Карбалевіч: Час ідэалогіі прайшоў, а Лукашэнка толькі спрабуе яе сфармуляваць

Праз 30 гадоў кіравання, калі ўжо самы час падвесці вынікі і сысці, Лукашэнка просіць сваю наменклатуру сфармуляваць яму дзяржаўную ідэалогію. А што рабілі 30 гадоў да гэтага?

_belarus_horad_vosen_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

15 сакавіка Лукашэнка збіраў сваіх прыхільнікаў на сустрэчу, прысвечаную 30-годдзю Канстытуцыі Беларусі.

«Самы правільны гісторык» расказаў пра традыцыі ў перапісванні Канстытуцыі (а за час яго кіравання Асноўны закон тройчы перапісваўся пад патрэбы кіраўніка). Нейкім цудам ён заўважыў, што ў Канстытуцыі «ёсць часцінка традыцыі Полацкага веча», а вось Статуты Вялікага Княства Літоўскага ў гісторыі «засталіся як законы, якія адлюстроўваюць інтарэсы выключна багатых і шляхетных людзей». А пра «Канстытуцыю Рэчы Паспалітай, дзе гарантыям правоў нашага народа ў прынцыпе не знайшлося месца, я наогул маўчу».

У выніку ён прыйшоў да высновы, што «ідэйна і канцэптуальна Канстытуцыя суверэннай Беларусі з'яўляецца пераемнікам Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі — рэвалюцыйнага, прагрэсіўнага і, галоўнае, справядлівага дакумента».

За звычайным словаблуддзем Лукашэнкі можна заўважыць пару важных рэчаў. Напрыклад, чарговы заклік да наменклатуры аб'ядноўвацца вакол яго персоны:

«Зайздроснікаў шмат. Таму час выбраў нас. Давайце трымацца ў імя выратавання нашай краіны. Яшчэ раз хачу сказаць: ад мяне вы не чакайце ні здрады, ні змены нейкага курсу налева-направа. Разам з вамі вызначымся па ўсіх пытаннях. Я вам гэта абяцаю».

Але агулам Лукашэнка на сціпласць ніколі не пакутаваў, а цяпер тым больш не хварэе:

«Часта мне задаюць пытанне, ці задаволены я тым, што мы зрабілі, пабудавалі. Я задаволены. Упэўнены, і вы задаволеныя. Мы пабудавалі, як умелі, як маглі. Мы шчыра ставіліся да гэтага будаўніцтва. Прыйдуць новыя людзі — зробяць лепш, магчыма. І наша пакаленне павінна зрабіць усё, каб новае пакаленне, якое прыйшло да ўлады, ішло акуратна, нічога не ламаючы».

Што спрабаваў сказаць Лукашэнку ў гадавіну Канстытуцыі?

«BGmedia» пагаварылі з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Валерыем Карбалевічам.


Глядзіце таксама

— Сам фармат мерапрыемства, прысвечанага 30-годдзю прыняцця Канстытуцыі Беларусі, абумовіў акцэнт на Асноўным законе, на яго ўплыве на грамадскае жыццё.

Я б сказаў, што Лукашэнка рабіў падвядзенне вынікаў свайго кіравання, таму гучала парадна-фанфарная рыторыка: як усё дрэнна было, калі яго не было на пасадзе прэзідэнта, і як усё добра стала, калі ён з'явіўся. Беларусь ідзе адзіна верным шляхам, насуперак інтрыгам «ворагаў»: Захаду, апазіцыі і гэтак далей. Калі ў звычайных выступах, у пасланнях, з якімі Лукашэнка раз на год выступае перад парламентам, гаворыцца ў тым ліку і пра праблемы, пра задачы, то на сходзе пра праблемы практычна нічога не гаварылася. Лукашэнка мімаходзь згадаў, што добра было б распрацаваць сваю ідэалогію. Але ў цэлым яго прамову можна ацаніць як даклад на чарговым з'ездзе КПСС: авацыі, апладысменты і больш нічога.

Гаворка будавалася паводле Оруэлла, калі з'явы называюцца процілеглым словам, ўжываюцца з процілеглым знакам: у канцэнтраваным выглядзе выкладзена настолькі паралельная рэальнасць, якая не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці.

— Лукашэнка спрабуе прыдумаць уласную ідэалогію ці ледзь не з моманту прыходу да ўлады — і ўсе спробы пайшлі марна. Якую ідэалогію, заснаваную на Канстытуцыі, ён хацеў бы атрымаць?

