Беларускі калій цяпер прадаюць праз РФ. Але расійскія вытворцы гэтым не задаволеныя
"Беларуськалій" пачаў экспартаваць прадукцыю праз парты РФ. Прычым расійскія вытворцы ўгнаенняў гэтым вельмі незадаволеныя. "Беларуськалій" агрэсіўна дэмпінгуе — а гэта негатыўна адбіваецца на даходах канкурэнтаў, расійскіх вытворцаў.
"Беларуськалій" — адзін з найбуйнейшых сусветных экспарцёраў калію, які трапіў у пачатку года пад санкцыі, — пачаў адгрузкі праз Расію. Прычым расійскія вытворцы гэтым вельмі незадаволеныя, піша расійскае выданне «Коммерсант».
Са слоў суразмоўцаў "Коммерсанта", ужо цяпер пастаўкі з Беларусі наносяць шкоду расійскім вытворцам, бо "Беларуськалій" дэмпінгуе, імкнучыся павялічыць адгрузкі. Паводле ацэнак экспертаў, зніжкі беларускага вытворцы могуць дасягаць 50%. Зрэшты, лічаць яны, у першую чаргу пацярпець могуць канадскія пастаўшчыкі, якія запланавалі раскансервацыю магутнасцяў.
"Беларуськалій", аб'ём вытворчасці якога — каля 11 мільёнаў тон, займае 15% сусветнага рынку. Як стала вядома "Коммерсанту", цяпер беларускі вытворца калію пачаў адгружаць сваю прадукцыю праз расійскія парты. У прыватнасці, кампанія заключыла дагавор на перавалку 2 млн тон калію ў кантэйнерах да канца 2023 года з Пецярбургскім аператарам ТАА "Кистоун Лоджистикс".
Пастаўкі, як піша расійскае выданне, ідуць праз "Петролеспорт" і "Нева-металл" (абодва тэрміналы размешчаны ў Вялікім порце Санкт-Пецярбурга), а таксама праз Рыбны порт ва Уладзівастоку, кажуць крыніцы.
Зрэшты, у групе Global Ports, якая валодае і кіруе тэрміналам "Петролеспорт", афіцыйна абверглі гэтую інфармацыю. "Беларускі калій не перавальваецца праз "Петролеспорт" або іншыя тэрміналы нашай групы", — паведамілі "Коммерсанту" ў кампаніі.
Таксама беларуская кампанія адгружае ў Кітай угнаенні ў кантэйнерах па расійскай чыгунцы, кажуць крыніцы расійскага выдання, якія знаёмыя з сітуацыяй. У чэрвені, напрыклад, нягледзячы на ўведзеныя супраць кампаніі санкцыі, "Беларуськалій" адгрузіў у Кітай каля 120 тысяч тон калію.
Экспартаваць прадукцыю праз Расію "Беларуськалію" даводзіцца пасля ўнясення кампаніі ў санкцыйны спіс ЗША і Еўропы. З 1 лютага Літва, праз якую ішла перавалка большай часткі беларускага калію, спыніла транспарціроўку.