«Лафа» амаль скончылася: эканаміст пра гандаль Беларусі з Расіяй

Ці змогуць беларускія тавары канкурыраваць з кітайскімі на расійскім рынку? Чаму змяншаецца сальда па паслугах? Што чакае беларускую эканоміку?

_krama_handal_pustyja_polki_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1_.jpg

Старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC, эканаміст Зміцер Крук, аналізуючы супярэчлівыя даныя беларускага гандлёвага балансу, заяўляе, што спрыяльная кан'юнктура для беларускіх тавараў у Расіі скончылася, і прадказвае, што ўлады, магчыма, зноў пачнуць абмяжоўваць імпарт, піша «Радыё Свабода».

— Статыстыка за 2023 год паказала, што сальда замежнага гандлю таварамі склала мінус тры мільярды долараў — значна пагоршылася ў параўнанні з 2022 годам. Разам з тым дадатнае сальда гандлю паслугамі ўраўнаважыла ў цэлым гандлёвы баланс Беларусі ў 2023 годзе. Пра што кажуць гэтыя лічбы?

— Варта звярнуць увагу, што пакуль, сапраўды, агульнае сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі выходзіць з невялікім плюсам. Але яно значна пагоршылася ўсяго за адзін год — па выніках 2022-га было 4 мільярды долараў, за 2023 год — усяго 480 мільёнаў долараў станоўчага балансу гандлю. Гэта паводле даных Нацбанка, якія больш дакладныя за Белстат.

Глядзіце таксама

То-бок пагаршэнне вельмі істотнае, і яно ўжо адчуваецца на валютным рынку. Тыя ваганні і скачкі курсу, якія былі ўвосень 2023 года, — гэта менавіта наступства тых працэсаў. Пэўнай страхоўкай тут выступае той запас, які ўтварыўся ў 2021–22 гадах, калі склалася вельмі спецыфічная станоўчая для Беларусі кан'юнктура замежнага гандлю. Але цяпер гэта скончылася, і беларускі гандлёвы баланс вярнуўся да «нормы».

Дзмітрый Крук, фота «Радыё Свабода»

Дзмітрый Крук, фота «Радыё Свабода»

— За кошт чаго ў беларускай эканомікі традыцыйна настолькі станоўчае сальда гандлем паслугамі? І якія там асноўныя тэндэнцыі?

— Заўсёды было даволі вялікае дадатнае сальда па паслугах, але ў 2023 годзе яно стала значна меншым у параўнанні з папярэднімі гадамі. Галоўны плюс давалі ІТ-паслугі і транспартныя паслугі. У 2022 годзе плюс у гандлі паслугамі складаў 4,2 мільярда, а ў 2023 годзе — толькі 2,8 мільярда. ІТ-галіна ўжо не забяспечвае ранейшага ўзроўню паслуг, у транспарце таксама пэўнае зніжэнне, хоць і не такое кардынальнае, як у выпадку ІТ. Так што гэтыя дзве сферы, якія шмат гадоў забяспечвалі Беларусі дадатнае сальда па паслугах, цяпер пагаршаюць сваё становішча.

— Адметнасцю апошніх гадоў стала пераарыентацыя беларускай эканомікі на Расію, і вы разам з іншымі эканамістамі кажаце, што гэта нясе вялікія стратэгічныя выклікі. Але гэтая пераарыентацыя, якая адбылася пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцый і страты ўкраінскага рынку, прынесла пэўны тактычны эфект. Ці працягнецца гэты эфект і надалей? Ці будзе Расія купляць беларускія тавары ў тых жа аб’ёмах?

— Сітуацыя на расійскім рынку ўжо змянілася, мы можам канстатаваць гэта як факт. Найлепшае становішча там для беларускіх вытворцаў было дзесьці з ліпеня 2022 па сакавік 2023 года. Цяпер гэтая «лафа» паступова змяншаецца і амаль скончылася.

«Лафа» склалася з прычыны скачкоў цэн, у выніку чаго беларускія вытворцы здолелі больш зарабляць. Зразумела, што гэта кароткатэрміновы чыннік, і ён праіснаваў толькі 5–6 месяцаў.

Другое, што паспрыяла поспеху беларускіх вытворцаў на расійскім рынку, — гэта вызваленыя нішы пасля сыходу заходніх вытворцаў. Але цяпер ужо можна канстатаваць, што і гэтая тэндэнцыя разварочваецца ў адваротны бок. Бо нарастае канкурэнцыя на тых рынках, дзе прысутнічае беларуская прадукцыя — машынабудаванне, цяжкая тэхніка.

Глядзіце таксама

— З кім, з кітайцамі?

— Так, найперш з кітайцамі. Тое, што публікуецца па асобных рынках, паказвае, што кітайцы за апошні год у Расіі здзейснілі вельмі вялікую экспансію. Напрыклад, продаж МАЗаў у Расіі ў працэнтным вымярэнні скараціўся, іх доля на расійскім рынку знізілася.

Гэта стварае вялікі выклік для Мінска. Ад пачатку было зразумела, што гэтая пераарыентацыя на Расію можа даць кароткатэрміновы эфект, дапаможа выжыць, але стратэгічна гэта ненадзейны шлях. Большая частка той звышспрыяльнай кан'юнктуры ўжо знікла, і мы вяртаемся да звычайнай сітуацыі на расійскім рынку.

— І што з гэтым можа і плануе рабіць беларуская эканамічная ўлада?

— Яны стварылі камісію па падтрымцы экспарту на расійскім рынку. Яны ж вельмі любяць адміністратыўныя механізмы прасоўвання экспарту. Маўляў, самае важнае — гэта не цэны і канкурэнтаздольнасць, а нейкія персанальныя дамоўленасці з расійскімі губернатарамі, міністэрствамі, каб тыя давалі беларускім таварам нейкія льготныя ўмовы.

У пэўнай ступені гэта працуе. Але максімум, чаго яны могуць дабіцца гэтымі метадамі, — каб беларускі экспарт не скарачаўся ў фізічным вымярэнні. Што тычыцца цэн — тут сусветная кан'юнктура больш важная за любыя «адміністратыўныя механізмы».

Глядзіце таксама

Таму яны спрабуюць тымі ж «адміністратыўнымі метадамі» пранікнуць на рынкі іншых краін, але гэта не надта працуе. Пэўнае нарошчванне аб’ёмаў экспарту ў Казахстан і Кітай ёсць. Але, вядома, гэта не кампенсуе таго, што страцілі на Захадзе і ва Украіне  — ніякага радыкальнага прарыву не адбылося.

Што яшчэ ўлады могуць зрабіць дзеля станоўчага гандлёвага балансу — абмежаваць імпарт. У 2023 годзе імпарт істотна вырас. Па-першае, абапіраючыся на поспехі мінулых гадоў, яго моцна не абмяжоўвалі, па-другое, цэны на імпарт выраслі. Але калі становішча пагаршаецца, то ўлады амаль заўсёды імкнуцца імпарт скараціць. Такім ручным кіраваннем, я думаю, яны будуць усё больш актыўна карыстацца на фоне таго, што з экспартам сітуацыя не будзе паляпшацца.