Рэжым спачатку «адціснуў» Мёрскі металапракатны завод, а цяпер не можа ліквідаваць

Ліквідацыйны працэс кампаніі «ММПЗ-груп», у якой дзяржава «адціснула» Мёрскі металапракатны завод, працягнулі на тры месяцы — да 26 верасня. Такое рашэнне прыняў Эканамічны суд Віцебскай вобласці. Таксама стала вядома, што ў канцы ліпеня не ўдалося прадаць з малатка маёмасць гэтай кампаніі амаль на 1,5 млн рублёў — не знайшлося ахвотных набыць яе. Гэта вынікае з Адзінага дзяржаўнага рэестра звестак пра банкруцтва, паведамляе «Люстэрка».

Фота: facebook.com/MiorySteelЧитать полностью: https://news.zerkalo.io/economics/45329.html?c

Фота: facebook.com/MiorySteel
Читать полностью: https://news.zerkalo.io/economics/45329.html?c

Спачатку заканчэнне ліквідацыйнага працэсу прызначылі на 26 чэрвеня. Новы дэдлайн — 26 верасня.

21 ліпеня на таргах спрабавалі прадаць маёмасць «ММПЗ-груп», аднак арганізацыі, перад якімі ў Мёрскага завода ёсць пазыкі, не падалі заяўкі. Асноўны доўг — перад фірмай «Ваш будаўнічы партнёр», яна займаецца ўзвядзеннем будынкаў. Запазычанасць «ММПЗ-груп» перавышае 1 млн 358,5 тыс. рублёў. Спагнаць такую суму 18 траўня гэтага года пастанавіў Эканамічны суд Мінска.

Пры гэтым у Эканамічным судзе Віцебскай вобласці на 26 верасня прызначана судовае пасяджэнне па пазове «Беларусбанка» да «ММПЗ-груп». Прадмет спрэчкі — эканамічная неплацежаздольнасць (банкруцтва). Іншыя падрабязнасці не раскрываюцца.


Глядзіце таксама

Як развівалася гісторыя з нацыяналізацыяй «ММПЗ-груп»

У чэрвені 2021 года, незадоўга да візіту на прадпрыемства ў Мёрах Аляксандра Лукашэнкі, сілавікі затрымалі яго кіраўнікоў. Пасля гэтага чыноўнікі ўзяліся «ратаваць» прадпрыемства. У выніку ў 2022 годзе ўсе актывы і даўгі Мёрскага металапракатнага завода перайшлі новай дзяржаўнай фірме, яе заснаваў «Белцветмет».

У жніўні мінулага года Лукашэнка заявіў пра нацыяналізацыю завода «ў сувязі з тым, што прыватнікі не выканалі сваіх абавязацельстваў», тады палітык абурыўся, што «ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута».

Гэтаму папярэднічала падача шматлікіх пазоваў з боку «Беларусбанка» да «ММПЗ-груп». Некаторыя суды датычылі эканамічнай неплацежаздольнасці прадпрыемства.

Суддзі прымалі рашэнне пра спагнанне з кампаніі запазычанасці перад банкам. Агулам абавязацельствы вылічаюцца сотнямі тысяч еўра. Да прыкладу, сума па адным з пазоваў перавышае 277 тысяч еўра, па іншым — 244 тысячы еўра.

«Беларусбанк» удзельнічаў у фінансаванні набыцця асноўнага тэхналагічнага абсталявання. У 2015 годзе кампанія брала крэдыт для фінансавання паставак тэхналагічнага абсталявання з Германіі. «Укладзены крэдытныя дамовы на агульную суму 106,2 млн еўра за кошт рэсурсаў нямецкага банка AKA Ausfuhrkredit-Gesellschaft mbH», — паведамляла прэс-служба банка. Для гэтага «Беларусбанк» прыцягваў рэсурсы нямецкіх банкаў. На заводзе ўдакладнялі, што крэдыты бралі на 10 гадоў «пад беспрэцэдэнтна нізкую працэнтную стаўку» і без прыцягнення гарантый урада Беларусі.

У лістападзе мінулага года завод у Мёрах перадалі створанаму дзяржпрадпрыемству «Металапракатная кампанія», якая працуе пад брэндам Tinergy. Яна падпарадкоўваецца «Белцветмету». Кіраўніцтва прадпрыемства запэўнівае, што ў дзяржаўных руках завод працуе паспяхова, з «упэўненасцю ў заўтрашнім дні». Аднак паводле рашэння Саўміна прадпрыемства не публікуе фінансавай справаздачнасці.