Польскія памежнікі ўзмацнілі праверкі ўладальнікаў віз PBH
Польскі бок зрабіў больш жорсткім кантроль за ўездам па візах «Poland. Business Harbour».
Пра гэта пішуць беларусы ў тэматычных чатах, заўважыў тэлеграм-канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic. Партал dev.by апублікаваў каментары айцішнікаў, якія з гэтым сутыкнуліся.
«Патрабуюць падставу для працы»
— «Віза PBH — глядзелі ўсе візы, якія былі раней, уезды-выезды. Сказалі даць дамову, уводзілі ўсе звесткі адтуль (дата, да якога часу, адрас і г. д.), потым [памежнік] яшчэ камусьці тэлефанаваў, называў звесткі, правяраў кампанію».
— «У каго віза PBH — проста люта пытаюцца, не пускаюць. Патрабуюць дакумент-падставу для працы. Кажуць, што выйшаў новы закон, але паказаць канкрэтна не могуць».
— «Я ехала са знаёмым, у якога PBH віза, 1 лютага, і ўжо тады яго жорстка правяралі. Дагэтуль ён ездзіў без праблем, таму не меў пры сабе раздрукаваных дакументаў, чым былі вельмі незадаволеныя палякі. На нашу ўдачу ён паказаў электронную дамову з тэлефона. Глядзелі доўга, але ў выніку прапусцілі».
«Калега паехаў у Польшчу праз Літву»
— «У мяне паглядзелі і перапісалі ўсе даныя з CEIDG (рэестра прадпрымальнікаў). Сказалі пастаяць у старонцы, пакуль правяралі пашпарты іншых пасажыраў. Затым іншы памежнік адзваніўся, што даныя рэальныя, і мяне прапусцілі.
А вось калега, калі ўсе гэтыя навіны прачытаў, паехаў на Літву. Там прайшоў без праблем. Калі ехаў Flixbus-ам на Варшаву, аўтобус стапанулі, зайшлі, паводле яго слоў, польскія мытнікі, узялі ягоны пашпарт і яшчэ аднаго ўкраінца. У гэтага калегі PBH таксама. Неўзабаве сканчаецца, дамовы працоўнай або JDG няма.
Калі «налюбаваліся», кіроўца раздаў пашпарты: два беларускія, адзін украінскі».
— «Гэтымі днямі ехаў, памежнікі лютавалі. Хапіла NIP, нешта па ім правяралі. Спрабаваў на тэлефоне паказаць аплату ZUS і падаткаў — не глядзелі. І гэта пры тым, што чарговую візу з усімі праверкамі выдалі за некалькі дзён дагэтуль. А дзяўчыну, якая ехала да мужа, як я зразумеў, з буса знялі».
— «Ездзіў на гэтых выхадных праз Цярэспаль па PBH візе. У мяне толькі спыталі куды (Варшава), нашто (працаваць), кім (праграмістам). І на гэтым усё».
Адзначым, што па працоўнай візе, як і па візе РВН, памежнікі і раней мелі права праверыць дакументы, што пацвярджаюць мэту паездкі. Проста цяпер такія праверкі пастрожыліся, мяркуючы з паведамленняў.
26 студзеня Польшча перастала выдаваць візы PBH. На думку МЗС краіны, праграма «Poland. Business Harbour» не апраўдала чаканняў, а візы часта выкарыстоўвалі для іншых мэт.