Навумчык: Канстытуцыя-94 — неабходны этап у працэсе вяртаньня народу Беларусі ягоных правоў
Былы дэпутат Вярхоўнага савета Сяргей Навумчык тлумачыць, чаму Канстытуцыя, прынятая ў 1994 годзе, неабходная сёння беларусам.
![Ілюстрацыйнае фота: euroradio.fm Ілюстрацыйнае фота: euroradio.fm](/img/v1/images/konstituciya_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота: euroradio.fm
Як вядома, дэпутаты Апазыцыі БНФ не галасавалі за прэзыдэнцкія артыкулы Канстытуцыі 2 сакавіка 1994 (і нават спрабавалі сарваць галасаваньне) і не галасавалі за ў цэлым за Канстытуцыю 15 сакавіка. Мы папярэджвалі, што ўвядзеньне прэзыдэнцтва непазьбежна прывядзе да дыктатуры. Мы прапанавалі даць час (хаця б некалькі гадоў) на фармаваньне грамадзянскай супольнасьці, замацаваньне дэмакратычных інстытуцый, фармаваньне партыйнай сыстэмы. Урэшце, гэтыя 5-7 гадоў былі патрэбныя да таго, каб атрымала права галасаваньня пакаленьне, якое ўступала ў сьвядомае жыцьцё ўжо ў незалежнай Беларусі.
Глядзіце таксама
![Як звязаныя паміж сабою Канстытуцыя і ямы ва дварах «Ямы ў дварах» і свабода абіраць уладу: ці зусім паміж сабою не звязаныя?](/img/v1/images/47afd3e3f995460695498ecb4c23fab2.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Днямі ў дыскусіі шаноўны Анатоль Лябедзька папракнуў мяне ў тым сэнсе, што як гэта так – я не галасаваў за Канстытуцыю-94, а, тым ня менш, прапаную яе вярнуць.
Насамрэч, у гэтым няма ніякай супярэчнасьці. І вось чаму.
Вяртаньне Канстытуцыі-94 (вяртаньне, умоўна кажучы, хоць на 10 хвілінаў) аўтаматычна дэлегітымізуе ўсе наступныя «канстытуцыйныя папраўкі» і «канстытуцыі», уведзеныя Лукашэнкам ягонымі «рэфэрэндумамі».
А значыць – і вяртаньне статусу беларускай мовы, і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і «Пагоні» у якасьці дзяржаўных сымбаляў, і скасаваньня «царскіх» (ацэнка Лукашэнкі) прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў (хоць бы ўжо і не Лукашэнкі, каго заўгодна), і вяртаньне абмежаваньня колькасьці тэрмінаў прэзыдэнцтва, і магчымасьці скасаваць (ці ўвесьці мараторый) на сьмяротнае пакараньне, і гэтак далей.
І толькі пасьля гэтага можна (і трэба) распрацоўваць і прымаць новую Канстытуцыю.
Што можа здарыцца ў іншым выпадку?
Глядзіце таксама
![Як прымалі Канстытуцыю ў 1994 годзе 30 год таму ў Беларусі прынялі Канстытуцыю: пра што папярэджвалі дэпутаты апазіцыі?](/img/v1/images/3b1b5634_6930_4e04_92af_162f9b8ab583_cx8_cy9_cw83_w1023_r1_s.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У 1994 годзе большасьць насельніцтва, не пазбаўленая савецкай мэнтальнасьці і пад уплывам штодзённага лямянту кебічаўскіх СМІ «Такую страну развалили!», магла прагаласаваць толькі за савецкага па сваёй сутнасьці чалавека (прычым абрала самага горшага з усіх магчымых).
Калі ўявіць на хвіліну, што ў Беларусі сёньня адбудуцца свабодныя і дэмакратычныя выбары – асабіста я ні на сэкунду не сумняюся, што большасьць насельніцтва, якое тры дзесяцігодзьдзі апрацоўваецца прарасейскай, антыбеларускай прапагандай, абярэ прэзыдэнтам чалавека па прозьвішчы Безроссиинамнежить.
І такія выбары будуць імгненна прызнаныя Захадам, якому, па вялікім рахунку (не бяру асобныя, рэдкія выпадкі), глыбока начхаць на лёс беларусаў як этнасу. У 1994 Захад выбары, нагадаю, прызнаў адразу.
Гэты новы, цалкам сабе свабодна і дэмакратычна абраны прэзыдэнт, напэўна, створыць спрыяльныя ўмовы для бізнэсу, для IT, увогуле для разьвіцьця эканомікі. Але – з пазыцыяй «Какая разница, какой язык?» (я заўважыў, што аматары гэтай фразы чамусьці нязьменна аддаюць перавагу толькі рускай мове) і «Какая разница, какой флаг?» (прыхільнікі гэтай тэорыі, як мы ведаем, узяўшы ўладу, урэшце катуюць і кідаюць за краты тых, хто захоўвае вернасьць Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу).
Глядзіце таксама
![Дзеці пад нагамі Леніна, пашпарт ад Качанавай. Як у садах і школах адзначылі Дзень Канстытуцыі Зігу Качанавай, рытуалы пад нагамі Леніна і «дзяды ваявалі». Афіцыйны крынж Дня Канстытуцыі](/img/v1/images/vokladka_72.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Бясспрэчна, атрымаюць пэўныя правы і тыя, хто за беларускасьць. Але – толькі ў межах гета. Канешне, гета – лепей, значна лепей, чым расстрэл ці газавыя камэры, – але роўна тое, што калісьці казаў ідэоляг «русского мира» палкоўнік Замяталін: беларуская мова ва ўсіх сфэрах ні ў якім разе не павінна перавышаць 10%. Практыка сьведчыць, што рэалізацыя гэтай тэорыі лічбу 10 непазьбежна ператварае ў нуль.
Менавіта таму Канстытуцыя-94, без усялякіх лукашысцкіх зьменаў, павінна быць вернутая – як хай і кароткі, але неабходны этап у працэсе вяртаньня народу Беларусі ягоных канстытуцыйных і агульначалавечых правоў. Урэшце – правоў на ўласную беларускую дзяржаву, якой ён дамагаецца ўжо не адно стагодзьдзе.