаць забаронныя меры, як бы гэта ні было непапулярна. Ну хоць бы паўзабаронныя, дапусцім, пяць гадоў. Правільна, мэтавікі — пяць гадоў. Можа быць, арыентаваць акуратна да сямі гадоў. У адваротным выпадку не хадзі ў мэтавікі».
Аднак праз паўгода, на прэс-канферэнцыі 28 сакавіка, міністр адукацыі паведаміў, што зменаў у сістэме размеркавання не будзе.
Глядзіце таксама

Тым не менш захаванне статус-кво, на думку Лузгіной, таксама будзе ўплываць на рынак працы: «Мне падаецца, што маладыя людзі, бачачы гэтую сістэму адпрацоўкі, будуць выбіраць для атрымання адукацыі ВНУ бліжэйшых краін, дзе ім не пагражае размеркаванне. А тым больш калі маладым хлопцам яшчэ і армія свеціць. Зразумела, для іх лепш будзе атрымаць адукацыю не ў Беларусі. І, зразумела, добрую, высокааплатную працу».
Як лічыць эксперт, жорсткія адміністрацыйныя метады ўладаў не спрацуюць, наадварот, яны «палохаюць маладых людзей», якія «пачынаюць пралічваць рызыкі і робяць высновы».
«Усё павінна рэгулявацца рынкам: трэба ствараць умовы, каб маладыя спецыялісты з задавальненнем прыязджалі і заставаліся «на месцах», а не пры першай жа магчымасці спрабавалі збегчы», — падкрэсліла эксперт.
Павышэнне пенсій пад пагрозай
Чалавечы рэсурс — неад’емная частка эканамічнага працэсу, а Беларусь губляе працоўную сілу не першы год, адзначыла Лузгіна. «Калі гэтага рэсурсу становіцца менш, калі ён у дэфіцыце, як у Беларусі, то ўзнікаюць праблемы і ў сферы вытворчасці, і ў сферы паслуг. У выніку гэта абмяжоўвае магчымасці росту таго ж ВУП», — канстатавала эксперт.
Яна прывяла афіцыйную статыстыку, згодна з якой на канец 2021 года было 92 тыс. вакансій на рынку працы, 2022-га — 95 тыс., 2023-га — амаль 135 тыс.
Паводле слоў Лузгіной, не варта забываць, што сённяшнія работнікі забяспечваюць пенсіянераў. «Калі работнікаў становіцца менш, зніжаецца аб’ём адлічэнняў у ФСАН, які і так дэфіцытны. Цяпер дзяржава пераразмяркоўвае рэсурсы і закрывае гэты мінус. Калі праблема захаваецца, гэта значна паменшыць магчымасці павышэння пенсій у намінальным выражэнні і захавання іх суадносін да сярэдняй заработнай платы на ўзроўні 40%», — сказала эксперт.
Глядзіце таксама

Адзін раён — адзін праект — адзін галаўны боль?
У траўні 2022 года Лукашэнка заявіў, што кожнаму раёну краіны «патрэбны адзін нармальны праект у год». «Вялікі, малы, але каб людзі бачылі нейкі рух і атрымалі працоўныя месцы», — запатрабаваў ён. Праз год стала вядома, што ў рамках гэтага даручэння падрыхтавана 129 праектаў (верагодна, па колькасці адміністрацыйных адзінак — 118 раёнаў, 10 гарадоў абласнога падпарадкавання і сталіца).
Паводле інфармацыі Мінэканомікі, у 2023 годзе «завершана рэалізацыя 19 праектаў, у тым ліку адзін уведзены датэрмінова, створана 1.118 працоўных месцаў». Такім чынам, выканана 15% праектаў згаданай дзяржаўнай ініцыятывы.
Глядзіце таксама

У большай ступені яе рэалізацыя «ажыццяўляецца адміністрацыйнымі метадамі», дзеліцца назіраннямі Лузгіна. «Вядома, нельга казаць, што дэфіцыт працоўнай сілы існуе ў абсалютна ўсіх рэгіёнах краіны. Ёсць, зразумела, раёны, дзе людзі ў сілу розных прычын сапраўды не могуць знайсці працу. І дзесьці стварэнне новага прадпрыемства можа даць штуршок развіццю, але гэта павінна рабіцца не зверху ўніз, а наадварот. Не для галачкі, а з пункту гледжання рацыянальнасці», — падкрэсліла эксперт.
Адток кадраў з некаторых раёнаў яна тлумачыць адсутнасцю адпаведнай інфраструктуры: «Людзі, асабліва маладыя, з’язджаюць з пасёлкаў і вёсак у гарады, таму што там камфортней жыць, ёсць магчымасць атрымліваць больш высокую зарплату».
Пры гэтым для многіх найбольш прывабным месцам для працы і жыцця застаецца Мінск, дзе «магчымасці вышэйшыя, чым у абласных цэнтрах», канстатавала Лузгіна.