Яраслаў Раманчук: Беларусь прадае калій з 60-працэнтнай зніжкай, выглядае, што ледзь не па сабекошце
Эканамічны аглядальнік Яраслаў Раманчук — пра дзівосы цяпершняга гандлю калійнымі ўгнаеннямі.
«Беларусь прадае калій за грашы — з 60-працэнтнай зніжкай, — піша Яраслаў Раманчук. — Выглядае так, што прадае праз фірмы-пракладкі ледзь не па сабекошце. На шкоду краіне. З такімі зніжкавымі шчадротамі дэфіцыт бюджэту не за гарамі. З-за зніжак Беларусь у 2022 г. недаатрымае ~ $ 6 млрд. Пад санкцыямі беларускі экспарт [паменшыцца] на $ 16-18 млрд.
Значыць, Беларусь накрывае беднасць, беспрацоўе і наменклатурна-сілавое бязладдзе. Кантрабандысты праз пракладкі будуць высмоктваць грошы з краіны, прымушаць людзей плаціць двойчы, тройчы.
Галоўнае ў гэтай сітуацыі — данесці да як мага большай колькасці беларусаў простыя ісціны.
Штогадовыя страты Беларусі ў мільярды даляраў — гэта прамы вынік дзеянняў Лукашэнкі: фальсіфікацыі выбараў, прыгнёту палітычнай апазіцыі, разбурэння грамадзянскай супольнасці, насаджэння культу гвалту ва ўсе органы ўлады, стаўкі на ваенны камунізм і заганны схематоз.
Ёсць яшчэ ў Беларусі такія, якія кажуць, што іх палітыка не цікавіць. Ёсць і такія, якія па-ранейшаму за цяперашні рэжым. Дык спытайце ў Лукашэнкі, чаму пры кошце ~ $ 700 за тону калійных угнаенняў яго камерцыйныя агенты прапануюць Бразіліі беларускія калійныя ўгнаенні па $ 280? Такой цаны няма ні ў расійцаў, ні ў канадцаў.
А цяпер лічым. Экспарт калійных угнаенняў ацэначна склаў ~11 млн. тон. Па рынкавай цане ў $ 700 гэта дае нам $7,7 млрд. выручкі. Пры зніжцы 60% (мяркуем, што зніжкі ў Кітай і Індыю таксама такія ж) выручка пры захаванні аб'ёму паставак $ 3,08 млрд. як вам зніжка ў $4,62 млрд.?
У 2022 г. Беларусь з-за вайны і санкцый не зможа экспартаваць такі ж аб'ём калійных угнаенняў. Добра, калі атрымаецца даставіць 5 млн. тон. Значыць, выручка будзе толькі $ 1,4 млрд. Калі б Беларусь правяла сумленныя, дэмакратычныя выбары, калі б не стала суагрэсарам, даўшы Расіі сваю тэрыторыю для нападу на Украіну, выручка толькі па калійных угнаеннях і толькі ў 2022 г. магла б быць на $ 6,3 млрд. большай. Гэтых грошай амаль хапае для таго, каб усім пенсіянерам краіны выплачваць пенсію цэлы год.
А прэм'ер-міністр Беларусі Галоўчанка працягвае запэўніваць, што эканоміка ў Беларусі здаровая. Магчыма, ён мае на ўвазе эканоміку асобна ўзятай хатняй гаспадаркі краіны?»