Сцягі, флагштокі, «Бацькава булка». Колькі грошай лукашэнкаўцы марнуюць на ідэалогію

У Віцебску ўсталююць мачту для сьцяга вышынёй з дом ад 16 да 20 паверхаў. Поруч паставяць герб і тэкст гімну, усё гэта падсьвецяць сьвятладыёднымі экранамі. «Свабода» ацаніла, колькі грошай падаткаплатнікаў лукашэнкаўцы марнуюць на візуальную і не толькі ідэалогію.

had_2490_logo.jpg.webp

Сьцяг на вышыні шматпавярховіка з падсьвечваньнем

У Віцебску ўлады плянуюць паставіць тронец для сьцяга вышынёй ад 50 да 64,5 мэтра на плошчы Тысячагодзьдзя. Гэта вышыня будынку ад 16 да 20 паверхаў. На канструкцыю плянуюць патраціць 39 906 рублёў.

Таксама поруч усталююць афіцыйны герб і словы гімну. Усё гэта плянуюць падсьвечваць сьвятладыёднымі экранамі.

Сумы ў 39 906 рублёў хапіла б, каб, напрыклад, выплаціць месячныя заробкі 25 лекарам.

Дзень народнага адзінства ў Мазыры за 20 000

Сёлета 17 верасьня ў Мазыры адзначалі так званы Дзень народнага адзінства, прызначаны на гадавіну аб’яднаньня БССР і Заходняй Беларусі, якое адбылося ў выніку нападу СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Мазырскія ўлады сумясьцілі сьвяткаваньні з адзначэньнем 868-годзьдзя гораду. Мантаж і абсталяваньне сцэны абышліся бюджэту ў 20 000 рублёў.

Гэта як 16,7 сярэдняга месячнага заробку ў сфэры культуры.

Сьцяг і тры партрэты Лукашэнкі

12-я гарадзкая паліклініка Менску плянуе патраціць 1000 рублёў на сьцяг і партрэты Лукашэнкі. Агулам чыноўнікі хочуць набыць тры сьцягі і расьцяжку за 740 рублёў, тры партрэты Лукашэнкі за 200 рублёў і яшчэ бутаньерку за 60 рублёў.

Столькі ж каштуе, напрыклад, дастаўка кіслароду ў лякарню спэцыялізаваным транспартам.


Глядзіце таксама

«Генацыд беларускага народу» за 4800 рублёў

Вайсковая часьць 3214 плянуе закупіць тры стэнды з падсьветкай «Генацыд беларускага народу». Памер аднаго стэнду 2 на 1,2 мэтра.

У 2022 годзе ў Беларусі прынялі закон «Аб генацыдзе беларускага народу», які юрыдычна прызнае генацыд беларусаў у гады Другой сусьветнай вайны. Пасьля на гэтую тэму пад патранажам пракуратуры напісалі кнігу, а на яе аснове — школьныя падручнікі.

Самі кнігі таксама купляюць сілавыя ўстановы адукацыі. Напрыклад, факультэт унутраных войскаў Вайсковай акадэміі — 12 асобнікаў за 480 рублёў.

«Бацькава булка» за 54 000 рублёў

Сёлета ў Сьвіслачы Горадзенскай вобласьці праходзіў каравай-фэст «Бацькава булка». Гэта фэстываль, дзе пекары з розных раёнаў прэзэнтуюць свае вырабы. На фэстывалі выступаў расейскі жаночы поп-гурт «Камбінацыя», які пачынаў яшчэ ў СССР. На яго выступ, згодна з сайтам дзяржаўных закупак, патрацілі 54 000 рублёў.

Падпіска на дзяржаўныя выданьні ў Веткаўскім раёне за 7835 рублёў

Цэнтар забесьпячэньня дзейнасьці бюджэтных арганізацыяў Веткаўскага раёну закупляе падпіску на дзяржаўныя СМІ на красавік–чэрвень наступнага году. Гэта каштуе 7835 рублёў. Сярод выданьняў дзяржаўныя «Голас Веткаўшчыны», «Гомельская праўда», «СБ. Беларусь сегодня», часопіс для настаўнікаў «Праздник в школе», часопісы «На экранах» і «Мастацтва».


Глядзіце таксама

Як растуць выдаткі на ідэалёгію

На ідэалёгію выдаткоўваюць як міністэрствы, так і выканаўчыя камітэты кожнага раёну. Агульную суму ў год падлічыць амаль немагчыма, таму разгледзім траты на ідэалёгію на прыкладзе дзяржаўных СМІ — асноўнага рупару ўладаў Беларусі. У 2022 годзе на дзяржаўныя СМІ зь бюджэту патрацілі 151 111 118 рублёў, у 2023 -ім — 162 401 818. Ужо налета ў бюджэт закладаюцца траты на дзяржаўныя СМІ ў 170 859 958 рублёў.

У рублёвым эквіваленце выдаткі растуць прыкладна на 8–11 мільёнаў рублёў штогод. Аднак у далярах з 2022 па 2023 выдаткі зьменшыліся на 3,3 тысячы згодна зь сярэднегадавым курсам.

«Пачалі меціць тэрыторыю сьцягамі»

Паводле былога супрацоўніка адміністрацыі прэзыдэнта і амбасады Беларусі ў Варшаве Анатоля Котава, выдаткі на ідэалёгію пачалі расьці яшчэ да 2020 году.

«Выдаткі на ідэалёгію ўвесь час растуць. Самыя сур’ёзныя выдаткі на ідэалёгію зьвязаныя з тэлевізіяй. Да 2020 году яшчэ зьявіўся трэнд на абнаўленьне тэхнічнай базы на БТ і АНТ. Гэта традыцыйна лічыцца асноўным сродкам камунікацыі з насельніцтвам. Была нават мара прапагандыстаў — стварыць холдынг «Саюзнай дзяржавы», каб частку выдаткаў перакласьці на Расею», — гаворыць Анатоль Котаў.

Мачты для сьцягоў у Менску і іншых гарадах пачалі ставіць у 2020 годзе, каб «памеціць тэрыторыю», мяркуе былы чыноўнік.

«Сьпярша зьявілася плошча Дзяржаўнага сьцягу. Гэтую задуму Лукашэнка падгледзеў у Азэрбайджане, у Баку. Гэта яшчэ не ішло тады ў абласныя цэнтры. У 2020 годзе рэжым спужаўся, што чырвона-зялёных сымбаляў вельмі мала, а калі іх упіхваць усюды і рабіць надзвычай вялікімі, гэта нібыта ўсіх прымусіць прызнаць перамогу рэжыму і палюбіць гэтыя сымбалі. Пачалі меціць тэрыторыю. У адказ на масавыя бел-чырвона-белыя сьцягі сталі штучна насаджаць чырвона-зялёныя. Патрыятызму гэта не прыбавіць, але ёсьць метка», — дадае Анатоль Котаў.