Ці можна навучыцца гандляваць у сітуацыі рэгулявання коштаў?

Прыйшла бяда, адкуль не чакалі. Здавалася б, і Лукашэнка з Пуціным сустрэўся, і «выбары» — цалкам кантраляваныя і без выбару — на носе, і да санкцый, быццам бы, прывыклі. Але заўсёды знойдуцца тыя, хто патопчацца па балючым мазалі.

minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Венгерскае выданне Direkt36 раптоўна — са спасылкай на інфармацыю аб закрытай сустрэчы Орбана з дэпутатамі, якая прайшла вясной мінулага года — паведаміла, што прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан убачыў у Беларусі патэнцыял для дзвюх рэвалюцый.

Орбан згадаў Беларусь у кантэксце ўступлення Украіны ў ЕС, якое, на яго думку, узмоцніць пазіцыі ЗША ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і перашкодзіць яго планам будаваць адносіны з Расіяй, Індыяй і Кітаем.

«Орбан заявіў, што ўступленне Украіны створыць у ЕС такі «цэнтр сілы», у якім будуць дамінаваць Злучаныя Штаты ў вайсковым, палітычным і эканамічным плане. Гэтая паўночна-цэнтральная еўрапейская зона будзе ўключаць, на думку Орбана, тры балтыйскія дзяржавы, Польшчу, Украіну, якая была пазбаўлена часткі сваёй тэрыторыі Расіяй, і, у меншай ступені, Румынію (краіны, якія, баючыся Расіі, падтрымліваюць больш цесныя сувязі з ЗША)», — гаворыцца ў публікацыі выдання.

Яно таксама цытуе словы, нібыта сказаныя Орбанам: «Паглядзім, што тычыцца Беларусі, там яшчэ можа адбыцца адна ці дзве каляровыя рэвалюцыі». Венгерскі прэм'ер таксама выказаў меркаванне, што «магчымая беларуская рэвалюцыя зробіць гэтую еўрапейскую зону, дзе дамінуюць ЗША, яшчэ большай».

Заява вельмі цікавая, нават улічваючы тое, што гэта было (ці было?) прамоўлена год таму. Нагадаем, што вясной мінулага года «нішто не прадвяшчала», як і цяпер. У той час Украіна рыхтавалася да контрнаступлення, Пуцін заявіў пра ўвод ядзернай зброі ў Беларусь. І на гэтым фоне Орбан бачыў магчымасці рэвалюцый. Нават дзвюх.

Цікавасць да прагнозу Орбана якраз і палягае ў тым, што ў Беларусі за гэты год нічога, па вялікім рахунку, не змянілася. Эксперты дагэтуль варожаць, ядзерная зброя ёсць ці не (натуральна, гэта не тая сфера, у якой магчымая пераканаўчая дэманстрацыя), заявы аб стварэнні «народнага апалчэння» змяніліся заявамі аб стварэнні «новых спецназаў», КДБ працягвае «выкрываць шпіёнаў», а рэйды ГУБАЗІКа па грамадзянах нават актывізаваліся. Таму наўрад ці варта лічыць, што прагноз Орбана змяніўся.

Тым больш што некаторыя дзеячы ва Украіне зноў кажуць аб магчымым контрнаступленні.

Цікава, на чым грунтаваў Віктар Орбан свае словы? На жаль, разгорнуты адказ мы на гэта наўрад ці атрымаем. Але палітычны нюх у Орбана не горшы, чым у Лукашэнкі. І калі ў Лукашэнкі нюх апошнім часам згубіўся, то пра Орбана такое не скажаш.

Не скажаш у тым ліку і таму, што пра Орбана можна казаць, што ён «аўтакрат». Але не дыктатар. У яго існуюць незалежныя СМІ і ўся паўната інфармацыі, неабходная як для прагнозаў, так і для прыняцця рашэнняў.

А вось нашым чыноўнікам адсутнасць альтэрнатыўнай інфармацыі відавочна шкодзіць.

Напрыклад, амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты заявіў, што Лукашэнка «даручыў адкрыць у Расіі крамы, аналагічныя «Першаму нацыянальнаму гандлёваму дому». Астраханцам ужо гэтая тэма прапанавана. Будзе гэта ў выглядзе асобнага гандлёвага дома або ў фармаце пашыранага кірмашу — паглядзім, будзем прапрацоўваць».

