Захапіць Днепр і Харкаў да 2026 года: Пуцін усё яшчэ хоча заваяваць Украіну?
Нямецкая выведка распавяла, што РФ хоча захапіць яшчэ тры абласныя цэнтры Украіны. Прынамсі, пра гэта напісала нямецкае выданне Bild.
Крэмль мае намер працягваць вайну ва Украіне да 2026 года. У яго планах — захоп Харкава і Дняпра. Пра гэта напісаў вайсковы аналітык Bild Юльян Рэпке са спасылкай на звесткі, пададзеныя крыніцамі ў выведцы, адзначае «Люстэрка».
Нібыта ўлады РФ разлічваюць, што Захад знізіць падтрымку Украіны, а таксама зробяць імітацыю перамоваў, каб увесці сусветную супольнасць у зман адносна «мірных намераў» Расіі. На самай справе ў Крамлі не плануюць ніякага перамір'я і распрацоўваюць новы сярэднетэрміновы план вайны, сцвярджаюць крыніцы BILD.
Так, РФ імкнецца да канца 2024 года ўсталяваць поўны кантроль над Данецкай і Луганскай абласцямі і дайсці да ракі Аскол у Харкаўскай вобласці.
Да канца 2026 года плануюць наступаць далей на захад да Дняпра, захапіць значную частку Запарожскай, Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласцей, у тым ліку гарады Харкаў, Днепр і Запарожжа.
На Херсонскім фронце збіраюцца ўтрымліваць абарону па Дняпры, не наступаючы на правы бераг на Херсон або Адэсу.
«Усе ўсходнія тэрыторыі лявей за Днепр павінны быць заваяваныя на працягу 36 месяцаў, — заявіла крыніца. — Тады рака стане новым фронтам». Паводле звестак нямецкай выведкі, улады РФ гатовыя штогод губляць ва Украіне да 100 000 жаўнераў.
Пра тое, што максімалісцкія мэты Расіі ўключаюць кантроль над усімі чатырма абласцямі Украіны, часткі якіх яна незаконна анексавала, пісаў Амерыканскі інстытут вывучэння вайны. Такая капітуляцыя непрымальная з пункту гледжання жыццёва важных інтарэсаў нацыянальнай бяспекі як Украіны, так і Захаду, падкрэслівалі ў ISW.
Вайна ва Украіне ўжо абышлася Расіі ў 315 000 забітых і параненых вайскоўцаў, або амаль 90% асабовага складу, якім яна мела на момант пачатку канфлікту.
Страты Масквы ў асабістым складзе і бронетэхніцы, нанесеныя ўкраінскім вайскоўцам, адкінулі расійскую вайсковую мадэрнізацыю на 18 гадоў назад, паведамляла агенцтва Reuters са спасылкай на звесткі амерыканскай выведкі.
Расійскі палітолаг, супрацоўніца Берлінскага цэнтра Карнэгі па вывучэнні Расіі і Еўразіі Таццяна Станавая адзначыла: «Пуцін чакае, што Захад пераасэнсаваць сваю палітыку і пачне шукаць магчымасці для інклюзіўнай размовы. Расія да такой размовы гатовая, была адной з галоўных задач прэс-канферэнцыі».
«Пуцін паспрабаваў паставіць Захад перад фактам: Расія даможацца не толькі поўнай вайсковай капітуляцыі Украіны, але і ўсталюе там дружалюбны рэжым («дэнацыфікацыя»), а ўкраінскі паўднёвы ўсход будзе часткай Расіі. Пуцін дае зразумець, што пытанне толькі ў цане, якую Захад заплаціць за тое, што адкладае рашэнне перагледзець падтрымку Украіны. Пасыл такі: альбо мы дамаўляемся цяпер, альбо Расія будзе і далей перамолваць украінскі народ і пасланую яму вайсковую тэхніку», — напісала Станавая ў сваім тэлеграме.