«Каляднае пераможнае цемрашальства». У хату беларускага Зюзі засяліўся партызанскі Дзед Мароз
У час, калі цывілізаваны свет глядзіць «Адзін дома», рыхтуючы калядныя падарункі да магічных снежаньскіх дзён, прапагандысты прапануюць беларускім дзецям эксклюзіўныя забаўкі з «фэйкавым Сантам» у вайсковай форме і шапцы з сярпом і молатам.
Што адбылося?
У мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына», што знаходзіцца непадалёк ад Івацэвічаў, 2 снежня «прыляцеў» незвычайны Дзед Мароз, піша БЕЛТА.
Каб знайсці яго, наведвальнікаў прымусілі паўдзельнічаць у святочным квэсце «Разведка шукае партызанскага Дзеда Мароза». зыходзячы з фота, апублікаваных прапагандыстамі, абсалютнай большасцю ахвяр мерапрыемства сталі дзеці. Гасцей падзялілі на некалькі груп, сярод якіх былі разведчыкі, снайперы, санітарная дружына і іншыя «святочныя» спецыяльнасці.
«Кожны гурт, пабываўшы ў лагеры, праходзіць своеасаблівае навучанне і знаёміцца з партызанскім побытам. У нас кожны домік — асобны аб'ект са сваёй гісторыяй, дзе мы расказваем пра нейкую частку партызанскага жыцця. У канцы чакае сустрэча з Дзедам Марозам», — дзеліцца ідэяй тэматычнага «каляднага цуду» кіраўнік комплексу Сяргей Мачалаў. Па яго словах, канцэпцыя мерапрыемства засноўваецца на ўшанаванні памяці жаўнераў Чырвонай арміі, якія, нягледзячы на ўмовы, рабілі ялінкавыя цацкі ў акопах і падтрымлівалі навагодні настрой падчас баёў.
Найбольш гвалтоўны для вачэй складнік гэтай гісторыі — аблічча партызанскага Дзеда Мароза. Яго твар «упрыгожаны» барадой з пакулля: асацыяцыі стваральніка, верагодна, звязаны з уцяпленнем бліндажоў гэтым матэрыялам падчас Другой сусветнай вайны. На целе тулуп і рамень з кабурой для пісталета, у руцэ — посах, увянчаны чырвонай зоркай, на шапцы — тая ж чырвонаармейская зорка, але з сярпом і молатам.
«Цікавае спалучэнне атрымалася: мірны персанаж, але ў той жа час і вайсковец. Казалі, партызанскі Дзед Мароз адмарозіў фрыцам нос», — жартуе Мачалаў.
Адказ Санце Клаўсу і дзевяці лятучым аленям, што развозяць падарункі на магічных санях па-над ціхім мірным горадам, івацэвіцкія крэатыўшчыкі таксама прыдумалі — партызанскі Дзед Мароз у гэтай легендзе дэсантуецца з ваеннага самалёта.
Мерапрыемства не магло быць пакінутым без прыбірання каляднай ялінкі самым недарэчным спосабам: для яе дзеці рабілі цацкі з кавалачкаў чырвонай тканіны, а таксама ўпрыгожванні ў выглядзе парашутаў з невядомым грузам.
Мілітарызацыя свята — хіба норма?
Культ вайны, які раней праяўляўся праз помнікі, вахты памяці і «можем повторить» на шкле аўтамабіля, цяпер дабраўся да найважнейшых беларускіх свят, культуры і традыцый. Людзі з аніякім веданнем гісторыі Беларусі (за выключэннем так званай Вялікай Айчыннай) і адсутнасцю якога-небудзь эстэтычнага густу нахабна перакручваюць існуючыя стагоддзямі сімвалы свята.
Для прыкладу ўзяць той жа посах. Важны атрыбут Зюзі павінен быў быць абавязкова выраблены з жалеза. Ім паганскі бог біў аб дрэвы і пні, калі злаваўся на людзей, ад чаго, як вынікае з легенд, нават зямля пад нагамі магла раскалоцца. Посах Санты звычайна выраблены з высакароднага дрэва і выгнуты ўверсе, а ў здаровага Дзеда Мароза — прамы, абавязкова ўвянчаны каляднай зоркай.
Калядная зорка — атрыбут, звязаны з нараджэннем Ісуса Хрыста, бо менавіта «Віфлеемская зорка» прадказвала цудоўнае нараджэнне. Як правіла, у былыя часы атрыбут выраблялі са звычайнага рэшата, да якога прыладжвалі «рожкі» і абклейвалі іх рознакаляровай прамасленай паперай, а пасля ўпрыгожвалі фальгой, стужкамі і пэндзлікамі. На бакавых сценках маглі мацавацца малюнкі на рэлігійную тэматыку. Унутр зорачкі ўстаўлялі свечку, утвараючы нешта накшталт «чароўнага ліхтарыка».
