Куды знікаюць грошы: вытворчасць расце, а прыбытак падае

Вытворчасць тавараў і паслуг у Беларусі расце нябачанымі за апошнія дзесяць гадоў тэмпамі, прадпрыемствы зарабляюць вялікія грошы. Але выніковы баланс аказваецца чым далей, тым толькі горшым — выдаткі з'ядаюць большую частку заробленага.

_belarus_ekanomika_rynak_fota_novy_czas__1__logo.jpg

Па выніках 1 квартала выдаткі беларускіх прадпрыемстваў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі павялічыліся на 18% у гадавым выражэнні, піша «Белорусы и рынок».

Аналіз звестак Белстата паказвае, што ў структуры выдаткаў больш за ўсё падскочылі выдаткі на імпартныя матэрыялы і абсталяванне — на 32,4%. Прыкметна выраслі адлічэнні на сацыяльныя патрэбы — на 19%.

Адначасова на 15,7% вырас сабекошт вырабленых у краіне тавараў і паслуг, у прамысловасці — на 17%. 

Глядзіце таксама

Выручка большая, а прыбытку ўсё менш

З-за павелічэння выдаткаў беларускія прадпрыемствы, хоць і нарошчваюць выпуск і выручку, працягваюць губляць прыбытковасць.

За 1 квартал выручка па краіне вырасла на 12% да таго ж перыяду мінулага года — і дасягнула 101 мільярд рублёў. У той жа час чысты прыбытак скараціўся амаль на такі ж працэнт, склаўшы 4,4 мільярд. У прамысловасці абвал чыстага прыбытку яшчэ больш значны — на 19,3%. 

Глядзіце таксама

Страты нарастаюць

Дзве галіны ў краіне ўжо другі год запар працуюць у мінус – гэта транспарт і лагістыка, а таксама гасцінічны сектар.

Пры гэтым страта транспартнікаў у 1 квартале 2024 года дасягнула 75 мільёнаў рублёў — і павялічылася за год у 3,5 разы.

Пагоршыліся паказчыкі і ў сельскай гаспадарцы: калі з разліку прыбраць дзяржпадтрымку, 60% усіх прадпрыемстваў акажуцца стратнымі (год таму такімі былі 48% арганізацый).

У цэлым па эканоміцы колькасць стратных прадпрыемстваў за год амаль не змянілася, аднак сума стратаў, якую яны паспелі згенераваць, павялічылася амаль на палову – да 1,6 мільярда рублёў.

Тут таксама асабліва вызначыліся праблемныя прадпрыемствы прамысловасці — сума іх страт амаль падвоілася, пераваліўшы за мільярд рублёў. 

Глядзіце таксама

Хто застаўся без свабодных грошай

Вырасла колькасць прадпрыемстваў, якія не маюць уласных абаротных сродкаў — на 1 красавіка такіх налічваецца 1 545 адзінак, што на 25% больш, чым было годам раней. У прамысловасці 322 прадпрыемствы працуюць без абаротных сродкаў.

Аднак найбольшую долю безграшовых арганізацый маюць:

  • дэвелаперская сфера («аперацыі з нерухомай маёмасцю») — 40,8%

  • гасцінічны сектар (38, 5%),

  • ахова здароўя (33%)

  • гандаль (34%). 

Глядзіце таксама

    Грошы сыходзяць крэдыторам

     За 1 квартал беларускія арганізацыі накіравалі на пагашэнне крэдытаў і пазык 30,8 мільярда рублёў — у адносінах да мінулага года выплаты падняліся на 25,3%. На гэтыя мэты кампаніі выдаткавалі суму, якая эквівалентная 30,5% выручкі.

    Прамысловасць, зноў жа, мацней за астатніх пакутуе ад крэдытнай нагрузкі — сектару прыйшлося накіраваць сваім крэдыторам 35,7% выручкі. Што тычыцца ўласна апрацоўчага сектара, то тут на пагашэнне даўгоў сышло 16,6 мільярда рублёў, што склала 42,4% выручкі прадпрыемстваў.

    Моцна вырасла доля выручкі, якая сыходзіць на крэдыты, таксама і ў транспарце: у 1 квартале яна дасягнула 31%, тады як годам раней складала толькі 20%.