На колькі беларускай калійнай галіне хопіць запасу трываласці?

Як вынікае са звестак, апублікаваных супольнасцю чыгуначнікаў, увесь мінулы год беларускія ўлады займаліся бязлітасным дэмпінгам на сусветных калійных рынках. Прадавалі калійныя ўгнаенні па дэмпінгавых цэнах. Але не факт, што паўтарыць трук атрымаецца ў гэтым годзе.

_belarus_salihorsk_pramyslovasc_kalij_ekspart_ekanomika_fota_novy_czas__4__logo.jpg

Летась беларускія ўлады, падобна, не толькі выканалі, але і перавыканалі свае планы па экспарце калійных угнаенняў. Аб'ёмы экспарту калію наблізіліся да дасанкцыйных часоў. Але за гэта давялося дорага заплаціць, зазначае Андрэй Бранішэўскі ў Plan.B.

Вясёлы Роджэр

У пачатку чэрвеня мінулага года Беларуская калійная кампанія наругалася на свайго канадскага канкурэнта, кампанію Canpotex. Прычынай стала цана паставак калію ў Кітай. Па заключаным тады кантракце Canpotex пагадзіўся знізіць цану да 307 долараў за тону з леташніх 590.

«Гэта цана значна ніжэй нашых чаканняў і не адлюстроўвае фундаментальныя рынкавыя фактары ў ключавых рэгіёнах паставак. Такое зніжэнне кошту разбурае рынкавае раўнавагу і дае ілжывы сігнал сусветнаму рынку калій», — абуралася БКК.

Гэта заява — класічная ілюстрацыя прыказкі пра парушынку і бервяно. Беларускія экспарцёры яшчэ два гады таму паднялі на мачце Вясёлага Роджэра і з тых часоў займаюцца самым бессаромным і часам нават непрыстойным дэмпінгам на рынку калійных угнаенняў.

Глядзіце таксама

Аб'ёмы вышэй за кошт

У 2022 годзе, пасля ўвядзення заходніх санкцый, аб'ёмы экспарту беларускага калію катастрафічна ўпалі. Да 4,5 мільёнаў тон са звычайных 10-12 мільёнаў. Каб вярнуць рынкі, Беларусь пачала зніжаць кошты.

Як заяўляў віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, беларускія ўлады выразна прытрымліваюцца прынцыпу «аб'ёмы вышэй за кошт». Напрыклад, у часы, калі Бразілія купляла калій па 1000 долараў за тону, Беларусь пастаўляла свае ўгнаенні ў гэтую краіну па 300. У 2022 годзе, калі спотавы кошт угнаенняў даходзіў да 1200 долараў за тону, сярэдні кошт беларускага экспарту складаў 388 долараў.

Беларускія ўлады казалі, што ў 2023 годзе яны разлічваюць аднавіць калійны экспарт да 8 мільёнаў тон. І, здаецца, у іх атрымалася не толькі выканаць, але і перавыканаць свае планы. Паводле звестак супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, за мінулы год экспарт беларускага калію склаў 9,45 мільёнаў тон. Гэта значыць, амаль вярнуўся да дасанкцыйных часоў.

Лічба, якую публікуе рэсурс, у прынцыпе, супадае з ацэнкамі трэйдараў. Згодна з імі, Беларусь асабліва рэзка нарасціла экспарт калію ў апошнія месяцы года. Сярэдні месячны аб'ём беларускага экспарту ў верасні-снежні мог скласці мільён тон.

Глядзіце таксама

Не рой іншаму яму

Іранічна, але непрыдатныя цэны на беларускія калійныя ўгнаенні сталі адным з фактараў зніжэння сусветных цэн. Больш за ўсіх беларускія ўлады, здаецца, нашкодзілі сабе. Да пачатку восені спотавая цана на калійныя ўгнаенні стабілізавалася ў раёне 350 долараў за тону. А з кастрычніка яна зноў пачала падаць. Якраз тады, калі беларускія ўлады вырашылі павялічыць экспарт дзеля выканання гадавых планаў эканамічнага росту. У выніку, да лютага гэтага года цана на калійныя ўгнаенні знізілася да 289 долараў за тону.

Але нават 289 долараў за тону – гэта цяпер недасяжная мара для беларускіх экспарцёраў. За 2023 год сярэдні кошт экспарту беларускага калію складаў усяго 188 долараў за тону. У два разы менш у параўнанні з 2022 годам. І ў разы менш сярэдніх сусветных коштаў, якія летась прарабілі шлях ад 508 долараў за тону ў студзені да 311 долараў за тону ў снежні.

У выніку, пры амаль двухразовым росце аб'ёмаў экспарту ў тонах, у грашах Беларусь нават страціла. Кошт экспарту калію ў 2023 годзе быў на 50 мільёнаў долараў меншы, чым у 2022-м.

Глядзіце таксама

І што далей?

Відавочна, што адмовіцца ад прынцыпу «аб'ёмы вышэй за кошт» беларускія ўлады не змогуць. Нават калі вельмі захочуць. Санкцыі супраць беларускага калію ніхто не адмяняў і адмяняць не збіраецца. Гэта значыць, завабіць пакупнікоў можна будзе толькі салідным дысконтам да сусветнай цане.

А прагноз на сусветныя кошты не вельмі суцяшальны. Нягледзячы на падзенне, цэны застаюцца вышэй сярэдніх значэнняў за апошнія некалькі гадоў. Таму рэзерв для зніжэння ўсё яшчэ ёсць. Самы аптымістычны для беларускіх уладаў варыянт прагнозу палягае ў тым, што цана на калій сёлета будзе вагацца ў раёне 300 долараў за тону.

На карысць паніжэння цэн гуляюць запасы ўгнаенняў у Бразіліі і Паўднёва-Усходняй Азіі, запасы, якія стварылі пакупнікі на працягу мінулага года, і беларускі дэмпінг. А на карысць павышэння можа згуляць толькі прылёт новых «чорных лебедзяў». Улічваючы, што стабільнасці ў свеце няма, выключаць гэтага, вядома, нельга.

Але, з іншага боку, ні вайна Ізраіля супраць ХАМАС, ні актывізацыя хусітаў у Чырвоным моры цэны на калій не падштурхнулі. У пачатку гэтага года яны працягвалі зніжацца. Калі ў студзені спотавая цана на калій была 296 долараў за тону, то ў лютым яна знізілася да 289.

І тут пытанне ўжо ў тым, на колькі беларускай калійнай галіне хопіць запасу трываласці. У свой час доўгі перыяд нізкіх коштаў на нафту разваліў Савецкі Саюз. А беларускія ўлады самі шмат разоў казалі, што калій — гэта беларуская нафта.