Зорка з'яўляецца значна больш старажытным сімвалам зімовых свят і ўвайшла ў культуру насельніцтва Беларусі ды Украіны задоўга да прыняцця хрысціянства. А наляпіць савецкую «звязду» да сцябла ад швабры — гэта фактычна здзек са шматвекавых традыцый беларускага народа, пабудаваны на глебе неадукаванасці, прапагандысцкіх перакананнях і кульце вайны.
«Новы Час» удакладніў у беларускай краязнаўцы (імя не ўказваем дзеля бяспекі), ці могуць святыя сімвалы падвяргацца падобным трансфармацыям.
«Ідзе падмена паняццяў, няма элементарнай логікі — негарманічна перамяшалі ўсё. Логіка адсутнічае — а значыць і прыгажосці свята таксама быць не можа. Тут бібліейская гісторыя змяшана з вайной», — адказала яна.
Выкладчыца таксама адзначыла, што выкарыстанне зброі і іншых пабочных атрыбутаў замест ці разам з сімваламі Калядаў ідзе насуперак здароваму сэнсу.
Галоўны герой мерапрыемства не пакінуў рэпартаж без мудрай думкі і паспеў прынізіць Санту, Мароза і іншых калядных істот у параўнанні з яго персанажам. Нібыта ў іх усё завязана на грашах і матэрыяльных каштоўнасцях, а ў партызанскага — на патрыятызме і духоўнасці.
«У адрозненне ад казачных калег, у яго (партызанскага Мароза) не просяць матэрыяльных даброт. Пабываўшы ў партызанскім лагеры, дзеці і дарослыя жадаюць самага галоўнага — міру і здароўя родным», — кажа Мікалай Зыбайла, які хаваецца пад барадой і «калядным касцюмам».
Над тым, як са сказаным спалучаецца той факт, што тэрыторыя яго краіны выкарыстоўвалася расійскай акупацыйнай арміяй з мэтай уварвання ва Украіну і запуску ракет, нашчадак пераможцаў не разважаў.
Не адным культам вайны...
Мэтавая аўдыторыя гэтага свята — дзеці, якія вельмі лёгка паддаюцца намове. Дастаткова падаць ідэю ў забаўляльнай форме, і дзіця адразу гатова ў яе паверыць. Таму гэта ідэальны момант, каб прасунуць думку пра бесклапотнасць жыцця ў стабільнай краіне з мірным небам над галавой, у якой не трэба есці гнілую бульбу ці спаць у зямлянках, за што ўсе ўдзячны Аляксандру Рыгоравічу.
«Цяпер нас складана нечым здзівіць. Што нам патрэбна і хочацца, можам пайсці і набыць. У тыя часы людзі радаваліся простым рэчам. Гэта прымушае задумацца, што шчасце — у простых рэчах», — кажа васьмікласнік Данііл Кірылаў карэспандэнту БЕЛТА. Менавіта на гэтай канцэпцыі і трымаецца рэжым: параўнанні з жудаснымі часамі савецкай акупацыі, якую ганьбяць самі ж прыхільнікі ўлады. Адсутнасць зацікаўленасці ў перспектывах развіцця і жыццё з магчымасцю выдаткаваць грошы толькі на ежу — найгалоўнейшая якасць, якую ідэолагам выгадна прадаць кожнаму дзіцяці.
А адкуль метастазы?
Менавіта на гэтай паштовай мініяцюры 1941 года выява Дзеда Мароза перакручваецца на вобраз таго самага жудаснага Дзеда-Партызана, Дзеда-Воіна, «бязлітаснага да ворагаў».
У гэтым жа годзе паэтэса Яўгенія Трутнева ў сваім вершы тлумачыць, чаму дзед змяніў посах ды мяшок з падарункамі за плячыма на зброю:
«У него игрушек нет
В торбе за плечами.
Партизанит старый дед
Зимними ночами.
Деду некогда, поверь,
Мастерить игрушки.
Не пройдёт фашистский зверь
По лесной опушке!»
«Дзед Мароз», галоўны персанаж цудоўнага свята зімы, стаў атрымліваць вінтоўкі і аўтаматы, мяшкі з патронамі ды гранаты, штыкі і гарматы, чырвонаармейскія зоркі і цяльняшкі.
Пазней на ялінках з'явіліся фігуркі жаўнераў, санітарак, ваеннай тэхнікі і Дзед Мароз са стрэльбай.
Цяпер культ вайны, як ракавая пухліна, пускае метастазы не толькі ў беларускае грамадства, але і ў дзіцячыя святы.