Якім быў беларускі fast food да «Макдональдса» і KFC?
У свой час з'яўленне першых трох рэстаранаў McDonald's падзяліла гісторыю фастфуду ў Беларусі на «да» і «пасля» яго.
Хто рабіў першыя крокі ў гэтым сегменце, якія праекты ўдаліся, а якія так і засталіся праектамі, прыгадвае Office Life.
У канцы 1980-х — пачатку 1990-х сфера грамадскага харчавання стала адной з самых прывабных, дзе з'явілася магчымасць рэалізаваць свае прадпрымальніцкія таленты самаму шырокаму колу ахвочых. Вельмі хутка па суседстве з былымі савецкімі рэстаранамі, як правіла, арандаванымі ў дзяржавы, з'явіліся ўстановы, якія рабіліся з нуля.
У Мінску да «Вернісажу», «Сямі пятніцаў», «Каменнай кветкі», рэстаранаў у «Планеце» і «Арбіце» дадаліся «Чорны лімон» Якава Ашпіза на вуліцы Якуба Коласа, «Іспанскі куток» ад Расціслава Ардоўскага-Танаеўскага-Бланка на галоўным праспекце, «Стэйкхаўз» Аляксандра Пархімчыка на былым праспекце Машэрава, «Вестфалія» ад дортмундскіх немцаў і «Бергама» ад італьянца Маўрыцыа Дзаніні. Большасць першых і другіх пазіцыянавала сябе ў элітным сегменце — і арыентавалася на сярэдні клас, які пачаў зараджацца.
Праектамі для народа, які ў тыя часы жыў ад зарплаты да зарплаты, былі шматлікія прадстаўнікі стрытфуду — кавяранькі, румачныя, перасоўныя фургоны і проста шапікі з ежай. У большасці выпадкаў гэта былі кропкі noname або ўстановы з банальнымі назвамі.
Аднак тры сеткавыя праекты паспелі зарэкамендаваць сябе да прыходу заходніх франшызаў.
Швейцарскі «Пінгвін»
Калі казаць пра
першы сеткавы праект перыяду да «Макдональдса», то гэта, безумоўна,
кафэ-марозіва «Пінгвін» — гэтакі правобраз сучасных (якія, дарэчы, не прыжыліся
ў Беларусі) Baskin Robbins.
Першы «Пінгвін» адкрыўся ў сакавіку 1991-га ў Салігорску. І адтуль пачаў урачыстае шэсце спачатку па БССР, а потым і па незалежнай Беларусі.
Той жа вясной 1991-га ён дабраўся да Мінска — першае кафэ-марозіва брэнду ў сталіцы з'явілася ў памяшканні былога аддзела «Сокі-воды» на вуліцы Кірава. Доўгі час да адкрыцця ўстановы, што пачынала працу ў 10:00, выстройваліся чэргі, каб пакаштаваць ласунак з нябачанымі раней напаўняльнікамі: лімонам, ананасам, малінай, ківі, чарніцамі і іншымі.
Мала хто з пакупнікоў ведаў, што на 95% прадукт складаўся з айчыннай сыравіны. Малаком уладальніка сеткі і брэнду СП «Белкампексім» забяспечваў яго сузаснавальнік — Мінскае абласное аб'яднанне мяса-малочнай прамысловасці. Астатнія 5% складалі імпартныя напаўняльнікі. Іх прывозіў у Беларусь другі ўдзельнік СП — швейцарская кампанія «Кампексім». Пазней «Белкампексім» прывезла абсталяванне і пачало выпуск вафельных конусаў пад марозіва.
У 1991-м новыя «Пінгвіны» адкрыліся ў Мінску на тагачасным праспекце Францыска Скарыны, у павільёне насупраць «Патсдама», а таксама ў Маладзечне. Пазней у калабарацыі з Белкаапсаюзам «Пінгвін» з'явіўся на сталічнай Камароўцы.
Заснавальнікі ставілі задачу пашырыць сетку ў Мінску, адкрыць кафэ ў Барысаве, Слуцку і Нарачы, выйсці на абласныя гарады і адкрыць «Пінгвіны» на найбуйнейшых рынках краіны. Больш за тое, у іх з'явіўся яшчэ адзін план — запусціць сетку бістро з італьянскімі макаронамі і равіёлі, а таксама з уласным півам.
