Па лякалах Ярмошынай: як 10 гадоў таму адбыўся рэфэрэндум у Крыме
16 сакавіка 2014 года на тэрыторыі Ўкраіны расейскімі акупантамі была зьдзейсненая апэрацыя па захопе тэрыторыі. Крымская паўвыспа стала месцам нібы народнага волевыяўленьня. Як гэта любяць тыраны, лічбы намалявалі амаль стоадсоткавыя. 96,77% галасоў быццам бы выказаліся за ўваход у Імпэрыю Зла. Як гэта адбывалася?
Крым стаў цэнтрам геапалітычнага крызісу, які ахапіў увесь сьвет, кульмінацыяй якога стаў так званы рэфэрэндум і наступная анэксія Крыма Расеяй. Гэты крок Украіна і большасьць міжнароднай супольнасьці, у тым ліку Генасамбея ААН, палічылі незаконным.
Перадумовы
Прысутнасьць расейскага Чарнаморскага флоту ў Севастопалі па лізінгавай дамове з Украінай служыла пастаянным напамінам аб стратэгічнай і ваеннай зацікаўленасьці Расеі на паўвыспе. Гэтая дамоўленасьць распальвала дэбаты ва Ўкраіне аб нацыянальным сувэрэнітэце і намерах Расеі. Прысутнасьць флоту таксама забясьпечвала працяглы ваенны і грамадзкі ўплыў Расеі ў Крыме. Была створаная сітуацыя, калі Расея мела значныя рычагі ўплыву на паўвыспе.
Непасрэдным папярэднікам захопу Крыма стала Рэвалюцыя Годнасьці ва Ўкраіне. Рэвалюцыю выклікала раптоўнае рашэньне ўкраінскага прарасейскага ўраду адмовіцца ад пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам на карысьць больш шчыльных сувязяў з Расеяй. Пратэсты і наступныя сутыкненьні паміж дэманстрантамі і ўрадавымі сіламі ў Кіеве прывялі да адхіленьня ад улады прэзідэнта Віктара Януковіча, які ўцёк у Расею.
Вакуўм улады і палітычная нестабільнасьць у Кіеве далі падставу для Расеі ўмяшацца ў Крым пад выглядам абароны этнічнага расейскага насельніцтва ад новага, нібыта нацыяналістычнага і фашыстоўскага, паводле словаў Крамля, украінскага ўрада. Гэта ўмяшаньне «зялёных чалавечкаў» бяз знакаў адрозьненьня, але з расейскай зброяй у руках, хутка прывяло да рэфэрэндуму.
Сакавік 2014
6 сакавіка 2014 года Вярхоўны Савет Аўтаномнай Рэспублікі Крым зацьвердзіў пастанову «Аб правядзеньні агульнакрымскага рэфэрэндуму», якім, у прыватнасьці, было прадугледжана ўваходжаньне Крыма ў склад Расеі і правядзеньне 16 сакавіка 2014 года агульнакрымскага рэфэрэндуму, на якія будуць вынесены такія пытаньні:
1) Вы за ўзьяднаньне Крыма з Расеяй на правах суб'екта Расейскай Федэрацыі?
2) Вы за аднаўленьне дзеяньня Канстытуцыі Рэспублікі Крым 1992 года і за статус Крыма як часткі Украіны?
У дзень рэфэрэндуму
брытанскі эксперт па міжнародным праве Джэймс Самэрс напісаў, што, калі
адбудзецца анэксія Крыма Расеяй, гэта стане самым сур'ёзным парушэньнем статута
ААН з часу ўварваньня Ірака на тэрыторыю Кувэйта.
«Сам па сабе рэферэндум парушае міжнароднае права, таму што адбываецца ад незаконнага дзеяньня — уварваньня ў Крым. Цяпер ён (рэфэрэндум) спрабуе гэта ўварваньне ўзаконіць», — сказаў ён.
Зрэшты, уварваньне Ірака ў пачатку 1990-х прынесла за сабою маланкавую пасьпяховую апэрацыю Кааліцыі «Бура ў пустыні», якая выкінула Садама Хусэйна з захопленай краіны. Дзесяць гадоў таму дзівосная арганізацыя ААН не змагла зрабіць анічога, што ў той час магло зьмяніць становішча, якое склалася. За апошнія дзесяць гадоў нічога не зьмянілася.
