«Стан знешняга гандлю будзе пагаршацца паступова»: што чакае беларускія прадпрыемствы?
Сітуацыя, якая склалася на замежных рынках, санкцыі супраць Беларусі, канкурэнцыя з боку Кітая — якімі будуць вынікі знешняга гандлю для Беларусі? Распавядае Фелікс Мірскі ў матэрыяле «Беларусы і рынак».
Цэны на калійныя ўгнаенні падаюць. Кошт расійскай нафты, наадварот, расце. Кітайцы адціскаюць беларускіх вытворцаў на расійскім рынку, а Еўрасаюз пагражае новымі санкцыямі. З канца мінулага года стан беларускага знешняга гандлю ўсё больш пагаршаецца. Сёлета беларускаму ўраду будзе цяжэй звесці баланс прыбыткаў і страт.
«Беларуская нафта» таннее
Чыноўнікі любяць называць калійныя ўгнаенні «беларускай нафтай». Летась сітуацыя з продажам калію, калі лічыць аб'ёмы продажаў у тонах, склалася для Беларусі нават лепш, чым чакалі. Мяркуючы па ўскосных даных, Беларусь амаль аднавіла дасанкцыйныя аб'ёмы экспарту ўгнаенняў. Пастаўкі калію на знешнія рынкі маглі скласці 9,0-9,5 млн тон.
Праўда, дасягнуць гэтага выніку ўдалося бязлітасным і бессаромным дэмпінгам. Імкнучыся вярнуцца на страчаныя рынкі, эканамічныя ўлады свята прытрымліваліся абвешчанага ў пачатку мінулага года прынцыпу — «аб'ёмы вышэй за кошты».
У выніку сярэдні кошт продажу беларускага калію мог скласці 188 даляраў за тону. І, прадаўшы ўгнаенняў удвая больш, Беларусь зарабіла нават менш грошай, чым год таму. Сапсаваўшы пры гэтым сабе не толькі карму, але і рэпутацыю. Беларускі дэмпінг стаў адным з фактараў зніжэння коштаў на калійныя ўгнаенні. У лютым сярэдняя сусветная цана тоны калію складала 290 долараў — на 40 долараў менш, чым у лістападзе, і на 220 даляраў менш, чым у студзені мінулага года.
Калі верыць папярэднім заявам чыноўнікаў, цяперашні кошт калію ўжо выходзіць за межы зоны камфорту для «Беларуськалія». Але далейшае зніжэнне кошту ўгнаенняў з'яўляецца найбольш верагоднай перспектывай. Кітай цяпер пачынае перамовы аб новым кантракце і, хутчэй за ўсё, кошт гэтага кантракту будзе ніжэйшы за леташні.
А кампенсаваць зніжэнне коштаў за кошт павелічэння аб'ёмаў сёлета ўжо наўрад ці атрымаецца. Па-першае, калійны экспарт і так ужо наблізіўся да дасанкцыйных узроўняў. Па-другое, лагістычныя магчымасці дасягнулі столі. У студзені-лютым гэтага года Кітай павялічыў закупку калію на 26%. Але Беларусь скарыстацца ростам попыту не змагла. Экспарт у Кітай застаўся на леташнім узроўні.
Расійская нафта даражэе
З нафтай усё наадварот. Беларускі замежны гандаль можа пацярпець праз тое, што кошты расійскай нафты растуць. Паводле даследавання BEROC, дзякуючы антырасійскім санкцыям Беларусь атрымлівала нядрэнную нафтавую рэнту.
З-за ўведзенага максімуму коштаў нафта гатунку Urals каштавала значна танней, чым нафта гатунку Brent. Беларусь атрымлівала танную нафту і прадавала нафтапрадукты па цэнах, блізкіх да сусветных. Паводле ацэнкі аўтара даследавання Анатоля Харытончыка, на гэтым Мінск мог зарабіць 1,7 млрд долараў у 2022 годзе і 1,9 млрд у 2023.
«Гэта спрыяла падтрыманню збалансаванага стану знешняга гандлю. Спрыяла некаторай кампенсацыі высокамаржынальнага рынку Украіны, — сказаў Харытончык парталу «Беларусы і рынак». — Шмат у чым спрыяла таму, што ў нас нафтаперапрацоўка ў 2023 годзе прыкладна аднавілася да ўзроўню 2020-2021 гадоў».
Але апошнім часам розніца ў кошце паміж гатункамі нафты пачала скарачацца. І гэта значыць, што Беларусь можа страціць дадатковыя даходы, якія яна мела яшчэ летась. Паводле ацэнкі Харытончыка, скарачэнне даходаў можа скласці ад 500 млн да мільярда даляраў.
Мы яго губляем
Не вельмі паспяхова складваецца сітуацыя на галоўным для Беларусі расійскім рынку. У 2022-м і як мінімум першую палову 2023 года беларускія вытворцы, скарыстаўшыся сыходам з гэтага рынку заходніх кампаній, нарошчвалі пастаўкі рэкорднымі тэмпамі.
Але паступова канкурэнты апамяталіся. На расійскі рынак прыйшлі кітайскія, індыйскія і турэцкія кампаніі. І аказалася, што ўтрымаць заваяваныя пазіцыі ва ўмовах нават адносна свабоднай канкурэнцыі беларускія вытворцы не могуць.
«Мы адзначаем: зайшло шмат новых брэндаў, больш танных і невядомых», — сказаў новы дырэктар завода «Атлант» Дзмітрый Харытончык. З-за з'яўлення канкурэнтаў аб'ёмы прадаж халадзільнікаў «Атлант» ўпалі на 20%, а складскія запасы, наадварот, выраслі. «Пакуль што я не ацэньваю склад «Атланта» як катастрофу», — сказаў Харытончык.
«Атлант» не адзіны, хто пацярпеў праз канкурэнцыю. Падобная сітуацыя складваецца ў многіх беларускіх прамысловых гігантаў. З грузавікамі МАЗ моцна канкуруюць кітайскія вытворцы. За мінулы год доля МАЗ на расійскім рынку ўпала да 4,4% з 5,2%. Пры гэтым, у канцы мінулага і пачатку гэтага года МАЗ губляў не толькі долю на рынку. Колькасць прададзеных машын таксама скарачалася.
Каб утрымаць свае пазіцыі на расійскім рынку беларускім вытворцам прыйдзецца вельмі пастарацца. Каб іх палепшыць, гаворка, верагодна, не ідзе.
А тут яшчэ Літва закрывае памежныя пераходы, а Еўрасаюз пагражае новымі санкцыямі. Пры гэтым Літва і Польшча прапануюць сінхранізаваць санкцыі супраць Беларусі з санкцыямі супраць Расіі. Так што на заходніх рынках беларускім вытворцам пагражаюць новыя страты.
Зрэшты, аб катастрафічным пагаршэнні стану знешняга гандлю гаворка не ідзе. Калі не здарыцца непрыемных нечаканасцяў, то стан знешняга гандлю будзе пагаршацца паступова.
«Мае ацэнкі паказваюць, што пакуль дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі можа быць у межах аднаго працэнта ад ВУП», — лічыць Харытончык.
Але нават маленькі дэфіцыт трэба чымсьці кампенсаваць. А для Беларусі, якая згубіла рэпутацыю добрага пазычальніка, гэта можа стаць праблемай.