Рост імпарту пагражае эфектыўнасці паставак за мяжу
Традыцыйна беларуская эканоміка вельмі залежная ад экспарту. Аднак, у гэтым годзе назіраецца працяг неспрыяльнай тэндэнцыі мінулага года, калі рост імпарту значна пераўзыходзіць рост паставак беларускіх тавараў за мяжу.
Нагадаем трохі
тэорыі: асноўную частку знешняга гандлю складае гандаль таварамі, якія дзеляцца
на інвестыцыйныя, прамежкавыя і спажывецкія. Інвестыцыйныя тавары — гэта
абсталяванне, прамежкавыя — сыравіна і матэрыялы, а спажывецкія — усё тое, што
мы з вамі бачым на паліцах у крамах, нагадвае сайт "Вашы грошы".
Статыстыка 2023 года
Асноўны аб'ём тавараў, якія закупляе або прадае ў іншыя краіны беларуская эканоміка, прадстаўлены прамежкавымі таварамі (сыравіна і матэрыялы).
Паводле звестак Белстата, за 2023 год аб'ём экспарту тавараў гэтай катэгорыі вырас на 6,1%, а імпарту на 2,8%. Купля замежнай сыравіны і рознага роду камплектуючых летась на $4,1 млрд пераўзыходзіла беларускі экспарт аналагічных тавараў. Годам раней адмоўнае сальда тут было $4,6 млрд.
Экспарт інвестыцыйных тавараў за 2023 год апынуўся на 0,3% вышэй за 2022-гі. Імпарт па гэтай групе тавараў вырас за студзень-снежань 2023 года да студзеня-снежня 2022 года на 50,5%!
Аналагічную сітуацыю можна было назіраць ў 2023-м па групе спажывецкіх тавараў. Тут экспарт вырас на 5,4%, у той час як імпарт павялічыўся на 27,7%. У абодвух выпадках разбежка ў росце экспарту і імпарту – гэта шмат у чым вынік абыходу санкцый у дачыненні да Расіі і выкарыстанне Беларусі як пракладкі на шляху важных для суседняга рынку тавараў.
Што адбываецца з імпартам і экспартам ў 2024 годзе?
Па выніках першых двух месяцаў 2024 года імпарт інвестыцыйных тавараў вырас на 2,6%, а экспарт, наадварот, упаў на 4,5%. У выніку, станоўчае сальда знешняга гандлю па гэтай катэгорыі тавараў скарацілася з $188,1 млн у студзені-лютым 2023 года да $138,2 млн у студзені-лютым 2024 года.
Аналагічная
карціна склалася і сярод прамежкавых тавараў. Пастаўкі з-за мяжы ў Беларусь
запчастак, камплектуючых, сыравіны і матэрыялаў выраслі на 3,3%, а пастаўкі з
Беларусі на замежныя рынкі па прамежкавых таварах павялічыліся толькі на 1,1%.
А паколькі тут яшчэ і імпарт перавышае экспарт, то адмоўнае сальда вырасла з $645,7 млн студзені-лютым 2023 года да $737,3 у бягучым годзе.
Лепш выглядае сітуацыя толькі ў частцы спажывецкіх тавараў, экспарт якіх за першыя два месяцы 2024 года вырас на 7,6%, а імпарт скараціўся на 1,6%. У выніку станоўча сальда склалася на ўзроўні $62,8 млн, у той час як годам раней было адмоўным у $116,0 млн.
У цэлым, сітуацыя з экспартам тавараў застаецца складанай. Галоўным чынам — праз зніжэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў на ключавым для краіны расійскім рынку. Там беларусаў адціскаюць як мясцовыя тавары, так і кітайскія, якія часта пераўзыходзяць беларускія аналагі і па цане, і па якасці.