Лета, сонца, мора, пляж... і ракеты. Чаму Лукашэнка не едзе ў Крым?

10 гадоў таму Расеяй быў акупаваны ўкраінскі Крым. Дагэтуль Лукашэнка там не пабываў, хоць і прызнаваўся, што ёсьць такое жаданьне. Валер Карбалевіч на «Свабодзе» задаецца пытаньнем: што пайшло ня так?

Ілюстрацыйнае фота: kp.ua

Ілюстрацыйнае фота: kp.ua

Захоп Крыму Расеяй паклаў пачатак разбурэньню той сыстэмы міжнародных адносінаў, якая склалася пасьля заканчэньня «халоднай вайны».

Менск выкручваецца

Пазыцыя афіцыйнага Менску наконт захопу Крыму была супярэчлівай, непасьлядоўнай, залежала ад палітычнай каньюнктуры. З аднаго боку, стратэгічная лінія замежнай палітыкі грунтавалася на захаваньні цесных адносінаў з Расеяй.

З другога боку, беларускае кіраўніцтва зыходзіла зь лёгікі, што калі Расея дазваляе сабе такое рабіць з тэрыторыяй Украіны, то яно можа здарыцца зь любой іншай постсавецкай краінай.

Да таго ж, Аляксандр Лукашэнка не хацеў аказацца ў статусе марыянэткі РФ у вачах нават лідэраў постсавецкіх дзяржаваў, стаць у адзін шэраг з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй.

Таму спачатку тагачасны міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей казаў, што Менск падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Потым даводзілася ўсяляк выкручвацца.

Калі Аляксандар Лукашэнка прыехаў ў Кіеў на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі ў тым жа 2014 годзе, то на пытаньні ўкраінскіх журналістаў «Чый Крым?» адказваў, што, маўляў, калі ён украінскі, то чаго вы яго не абаранялі.


Глядзіце таксама

Пасьля 2020 году пазыцыя афіцыйнага Менску ў гэтым пытаньні стала больш прарасейскай. У чэрвені 2021 году Лукашэнка заявіў, што Масква і Менск канкрэтызуюць пытаньне аб адкрыцьці авіярэйсаў зь Беларусі ў Крым. Гэта адбылося пасьля таго, як Украіна закрыла паветраную прастору для беларускіх самалётаў у выніку інцыдэнту з пасадкай у менскім аэрапорце рэйсу «Ryanair» з Раманам Пратасевічам на борце.

Лукашэнка хоча ў Крым, але ня едзе

4 лістапада 2021 году Лукашэнка публічна паскардзіўся, што Пуцін ня ўзяў яго з сабой у Крым: «Уладзімір Уладзіміравіч мне ўсё абяцаў, што з сабой возьме ў Крым і пакажа навінкі, што там новага зроблена... Але вось сёньня адзін зьехаў і мяне з сабой не запрасіў».

На што прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў адказаў: «У прэзыдэнта Беларусі ёсць дзейнае запрашэньне наведаць Крым, даўняе».

30 лістапада таго ж году Лукашэнка даваў інтэвію вядомаму расейскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву. На канкрэтнае пытаньне пра Крым Лукашэнка зноў выкручваўся:

– Я б прызнаў, дапусьцім, Крым у тыя часы, хоць фактычна зразумелая мая пазыцыя. Адказаў бы «так, Крым расейскі», я б сказаў. Якія дывідэнды ад гэтага атрымаюць Расея і Беларусь?.. Мы ўсе разумелі, што Крым дэ-факта, я тады яшчэ сказаў «дэ-факта», — гэта расейскі Крым. Пасля рэфэрэндуму і дэ-юрэ Крым стаў расейскім. Але я пра гэта асабліва не выказваўся, не пэдаляваў тэму... У нас пэўная дамоўленасьць з Пуціным, што мы ў Крыме пабудзем... Мы разы тры пра гэта гаварылі. І ён павінен сам вызначыцца, калі зручнейшы будзе час там, каб дажджу не было. Я яму: калі запросіш, тады і паляцім... Я вось прыеду і афіцыйна яго прызнаю. Калі прэзыдэнт ужо туды прыехаў з прэзыдэнтам Расеі. Слухайце, якія яшчэ могуць быць прызнаньні?


Глядзіце таксама

Пасьля тых гучных заяваў мінула больш як два гады. Але ніякіх авіярэйсаў зь Беларусі ў Крым так і не зьявілася. Сам Лукашэнка на паўвыспу так і не паехаў. Магчыма, праз дождж. А цяпер гэта рабіць увогуле небясьпечна, бо Крым украінцы ўвесь час абстрэльваюць.

Таму крымская гісторыя не закончаная. Лёс паўвыспы вырашаецца на фронце расейска-ўкраінскай вайны. А пытаньне прызнаньня Крыму афіцыйным Менскам так і застаецца ў падвешаным стане.