Беларусь і Украіна: гандаль у 2020-ым, вайна і няясная будучыня
Што страцілі ў выніку разрыву эканамічных сувязей Беларусь і Украіна і ці магчыма аднавіць былыя адносіны?
Рэсурс «Media IQ» зрабіў цыкл дыскусій, дзе беларускія і ўкраінскія эксперты спрабуюць шукаць адказы на балючыя для беларусаў і ўкраінцаў пытанні. Яны звязаны з саўдзелам Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, з тым, як украінскае грамадства і ўлады ўспрымаюць рэжым Лукашэнкі і беларускія дэмакратычныя сілы, і не толькі.
Суразмоўцы другой дыскусіі — акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра «BEROC» (Беларусь) Леў Львоўскі і заснавальнік і галоўны эканаміст «Ukraine Economic Outlook» Міхаіл Кухар.
Якой была доля тавараабароту Украіны і Беларусі ў структуры іх эканомік да вайны?
Міхаіл Кухар: Украіна была шалёна залежная (вядома, не настолькі, як Беларусь) ад знешнегандлёвага абароту з Расіяй і краінамі СНД да пачатку вайны ў 2014 годзе. На той момант з украінскага экспарту ў 65 мільярдаў 24 прыпадалі на Расію і Беларусь. Два гады пасля захопу Крыма і часткі Данбаса да заключэння «Мінскіх пагадненняў» нам каштавалі 3-разовай дэвальвацыі і 100-працэнтнай інфляцыі. Ніхто не верыў, што мы калісьці зноў наросцім экспарт да 25 мільярдаў за кошт Еўропы і іншых краін свету. Але гэта адбылося ўжо ў 2017 годзе. Зразумела, экспарт быў мінімізаваны, чаго не скажаш пра імпарт. Украіна ў прынцыпе не ўжывала жорсткіх захадаў, якія можна было б параўнаць з гандлёвай вайной, ні ў дачыненні да беларускай «малочкі» (як гэта, дарэчы, рабіла Расія), ні ў дачыненні да беларускага машынабудавання. Яны не былі пад забаронай.
Усё змянілася пасля 24 лютага 2022 года. Я вельмі дрэнна ўяўляю, як, акрамя кантрабанды, беларускія тавары ва ўмовах закрытых аўтамабільных і чыгуначных шляхоў зносін маглі б трапіць ва Украіну. Не праз Аляску ж!
Сёння аніякага гандлю з Рэспублікай Беларусь не вядзецца, і гэта вытлумачальна: яна з'яўляецца ваенным саюзнікам краіны-агрэсара.
Леў Львоўскі: Гісторыя эканамічных узаемаадносін Украіны і Беларусі складаецца ў наступным. Пасля распаду Савецкага Саюза дзве маладыя краіны атрымалі ў спадчыну мноства ланцужкоў даданага кошту, якія былі размежаваны адразу на некалькі краін: сыравіна здабывалася, напрыклад, у адной краіне, а фінальны прадукт вырабляўся ўжо ў іншай, або фінальная зборка, і гэтак далей. Так сітуацыя ішла прыкладна да 2014 года. Гэта значыць, мы мелі такія натуральныя эканамічныя адносіны, якія былі, напэўна, працягам узаемаадносін, што мы атрымалі ў спадчыну ад савецкай эканомікі.
У 2014-м годзе, пасля нападу Расіі на Украіну, стала зразумела, што Украіна па палітычных матывах больш не можа сабе дазволіць залежаць ад расійскай нафты, не можа сабе дазволіць закупляць гэтыя аб'ёмы расійскай нафты. І Украіна перажыла адзін з, напэўна, самых цяжкіх эканамічных крызісаў у сваёй гісторыі, разарваўшы большую частку эканамічных адносін з Расіяй.
Заадно моцна змяніліся і ўзаемаадносіны з Беларуссю. Справа ў тым, што паліва, мазут, бензін і іншыя нафтапрадукты Украіне па-ранейшаму былі патрэбны, і Украіна пачала закупляць беларускія нафтапрадукты, зробленыя, вядома ж, у асноўным з расійскай нафты. Такім чынам Беларусь заняла пазіцыю пасрэдніка з даволі высокай маржынальнасцю. Мы маглі закупляць танную нафту з Расіі, вырабляць нафтапрадукты і прадаваць ва Украіну з досыць высокай маржой.
Пасля падзей 2020 года, калі многія краіны Еўрапейскага Саюза, заходнія краіны, пачалі ўводзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі, Украіна да гэтых санкцый не далучылася.
Такім чынам, пачынаючы з 2020 года, тавараабарот Беларусі і Украіны пачаў расці, і да 2022-га года Украіна была трэцім гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі і Еўрапейскага Саюза. Калі ж браць краіны Еўрапейскага саюза не ўсе разам, а паасобку, то Украіна і зусім была другім гандлёвым партнёрам — каля паловы беларускага экспарту ва Украіну складалі менавіта нафтапрадукты.
Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі, у якой Беларусь, на жаль, выступіла суагрэсарам, практычна ўсе эканамічныя ўзаемаадносіны з Украінай спыніліся. Мяжа была замініравана. Калі паглядзець на тыя звесткі, якія Украіна пастаўляе ў еўрапейскія зборнікі звестак, то мы можам убачыць, што фармальна нейкая доля гандлю паміж Беларуссю і Украінай захоўваецца. Праўда, аб'ём гандлю ўпаў у дзясяткі разоў. Магчыма, што гэта проста артэфакт даных, напрыклад, альбо Украіна працягвае расплачвацца за нейкія нафтапрадукты, атрыманыя яшчэ да пачатку бягучай вайны, альбо нейкі невялікі паток тавараў праходзіць, напрыклад, праз Польшчу. Праўда, цяпер ён складае, напэўна, не больш за пару дзясяткаў мільёнаў долараў, тады як да пачатку поўнамаштабнай вайны гаворка ішла пра мільярды долараў.
Наколькі дорага абышоўся разрыў эканамічных сувязей?
М. К.: Што страціла Украіна? Калега абсалютна мае рацыю, важнай часткай імпарту былі светлыя нафтапрадукты. Яшчэ бітум і нафтагаз.
Украіна па імпарце атрымлівала да вайны 400 000 тон. І яна іх атрымлівала чыгуначным транспартам і марскім транспартам. З Еўропы мы атрымлівалі ўсяго 170 000 тон, і ўкраінскія кампаніі за першыя тры месяцы вайны нарасцілі гэта да 400 000 ва ўмовах нулявых падаткаў, якія былі спецыяльна ўведзены.
Еўропа ўвяла мінімум чатыры этапы санкцый супраць светлых нафтапрадуктаў паходжання з Расіі і Беларусі. Таксама пад санкцыямі светлыя нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты ў Сербіі і Венгрыі. У Еўрасаюзе ўважліва адсочваецца паходжанне тавараў, і Украіна не можа іх купляць.
Якой была расплата за гэта?
Вайна — гэта вайна. Ты не можаш купляць у праціўнікаў тое, чым запраўляеш свае танкі.
Але я б не назваў гэтую цану занадта высокай. Вядома ж, у нас першыя месяцы вайны была высокая інфляцыя. Але наша група спецыяльна палічыла ўклад у інфляцыю падаражэння нафтапрадуктаў, які склаў не больш за 1,6 %.
Л. Л.: У першыя месяцы вайны Беларусь пачала губляць цэлыя індустрыі. Наша індустрыя нафтаперапрацоўкі першапачаткова цалкам залежала ад экспарту менавіта ва Украіну, мы не так шмат нафтапрадуктаў пастаўлялі ў іншыя краіны, у краіны Еўропы. Натуральна, Беларусь страціла і доступ да нейкіх лагістычных ланцужкоў. Да прыкладу, да пачатку поўнамаштабнай вайны Беларусь распрацоўвала планы па выкарыстанні ўкраінскай лагістычнай структуры для экспарту свайго калію.
Відавочна, што Беларусь страціла вялікі рынак і для сваіх прадуктаў харчавання. У такой жа сітуацыі аказалася мноства-мноства рознага памеру бізнесаў, якія працавалі на дзве краіны. Нагадаю, што ў нас было дастаткова шмат атрыманых у спадчыну ад Савецкага Саюза вытворчасцей, якія літаральна працавалі ў дзвюх краінах.
Мы бачылі, як нашы індустрыі зазналі адчувальны шок у першыя месяцы. У Беларусі значная частка статыстыкі засакрэчаная. Тым не менш, па ўскосных прыкметах мы бачылі, як, напрыклад, зарплаты нафтавікоў у рэальным выражэнні ў маі 2022 года зніжаліся на дзясяткі працэнтаў.
У выніку праз год пасля пачатку вайны беларускай эканоміцы ўдалося адаптавацца. Дзякуючы, перш за ўсё, дапамозе Расіі, якая дапамагала беларускай эканоміцы рознымі шляхамі. У першую чаргу былі наладжаны новыя лагістычныя ланцужкі праз расійскія парты.
А з нафтапрадуктамі Беларусі, як звычайна, пашанцавала. Калі вайна толькі пачалася, было абсалютна нетрывіяльнай задачай знайсці новых пакупнікоў для беларускіх нафтапрадуктаў, бо, яшчэ раз паўтару, традыцыйным рынкам была менавіта Украіна. Але пасля таго, як краіны Еўрасаюза і краіны «Вялікай сямёркі» пачалі ўводзіць санкцыі ў дачыненні да расійскай нафты, быў распрацаваны так званы механізм абмежавання цэн. Беларусь аказалася раптоўна ў выйгрышным становішчы.
Цяпер Беларусь можа купляць расійскую нафту са значным дысконтам да сусветнай маркі «Brent», перапрацоўваць яе і прадаваць праз тыя ж самыя расійскія парты нафтапрадукты ўжо па звычайным сярэднім сусветным кошце.
Паводле некаторых падлікаў, Беларусь толькі ў 2022 годзе на гэтым магла зарабіць да 1,5 мільярдаў долараў. І гаворка можа ісці пра яшчэ некалькі мільярдаў долараў у 2023 годзе. Гэта значыць, страты былі, але ў выніку ў ходзе адаптацыі эканомікі вялікая іх частка была рэкуперавана.
Праўда, трэба адзначыць, што рэцэсія, якая здарылася ў Беларусі ў 2022 годзе, аказалася самай вялікай рэцэсіяй з 1995 года.
Цалкам пачытаць размову эканамістаў можна тут.