Аляксандр Кныровіч: Сусветны рынак перабудаваўся і прывык жыць без нас

Блогер і бізнесовец піша пра праблему беларускага калію. Камедыя ў трох дзеяннях, на яго думку, ператварылася ў трагікамедыю ў канцы года. Але цалкам магчыма, што яе вынікі мы будзем адчуваць даўжэй, чым хацелася б.

Фота з news-life.org

Фота з news-life.org

«Калійная камедыя» развівалася так: у першым акце (першым паўгоддзі 2023-га) і дырэктарат «Белкалія», і кіраўніцтва ўрад брава рапартуюць: «Так, з каліем былі некаторыя праблемы, не адмаўляем. Экспарт упаў больш, чым у 2 разы, але мы ўжо з усімі дамовіліся (маецца на ўвазе — у Расіі), так што — не хвалюйцеся, мой генерал, усё адновім, літаральна да новага года! Дасягнем да дасанкцыйных узроўняў, амаль...»

Пры гэтым эканамічная рэальнасць кажа, што транзіт праз Расію — той яшчэ квэст. Там і сваіх калійшчыкаў — заваліся, і з вольнымі чыгуначнымі (і партовымі) магутнасцямі — не вельмі, дый кошт такой транспарціроўкі ў 2-5 разоў вышэйшы, чым праз Клайпеду, што, вядома, з'ядае прыбытковасць.

Але — гэта ж разлікі, заўсёды ёсць надзея нешта «павырашаць з Пуціным».

Агулам у другім акце — трагічная цішыня, ніхто нічога не кажа, толькі напружанне на тварах.

У трэцім жа, самы-самы-самы эфектыўны кіраўнік дзяржавы пачынае скардзіцца на тое, што не ўсе транспартныя пытанні з Расіяй вырашаныя, а порт нешта ніяк не пачне будавацца…

Апафеоз камедыі здарыўся на мінулым тыдні. Нацыянальны цэнтр карысных выкапняў (ЗША) выкаціў уласную ацэнку стану вытворчасці калійных угнаенняў. І ў ім — падзенне вытворчасці ў Беларусі з 4,0 млн т у 2022-м да 3,8 млн т у 2023-м (ацэнка — у 100% дзейнага рэчыва). Гэта, вядома «экспертная ацэнка», у ёй могуць быць хібнасці, але наўрад ці яна неяк крыва адлюстроўвае трэнды.

І доля Беларусі на рынку — менш за 10% (калі лічыць праз вытворчасць).

Ці можа яна вырасці? А ці трэба?

Справа ў тым, што ў пачатку 2023-га наш геніяльны віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў прадказваў цэны на «камфортным узроўні» ў 400-450$ за тону, і — адгадаў... амаль (жартую).

Цяпер кошты — на даваенных узроўнях, 200-250$ за тону.

Сусветны рынак перабудаваўся і прывык жыць без нас.

Глядзіце таксама