12 сакавіка 2014 года амбасада Ўкраіны ў Беларусі апублікавала наступную заяву: «Украіна зьяўляецца суверэннай, незалежнай дзяржавай, з цэласнай, недатыкальнай тэрыторыяй, а якое-небудзь умяшаньне ва ўнутраныя справы дзяржавы зьяўляюцца недапушчальнымі;
Аўтаномная Рэспубліка Крым зьяўляецца неад'емнай часткай Украіны, на тэрыторыі якой дзейнічае Канстытуцыя Украіны і законы Украіны; абвяшчэньне Вярхоўным Саветам АРК агульнакрымскага рэфэрэндуму па зьмене дзяржаўнай прыналежнасьці Крыма зьяўляецца такім, якое наўпрост супярэчыць артыкулу 73 Канстытуцыі Украіны, а таксама артыкулам 18 і 26 Канстытуцыі АРК.
Згодна з палажэньнямі пункта 2 артыкула 85 Канстытуцыі Ўкраіны паўнамоцтвы прызначэньня рэфэрэндуму па пытаньнях тэрытарыяльных зьменаў ускладзеныя выключна на Вярхоўную Раду Украіны; вынясеньне на так званы «рэфэрэндум» згаданых вышэй пытаньняў разглядаецца як грубае парушэньне дзейнага заканадаўства Ўкраіны, у прыватнасьці, арт. 73 Канстытуцыі Украіны і п. 2 ч. 3 арт. 3 Закона Украіны «Аб усеўкраінскім рэфэрэндуме», якія вызначаюць, што пытаньні зьмены тэрыторыі вырашаюцца выключна ўсеўкраінскім рэфэрэндумам.
Правядзеньне такога рэфэрэндуму з парушэньнем Канстытуцыі Ўкраіны і дзейнага заканадаўства Ўкраіны, як і любыя вынікі такога рэфэрэндуму, зьяўляюцца супрацьпраўнымі, а далейшыя рашэньні, прынятыя на іх аснове – нелегітымнымі».
Упрынцыпе гэта ўсё, што трэба ведаць пра юрыдычную нікчэмнасьць цыркавой праграмы Крамля, якую яны разыгралі 16 сакавіка 2014 года. Перад правядзеньнем «рэфэрэндуму», яшчэ ў канцы лютага 2014 года, узброеныя людзі ў форме без апазнавальных знакаў захапілі будынак Вярхоўнага Савета АРК, Савета міністраў АРК, сімферопальскі аэрапорт, Керчанскую паромную пераправу, іншыя стратэгічныя аб'екты, а таксама блякавалі дзеяньні ўкраінскіх войскаў.
Юрыст Багдан Мельнікавіч тлумачыць: «Вядома, што ні адна краіна не адпраўляла сваіх назіральнікаў, бо правядзеньне гэтага рэфэрэндуму – механізм, які адбыўся ў межах узброенай агрэсіі. Так, у Крыме не было вайны ў разуменьні шараговага грамадзяніна. Але па стане на 16 сакавіка 2014 года на тэрыторыі Украіны, у Крыме знаходзілася расейская армія. Усё роўна гэта, паводле міжнароднага права, кваліфікуецца як узброены канфлікт. Адпаведна, які сэнс адпраўляць назіральнікаў на тое, што на паверхні, адразу не зьяўляецца правамерным і законным?».
Расейскія ўлады спачатку адмаўляліся прызнаваць, што гэтыя ўзброеныя людзі зьяўляюцца вайскоўцамі расейскага войска, аднак пазьней Пуцін заявіў, што гэта былі расейскія вайскоўцы. Такое прызнаньне дазволіла ўкраінскім уладам апеляваць да таго, што галасаваньне 16 сакавіка адбылося ў сітуацыі ўзброенай акупацыі паўвыспы.
Жыхарка Севастопаля Лара Мос згадвае, што расейская прапаганда працавала на запалохваньне жыхароў Крыма: «Я памятаю, у школе бацькі аднаклясьнікаў маіх дзяцей абсалютна сур'ёзна расказвалі, што ўкраінскія фашысты завезлі шыбеніцы, яны будуць вешаць расейскіх жанчынаў. Расейскамоўных будуць расстрэльваць, а вайскоўцы NATO ўжо разьмеркавалі кватэры на Вялікай Марской у Севастопалі. І вось усе гэтыя фэйкавыя страшылкі, іх узровень быў проста недасяжны».
18 сакавіка 2014 года расейскі ваенны зачынца Пуцін абвесьціў аб «далучэньні» Крыма да Расеі.
27 сакавіка на Генасамблеі арганізацыі, якая нічога не вырашае з часоў заснаваньня – ААН, адбылося галасаваньне. За рэзалюцыю, якая не прызнае вынікі рэфэрэндуму ў Крыме, прагаласавалі 100 дзяржаваў. 58 устрымаліся. Супраць рэзалюцыі прагаласавалі 11 краінаў: Армэнія, Беларусь, Балівія, Куба, КНДР, Нікарагуа, Расея, Судан, Сірыя, Вэнэсуэла і Зімбабвэ.