Дзяржава супраць прыватнікаў. Хто выйграе ў эфектыўнасці?

Апошнія тры гады ў краіне назіраецца відавочны трэнд: прыватны бізнес гіне, а доля дзяржпрадпрыемстваў расце. Складваецца ўражанне, што ва ўрадзе тое, што адбываецца, успрымаюць як дасягненне. Нагадаем, што да 2020 года ўсё было з дакладнасцю наадварот: доля прыватнага сектара расла, і гэтым выхваляліся на ўсіх узроўнях.

_belarus_aficiez_scjahi_horad_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Відавочна, што прычыны, па якіх адбылася такая кардынальная змена пазіцыі, ляжаць у палітычнай плашчыні. Застаецца пытанне —да чаго гэта прывядзе? Тэлеграм-канал «Нашы грошы» спрабуе адказаць на гэтае пытанне, паглядзеўшы на эфектыўнасць працы дзяржпрадпрыемстваў і прыватнікаў.

Агульнавядома, што прыватны бізнес звычайна больш прыбытковы і інавацыйны. Можна было б не пагадзіцца і сказаць, што дзяржава проста канцэнтруецца ў тых галінах, якія менш прыбытковыя, але сацыяльна значныя, напрыклад — у адукацыі, ахове здароўя, сельскай гаспадарцы і гэтак далей. Але калі мы параўнаем нават у рамках адной сацыяльна значнай нішы дзяржаўны і прыватны сектар, то часцей за ўсё ўбачым, што апошні ўсё роўна выйграе. Прыватныя фермеры паказваюць вынікі, якія нават не сніліся калгасам.

Па сутнасці, рост беларускай эканомікі да 2020 года шмат у чым быў абумоўлены тым, што хібы дзяржаўных прадпрыемстваў перакрывалася з лішкам эфектыўнасцю прыватнага сектара. Ці можна гэта пацвердзіць канкрэтнымі лічбамі? Вядома, можна. Ёсць такое паняцце, як рэнтабельнасць продажаў — адносіны выручкі да сабекошту.

У сярэднім па эканоміцы ў першым квартале 2023 года рэнтабельнасць продажаў складала 8%. Пры гэтым прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў дзяржуласнасці, паказваюць рэнтабельнасць продажаў усяго 6,2%.

Таксама варта ўлічваць, што, кажучы пра прадпрыемствы дзяржуласнасці, мы маем на ўвазе ў тым ліку і высокапрыбытковыя вытворчасці, напрыклад вытворцаў алкаголю і цыгарэт або прадпрыемствы калійнай галіны. Прыбраўшы гэтыя «козыры» з агульнага катла статыстыкі, мы напэўна ўбачылі б яшчэ больш сумныя паказчыкі.

А вось як толькі ў справу ўступае прыватнік, сітуацыя змяняецца ў корані. Нават у арганізацыях, дзе дзяржава валодае часткай кампаніі ці, наадварот, прыватнік укладвае свае сродкі ў дзяржуласнасць, рэнтабельнасць адразу вырастае да 10,5%.

photo_2023_08_07_11_02_20.jpg

Вы адразу заўважыце, што на гэтым графіку няма прадпрыемстваў, якія цалкам належаць прыватнікам. Такой статыстыкі ў адкрытым доступе няма. Чаму? Напэўна, таму, што параўнанне можа разбурыць вельмі многія наратывы, якія імкнецца прасоўваць прапаганда. У прыватнасці, ідэю пра дзяржпрадпрыемствы, якія «квітнеюць» пад кіраўніцтвам «эфектыўных кіраўнікоў», прызначаных «жорсткай рукой».

Мы бачым, што многія бізнесмены перавозяць сваю справу за мяжу або проста яе закрываюць, гэта ўжо цяпер негатыўна адбіваецца на агульнай эканамічнай сітуацыі. Пры гэтым статыстыку можна «падкручваць» дастаткова доўга, пераконваючы нас, што падставы для турбот няма. Але турбавацца варта. Скарачэнне долі прыватных прадпрыемстваў і павелічэнне «дзярж» — вельмі негатыўная тэндэнцыя. Яна нясе ў сабе тры ўдары.

  • Першы — зніжэнне эфектыўнасці эканомікі ў цэлым. А гэта цягне за сабой банальную беднасць.
  • Другі — дзяржаўныя кампаніі будуць канкурыраваць за крэдыты з прыватнымі. Але гэта будзе няроўная канкурэнцыя, бо многія дзяржкампаніі бяруць у доўг ільготныя пазыкі, не клапоцячыся пра тое, як гэтыя грошы будуць аддаваць. У выніку прыватніку, які генеруе прыбытак, будзе ўсё складаней дастаць грошы, бо іх будуць забіраць дзяржкампаніі, якія блытаюць пазыкі з падарункамі. Усё больш свабодных грошай будзе сыходзіць у неэфектыўныя праекты.
  • Трэці — калі неэфектыўныя праекты пачнуць «класціся», паўстане мноства фактараў, якія яшчэ мацней будуць зніжаць пакупніцкую здольнасць насельніцтва.

Вінаватым зноў прызначаць ахвотнага да прыбытку прыватніка, правам уласнасці якога можна будзе грэбаваць і перавесці кампаніі пад «клапатлівае» крыло дзяржавы, тым самым яшчэ мацней павялічваючы долю дзяржуласнасці ў эканоміцы.

Глядзіце таксама