Ідэі па развіцці бізнесу затухлі, пасля таго як «Белкампексім» «папрасілі» з арандаваных вытворчых і складскіх памяшканняў на вуліцы Маякоўскага. «Пінгвіны» некаторы час яшчэ працавалі, але адзін за адным да канца 1990-х закрыліся.
У пачатку 1990-х працаваў таксама і «незалежны» «Пінгвін» у Брэсце. Яго адкрывала ў абласным горадзе як свой філіял расійскае СП швейцарцаў «Москомпексим». Кавярня закрылася яшчэ раней, чым у іншых гарадах краіны, — пасля прэтэнзій мясцовых падаткавікоў.
Смажанкі і хот-догі ад немцаў
У 1991-м — 1992-м у
Беларусі запрацавалі яшчэ два сеткавых праекты. Абодва з нямецкім капіталам.
Адным з іх было СП «Эберт-нарпіт», яго сузаснавальнікам стала кіраванне сталічнага грамадскага харчавання.
Першапачаткова планавалася адкрыць у Мінску некалькі замоўленых у Баранавічах гандлёвых павільёнаў і столікаў для продажу фірмовых сасісак. З часам асартымент павялічыўся, а «фішкай» сеткі сталі смажанкі.
У 1990-я гады сетка разраслася: у 1997-м ёй належала 12 пунктаў у сталіцы і яшчэ 4 — па-за Мінскам. Але ў 2000-я яна не вытрымала канкурэнцыі, і СП «Эберт-нарпіт» было прызнанае банкрутам.
Даўжэй праіснаваў яго галоўны канкурэнт у стрытфудзе — кампанія «Экспрэс-сэрвіс».
Партнёрамі немцаў сталі прыватныя асобы з Беларусі, якія зрабілі стаўку на хот-догі, пры гэтым адмовіліся і ад столікаў, і ад аднаразовага посуду. Для пунктаў выбіралі самыя хадавыя месцы, на якіх размяшчалася адразу па тры-чатыры павільёны — у раёне чыгуначнага вакзала, Камароўкі, рэчавага рынку на стадыёне «Дынама».
У 1997-м «Экспрэс-сэрвісу» належала 23 павільёны, а кіраўнікі заяўлялі пра намер адкрыць яшчэ 15.
«Экспрэс-сэрвіс» спачатку працаваў толькі ў Мінску. Пазней адкрыліся павільёны ў Віцебску і Гродне. Але гэта было ўжо ў «Макдональдаўскі» перыяд, калі і назву, і хот-догі кампанія замяніла на «Хутка-Смачна».
У сярэдзіне 2010-х улады Мінска вырашылі акультурыць аблічча сталіцы, і гэта стала канцом першапраходцаў беларускага фастфуду. Апошні кіёск сеткі пакінуў сваё месца на Нямізе вясной 2021-га.
«Камбісы» і «дранікі»
Не менш за 10 сеткавых праектаў рыхтаваліся да запуску ў 1990 годзе, але так і не пачалі працаваць. Успомнім пра два найбольш цікавыя з іх.
Першы прапанаваў дзейны генеральны дырэктар СП «РадэнМінск» (уладальнік гандлёвага дома «На Нямізе») Сяргей Гурыновіч. Ён дамовіўся з гаспадаром расійскай кампаніі «Росинтер» Расціславам Ардоўскім-Танаеўскім-Бланкам аб стварэнні і развіцці фастфуд-устаноў пад брэндам «Комбис». Адно з іх па тэхналогіі «Росинтер» павінна было з'явіцца ўжо ў 1995-м на тэрыторыі ГД «На Нямізе». Яшчэ тры пляцоўкі — у іншых раёнах сталіцы. З праекта нічога не атрымалася праз карпаратыўную вайну заснавальнікаў «РадэнМінск», якая вылілася ў адстаўку Гурыновіча і нацыяналізацыю ГД «На Нямізе».
Ініцыятарам другога праекта — сеткі «Дранікі» — стаў Анатоль Старкоў. Ён пачаў прасоўваць альтэрнатыву McDonald's яшчэ да яго прыходу ў краіну — у 1994-м. «Прабіў» месца пад першае кафэ на вуліцы Камсамольскай, атрымаў патэнты на «забойцу гамбургера» (піцу на аснове цёртай бульбы — бульбіцу) і на сістэму абслугоўвання ў новых установах. Але так і не здолеў знайсці крэдытора. Хоць і абяцаў акупальнасць цягам пяці гадоў.
Пераклад «НЧ»