Беларусь шукае спосабы аднавіць пастаўкі калію ў Бразілію

Праз санкцыі ў дачыненні да беларускіх вытворцаў угнаенняў адна з найбуйнейшых сельскагаспадарчых дзяржаў вымушаная шукаць замену айчыннаму калію.

Фота flickr.com / L. C. Nøttaasen

Фота flickr.com / L. C. Nøttaasen

Якія рашэнні прапануюць мясцовым уладам і бізнесу беларускія дыпламаты, высвятляе myfin.by

Як паведамляецца, пасол Беларусі ў Бразіліі Сяргей Лукашэвіч у інтэрв'ю мясцоваму выданню «Correio Braziliense» звярнуў увагу на тое, што беларускі калій складаў каля 20% агульнага аб'ёму ў Бразіліі, але з 1 лютага дастаўка яго звыклым спосабам — морам праз літоўскую Клайпеду — немагчымая.

Дыпламат таксама адзначыў даступнасць беларускага калію па кошце: паводле яго слоў, у гэтым годзе беларускія ўгнаенні ў сярэднім былі на 60% таннейшыя за расійскія і канадскія.

Беларускае дыппрадстаўніцтва спрабуе абмяркоўваць даступныя механізмы для аднаўлення ранейшых аб'ёмаў паставак з бразільскімі ўладамі. Лукашэвіч распавёў, што ў красавіку дэлегацыя нашай краіны ўдзельнічала ў перамовах з урадам Бразіліі, аграрным блокам парламента, а таксама прадстаўнікамі мясцовай канфедэрацыі сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі.

Бразільскі бок звяртаў увагу на рост цэн на ўгнаенні, што вядзе да падаражання сельгаспрадукцыі, і заяўляе, што мае патрэбу ў пастаўках калію па «разумным кошце». На думку беларускага дыпламата, менавіта з гэтым можа дапамагчы аднаўленне аб'ёмаў экспарту беларускіх угнаенняў.

Лукашэвіч адзначыў, што ўлады Беларусі з 6 красавіка спрасцілі экспарт калію, так што айчынныя вытворцы цяпер могуць спрабаваць працаваць наўпрост з бразільскімі спажыўцамі.

«Гістарычна пастаўкі калійных угнаенняў з Беларусі ў Бразілію ажыццяўляліся праз пасярэднікаў. Калі палітычная сітуацыя вакол паставак калійных угнаенняў з Беларусі ўскладнілася, пасярэднікі не змаглі яе вырашыць, паколькі ў выніку не былі зацікаўленыя ў рацыянальным кошце калію на бразільскім рынку, а таксама з-за палітычнага ціску з боку ЗША і ЕС», — заявіў дыпламат.

На яго думку, буйныя сельгасвытворцы Бразіліі могуць разгледзець перспектыву прамых закупак калію ў нашай краіне.

За першыя два месяцы года Беларусь заняла трэцяе месца па пастаўках хлорыстага калію ў Бразілію — экспарт склаў 612 тыс. тон угнаенняў. Лідарам на бразільскім рынку з'яўлялася Канада (719 тыс. тон), следам ішла Расія (659 тыс. тон).