Крынж дня. Мінскіх студэнтаў павялі падтрымліваць Палесціну, а школьнікаў апранулі ў форму пуцінюгенда
У Беларусі працягваецца масавае замбіраванне моладзі з дапамогай прапаганды. Але вось нюанс: дзе-нідзе маладых беларусаў атручваюць ужо не толькі лукашэнкаўскімі наратывамі, але і расійскімі. І нават антыізраільскімі. Блогер Антон Матолька заўважыў, што ў Мінску студэнтаў адправілі для масоўкі падтрымліваць Палесціну, а школьнікаў у Клецкім раёне апранулі ў форму расійскага мілітарысцкага руху «Юнармія».
«Мы ўжо не раз пісалі аб нарошчванні пракрамлёўскіх наратываў у беларускіх школах і ВНУ, аднак на мінулым тыдні з'явіліся новыя факты, якія гавораць аб іншым узроўні ўплыву крамлёўскіх ідэй на беларускіх школьнікаў», — напісаў Антон Матолька.
Паводле яго слоў, у адной са школ Клецкага раёна Мінскай вобласці прайшло мерапрыемства да 65-годдзя лётчыка Уладзіміра Карвата. Але галоўнае, падкрэслівае блогер, не гэта, а тое, як выглядаюць школьнікі на фота — усе яны апрануты ў форму расійскага руху «Юнармія», які з'яўляецца адным з галоўных механізмаў для мілітарызацыі, мабілізацыі і ваеннай падрыхтоўкі моладзі ў РФ.
«Важна, што гэта першы выпадак, калі мы бачым адкрытае навязванне беларускім школьнікам нават не афіцыйнай сімволікі РБ, а сімволікі іншай дзяржавы. Дадзеная сітуацыя можа сведчыць аб цесных сувязях мясцовага кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні з расійскімі структурамі», — адзначыў Антон Матолька.
Акрамя гэтага, дадаў ён, на мінулым тыдні прайшло яшчэ адно «характэрнае мерапрыемства», якое тычыцца ўжо студэнтаў, і там гаворка крыху пра іншае.
Студэнтаў Мінскага філіяла РДСУ і БДЭУ павялі на круглы стол у падтрымку Палесціны ў мінскі Дом дружбы. У афармленні мерапрыемства выкарыстоўваліся партрэты палесцінскіх палітыкаў Ясіра Арафата, Махмуда Абаса, а таксама Лукашэнкі, а ў інфармацыйных матэрыялах дзеянні арміі Ізраіля называліся «генацыдам».
«Юнармія» — Усерасійскі
дзіцяча-юнацкі грамадскі рух, які пазіцыянуе сябе як «ваенна-патрыятычны» і
з'яўляецца адным з галоўных механізмаў для мілітарызацыі, мабілізацыі і ваеннай
падрыхтоўкі моладзі ў Расіі. Створаны ў студзені і зарэгістраваны 29 ліпеня
2016 года з мэтай «пашырэння і ўпарадкавання ваенна-патрыятычных клубаў».
Сярод заснавальнікаў — ДТСААФ Расіі, ветэранская грамадская арганізацыя Узброеных сіл Расіі, армейскі спартыўны клуб ЦСКА.
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну за «распаўсюджванне расійскай прапаганды вайны» рух уключаны ў санкцыйны спіс усіх краін Еўрасаюза і іншых дэмакратычных дзяржаў.
Адна з альтэрнатыўных назваў «Юнарміі» — «пуцінюгенд», па аналогіі з гітрелюгендам ў Германіі 30-40 гадоў мінулага стагоддзя.