— Гаворка ідзе пра дзяржаўную ідэалогію. Што такое дзяржаўная ідэалогія? Гэта ідэалогія, якая з'яўляецца абавязковай для ўсіх членаў грамадства, адступленне ад якой караецца па законе, як гэта было ў Савецкім Саюзе. Дзяржаўная ідэалогія — гэта з'ява таталітарнага грамадства, таму што дзяржаўная ідэалогія і дэмакратыя — рэчы несумяшчальныя. Наяўнасць дзяржаўнай ідэалогіі аўтаматычна адмаўляе існаванне любога іншадумства: чалавек не можа і не павінен думаць інакш, чым напісана ў рамках дзяржаўнай ідэалогіі, інакш — турма.

Іншая справа, што сфармуляваць ідэалогію Лукашэнка не ўмее, не можа і не бачыць яе зместу. Гэта сапраўды складана, таму што эпоха ідэалагічных дзяржаў скончылася, хоць яшчэ застаўся Іран, Паўночная Карэя, Куба. Нават у Кітаі гаварыць пра дзяржаўную ідэалогію складана: напэўна, яна ёсць, але прадстаўлена ў эклектычным выглядзе. У Расіі дакладна няма ніякай дзяржаўнай ідэалогіі. Таму што ідэалогія — гэта сістэма ведаў, якая дае адказы на ўсе пытанні быцця. Скажам, сусветныя рэлігіі — вось прыклад ідэалогіі, савецкая камуністычная ідэалогія — яшчэ адзін прыклад. А тое, што сёння прапануе афіцыйная прапаганда ў Беларусі і Расіі, — усяго толькі эклектычны набор нейкіх тэзісаў, якія складана назваць ідэалогіяй.


Глядзіце таксама

— 25 лютага на выбарчым участку Лукашэнка даў старт уласнай выбарчай кампаніі. З тых часоў кожную сустрэчу ён праводзіць са сваім электаратам, адданым і лаяльным: чыноўнікамі, вертыкаллю, вайскоўцамі, але не ходзіць у народ. Сапраўды, гэтак жа перад самымі выбарамі ў 2020 годзе ён абходжваў вайсковыя часткі і спецпадраздзяленні, калі ўсе астатнія кандыдаты ў прэзідэнты сустракаліся з выбаршчыкамі. Цяпер ужо відавочна — навошта. А чаго дамагаецца Лукашэнка ад наменклатуры цяпер?

— Зразумела чаго дамагаецца: лаяльнасці, падтрымкі. Наменклатура — яго апора, апора яго ўлады, і ён спрабуе актыўна на яе ўздзейнічаць з розных бакоў. З аднаго боку — пераслед, абвінавачанні ў карупцыі, патрабаванні, а з другога – тлумачыць, як учора, што мы ідзём дакладнай дарогай, таму давайце кансалідавацца вакол мяне. Тут усё досыць празрыста.

— У Лукашэнкі ёсць падставы сумнявацца ў лаяльнасці наменклатуры? Ці проста падсцілае саломку — на выпадак падзення?

— Гэта працэс пастаянны. Ён павінен пастаянна пасылаць імпульсы з верху адміністрацыйнай піраміды. У рамках сістэмы, у якой жыве сёння Беларусь, калі лідар не будзе пастаянна ціснуць, даваць імпульсы, то яна пачне раскладацца і дэградаваць. Ён гэта разумее, таму пастаянна трымае руку на пульсе і ўвесь час кантралюе, пастаянна выклікае, пастаянна мабілізуе. Такія персаналісцкія рэжымы не працуюць на аўтамаце: адміністрацыйная піраміда жыццяздольная ў тым выпадку, калі зверху пастаянна ідзе пэўны імпульс.


Глядзіце таксама

— Лукашэнка абвясціў, што ўтрымаць уладу ў турбулетным 2020 годзе «Бог дапамог. Не бегае прэзідэнт з аўтаматам там, з дзіцём ... ніхто. Бог — Ён нас проста абараніў». Цяжка ўявіць, што Бог уступіў у змову з праваслаўным атэістам з мэтай здушыць беларускія пратэсты. Гэта сказана ад балды або з нейкім намерам?

— Ведаеце, часам падчас такіх выступаў Лукашэнка кажа пра рэчы, пра якія думае. Што значыць фраза пра Бога? Гэта значыць, што сітуацыя магла развівацца ў іншы бок, сітуацыя была вельмі хісткая, і пратэстам не хапіла зусім няшмат, каб перамагчы. Таму Лукашэнку ў пэўнай меры пашанцавала, пашанцавала, што пратэсты аказаліся не настолькі моцнымі і эфектыўнымі, як маглі быць. Я менавіта так трактую тэзіс пра Бога: доля шанцавання дапамагла ўтрымаць уладу.