Ідэалагічная апрацоўка: па словах сілавікоў, ужо ўвесь народ лічыцца «нядобранадзейным»

Малады спецыяліст, які праходзіць размеркаванне на адным з беларускіх заводаў, дзеліцца ўражаннямі ад працы, распавядае аб праблемах дзяржпрадпрыемстваў і разважае пра «насаджванне» ідэалогіі, піша «Салідарнасць».

_ekanomika_pradpryemstva_zavod_zanjapad_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg

Андрэй (імя зменена) — малады спецыяліст. Два гады таму хлопец скончыў універсітэт і абраў у якасці размеркавання па спецыяльнасці адзін з беларускіх заводаў. У сваім маналогу для «Салідарнасці» ён распавёў пра ўмовы на прадпрыемстве для маладых спецыялістаў і агульны настрой сярод рабочых.

«70% работнікаў — пажылое пакаленне»

— Працаваць у цэлым аказалася прасцей, чым вучыцца, — прызнаецца Андрэй. — У нас, па сутнасці, адзінкавая вытворчасць і ўсё, што трэба рабіць, ужо прыдумана да нас. А нейкую цяжкую працу маладым спецыялістам не даюць.

Адчуваецца дэфіцыт кадраў. Працуе ў асноўным пажылое пакаленне — гэта дзесьці 70% ад усіх работнікаў, ёсць нават тыя, каму за 70. Калі яны сыдуць, працаваць будзе няма каму. Таму ў гэтым плане ўсё вельмі сумна. У цэлым у нас вялікі разрыў ва ўзросце ў работнікаў — ад 25 да 45 гадоў наогул можа не быць людзей.

Маладыя спецыялісты надоўга не затрымліваюцца: сыходзяць пасля двухгадовай адпрацоўкі або праз чатыры гады, калі перастаюць даплочваць за маладога спецыяліста.

Глядзіце таксама

Зарплата, у цэлым, нядрэнная, і з часам яна расце. Ёсць аклад і працэнты ад яго — яны розныя, у залежнасці ад вытворчасці і пасады. Калі адсоткі добрыя, можна атрымліваць 900-1000$ (дарэчы, амаль усіх работнікаў хвалюе курс даляра) — мяркую, гэта нядрэнна нават для Менска.

Але ёсць праблема — праз чатыры гады за маладога спецыяліста ўжо не даплачваюць, і працэнты ад акладу становяцца нашмат менш, чым раней.

«Закупляюць што танней, нават калі яно жудаснай якасці»

— Калі параўноўваць з іншымі заводамі, то ў нас усё адносна нядрэнна. Хаця «жэсці» хапае і па працоўных пытаннях, і ў адносінах. Напрыклад, што тычыцца нейкіх матэрыялаў, абсталявання, то закупляюць што танней, нават калі яно жудаснай якасці. Зразумела, што чым горш матэрыял, тым горш выніковая прадукцыя. Знаходзіш сам, што лепей, у Інтэрнэце, паказваеш начальству, а яны: «Не, гэта дорага».

Санкцыі, вядома, таксама адчуваюцца — няма магчымасці закупляць нешта з ЕС, хоць на 80% гэта цяпер замяняе Кітай. Закупляюць абсталяванне, але да яго няма інструмента. Ох, гэта асобная, доўгая, і хворая тэма. Тое ж самае з продажам — не ў ЕС, а ў Расію.

«Ідэалагічная апрацоўка ідзе заўсёды, хто толькі не прыязджае»

— У апошні час, накшталт, на заводзе ўсё становіцца лепш, хоць у цэлым па краіне толькі горш — закручваюць гайкі, запалохваюць. На прадпрыемстве заўсёды ідзе ідэалагічная апрацоўка — хто толькі не прыязджае: і прадстаўнікі розных РУУС, і ГУБАЗіК, і артысты ўсякія, у тым ліку Саладуха.

Ідэалогія — гэта проста смешна. У людзей могуць быць розныя погляды, палітычныя перавагі, але ва ўсіх узнікае агіда да таго, што ляціць з вуснаў сілавікоў. Нясуць усякую дзічыну, напрыклад, пра геяў у Еўропе.

На ідэалагічных мерапрыемствах спачатку могуць не закранаць палітычную тэму. Пачынаюць з аповеду аб ашуканцах у Інтэрнэце. Потым нейкім чынам прыплятаюць да гэтага вайну ва Украіне, у Ізраілі, паказваюць кадры пратэстаў у ЗША, Францыі, распавядаюць, як там б'юць людзей на пратэстах.

Глядзіце таксама

Далей закранаецца тэма падзей 2020 года, маўляў, яны не далі зрабіць нічога дрэннага з нашай краінай.

Часам сілавікі прыводзяць розныя лічбы. Распавядаюць, колькі «экстрэмістаў» у кожным беларускім універсітэце, колькі чалавек і на якую суму адправілі данаты ў Полк Каліноўскага — наўпрост кажуць, маўляў, «наш народ не разумее, хто такія экстрэмісты і дапамагаюць такім».

А яшчэ прыводзяць лічбы, колькі чалавек было падпісана на незалежныя СМІ да падзей 2020 года і пасля, і што пасля прызнання іх «экстрэмісцкімі» адпісваецца не так ужо і шмат людзей. Цяпер, па словах сілавікоў, ужо ўвесь народ лічыцца «нядобранадзейным», таму што большая частка гатовая ўпісацца ў нейкую «экстрэмісцкую тэму».

Уся гэтая ідэалагічная апрацоўка — абсалютна недарэчная, і работнікі завода з яе смяюцца. Нешта на тэму палітыкі мы стараемся паміж сабой не абмяркоўваць: я б сказаў, што ўсе ўсё разумеюць, але ўсім гэтая тэма ці то надакучыла, ці то палохае. Калі хтосьці пра нешта спытае, іншы адказвае: «Успомні, у якой краіне жывеш, потым падумай, які адказ хочаш ад мяне пачуць».

«Думаеш, як адпачнеш на выходных, а цябе выклікаюць на зборы»

— Ніякіх планаў на будучыню я цяпер не будую. Гэта нават гучыць смешна і нерэальна. Часам думаеш, як адпачнеш на выходных пасля цяжкага працоўнага тыдня, а да цябе звяртаецца начальства і кажа, што цябе выклікаюць на вайсковыя зборы. Пры гэтым ніхто не ведае, чаго чакаць, але ў ваенкамаце запэўніваюць, што ўсё ў парадку і перажываць не варта.

У такія моманты здаецца, што на маладых спецыялістаў проста ўсім пляваць. Ну, адарвуць ад працы і адправяць на зборы, значыць, адарвуць. Тое ж самае і ў працоўным плане: могуць наехаць, што ты нешта зрабіў не ў тэрмін, хоць ты ўвесь гэты час чакаў, пакуль для гэтага падпішуць нейкую паперку.

Вось таму многія маладыя хлопцы і сыходзяць. Зарплата ў 1000$ можа не матываваць цябе заставацца ні на працы, ні ў краіне, бо ў любы момант цябе могуць кудысьці тэрмінова выклікаць. Тады аказваецца, што нервы даражэй, чым грошы.

Глядзіце таксама