Канешне, словы пра тое, што Лукашэнка распараджаецца нешта адкрываць у Расіі, вельмі цікавыя. Добра, што не «загадаў», і добра, што не астраханскаму губернатару. Нават цяпер словы Крутога выглядаюць як замах на ўладу ў Расіі. Але пакуль невядома, каму Лукашэнка «даручыў», то тут ёсць поле для манеўру.

Паводле слоў пасла, Беларусь прапануе размясціць у Астраханскай вобласці РФ краму сеткі «Гуд Лак». «Беларуская мэбля вельмі папулярная ў Астрахані, бачым рост паставак нашых ключавых вытворцаў. Але мы яшчэ прапануем канцэпцыю замены IKEA — на «Гуд Лак». Акрамя мэблевай, плітнай прадукцыі, гэта і прадукцыя легпрама, Аршанскага льнокамбіната і іншых. Словам, гэта будзе беларуская IKEA ў Астрахані, два гандлёвыя цэнтры змагаюцца за тое, дзе гэтая канцэпцыя будзе рэалізавана. Думаю, сёлета мы давядзём справу да канца», — мяркуе Круты.

Праўда, пасол ні словам не абмовіўся пра тое, што, па-першае, самой IKEA ў Беларусі няма і ніколі не было. Таму выраз «беларуская IKEA» як мінімум азначае «круглы кубік». Па-другое, нядрэнна было б даведацца, як і чаму «замена IKEA» не грыміць па ўсёй Беларусі. Чаму такі «прарыў у імпартазамяшчэнні» не асвятляецца прапагандыстамі з кожнага праса. Можа, таму, што ніякага замяшчэння IKEA і няма на самай справе?

Наогул, ідэя ўцюхаць замежным кліентам тое, што «не пракаціла» ў Беларусі, на гэтым тыдні была вельмі папулярная. Вось, напрыклад, Беларусь і Зімбабвэ абмяркоўваюць пашыў школьнай формы і форменнага адзення для зімбабвійскіх сілавікоў з беларускіх тканін. Пытанне абмяркоўвалася паміж старшынёй канцэрна «Беллегпрам» Таццянай Лугінай і міністрам прамысловасці і гандлю Зімбабвэ Сітэмбісай Джайл Глэдзіс Ньёні.

Падчас візіту зімбабвійскай дэлегацыі ў Беларусь бакі дамовіліся аб перадачы ўзораў тканін зімбабвійскаму боку. Таксама дасягнута дамоўленасць аб наведванні прадстаўнікоў прадпрыемстваў «Беллегпрама» швейных прадпрыемстваў у Зімбабвэ і канцэрна гарбарнай асацыяцыі Рэспублікі Зімбабвэ.

Ужо колькі нараканняў было з нагоды школьнай формы беларускіх вытворцаў — не злічыць. Не ўдалося ўпіхнуць нашым грамадзянам — вырашылі паспрабаваць ашчаслівіць бедных афрыканскіх дзяцей. Вядома, з гэтай ініцыятывай узнікае шмат пытанняў: пачынаючы ад клімату і заканчваючы простым — чаму ў «Беллегпраме» вырашылі, што тое, што не падыходзіць беларусам, падыдзе зімбабвійцам? Бо прама скажам, Афрыка — ужо даўно не тое месца, дзе аддаюць каштоўнасці ў абмен на каралі, а Зімбабвэ — не такая багатая краіна, каб проста забіраць сабе тое, што «нам нядобра».

Парадавала і статыстыка Беларускай чыгункі. Як высветлілася, БЧ летась адправіла ў Кітай больш за 1500 кантэйнерных цягнікоў, што на 50% больш, чым у 2022 годзе. Зразумела, было 1000 саставаў — стала 1500. Але наша 1000 саставаў — ці не мала гэта для Вялікага Кітая?

Карацей, можна сказаць адно — гандляваць мы не вельмі ўмеем. Дый адкуль узяцца такому ўменню, калі ў самой Беларусі ўведзена жорсткае рэгуляванне коштаў, якое спрэс забівае той жа гандаль? Адкуль у нас возьмуцца спецыялісты, якія ўмеюць гандляваць у сусветных умовах?

А пакуль мы не зможам навучыцца гандляваць у сваёй краіне, наўрад ці нам нешта свеціць на знешніх рынках.

І ўсё ж такі цікава, што меў на ўвазе Орбан?