Дарэгуляваліся! Чаму катастрафічна абрынуўся прыбытак беларускіх малочных вытворцаў?

Агульны прыбытак двух дзясяткаў беларускіх малочных прадпрыемстваў у мінулым годзе абваліўся на 85% у параўнанні з 2022 годам. Дзіўная рэч! Беларускія вытворцы больш вырабляюць, больш прадаюць, але грошай зарабляюць менш. 

_belarus_haspadarka_vjoska_karovy_ekanomika_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

На малочным экспарце Беларусь зарабляе мільярды долараў. Вытворчасць малочнай прадукцыі доўгія гады была адной з самых паспяховых галін эканомікі Беларусі, піша выданне «Беларусы і рынак»

Беларускія вытворцы трывала замацаваліся на рынку Расіі і паспяхова асвойваюць рынак Кітая. І тым не менш прыбытак беларускіх малочных вытворцаў летась абрынуўся. Што здарылася?

Чаму?

Агульны прыбытак двух дзясяткаў беларускіх малочных прадпрыемстваў летась склаў 144 млн рублёў — і абваліўся на 85% у параўнанні з 2022 годам. Чыстыя страты зафіксавалі 9 прадпрыемстваў. Яшчэ ў 2022 годзе стратных прадпрыемстваў у галіне наогул не было.

Самае ўражлівае падзенне прыбытку паказаў самы буйны вытворца — «Савушкін прадукт». Калі ў 2022 годзе ён зарабіў 393,8 млн рублёў, то ў 2023 — толькі 187,5 млн. У Слуцкага сыраробнага камбіната прыбытак у 140 млн рублёў у 2022 годзе змяніўся стратамі на 25 млн у 2023-м.

Адзіным прадпрыемствам, у якога прыбытак вырас, быў Мінскі малочны завод. Але ў абсалютных лічбах гэтая прыбытак абсалютна не ўражвае. Яго памер склаў крыху больш за 500 тысяч рублёў.

Глядзіце таксама

Пры гэтым працаваць горш беларускія вытворцы не сталі. Вытворчасць малака летась вырасла на 6,2%, да 8,14 млн тон.

Каля 60% усёй вырабленай малочнай прадукцыі Беларусь пастаўляе на экспарт.

За 11 месяцаў мінулага года гэты экспарт павялічыўся на 6,7% і склаў больш за чатыры мільёны тон. Сёлета Беларусь плануе павялічыць вытворчасць малака да 8,7 млн.

Але беларускім вытворцам усё гэта не дапамагае. Прыбытак прадпрыемстваў падае на фоне росту выручкі. У таго ж «Савушкіна прадукту» пры падзенні прыбытку больш чым у два разы выручка вырасла на 8%.

Глядзіце таксама

Гэта азначае простую рэч: беларускія вытворцы больш вырабляюць, больш прадаюць, але грошай зарабляюць менш.

Таму што цэны ўсё горш спраўляюцца з тым, каб пакрываць выдаткі на вытворчасць. Сабекошт продажаў летась вырас амаль на 20%.

На самай справе беларуская малочная прамысловасць перажывае тыя ж праблемы, што і ўсе астатнія галіны. Адна з іх — зніжэнне даходаў ад экспарту ў Расію, звязаная з паслабленнем курсу расійскага рубля. Выручка ад продажаў у выніку падае, а выдаткі меншымі не становяцца.

Наадварот, яны растуць. Таму што малочная галіна, як і ўсе астатнія, перажывае востры дэфіцыт кадраў. І каб не разгубіць кадры канчаткова, заробкі даводзіцца павышаць, нягледзячы на падзенне прыбыткаў.

Глядзіце таксама

Але галоўная праблема, верагодна, гэта ўсё ж такі дзяржаўнае рэгуляванне коштаў. У нармальных абставінах вытворцы маглі б кампенсаваць выдаткі падвышаючы кошты. Але дзяржаўнае рэгуляванне ім гэтага не дазваляе. Таму праблема выдаткаў прадпрыемстваў становіцца выключна ўласнай праблемай саміх прадпрыемстваў.

За мінулы год цэнавым рэгуляваннем забілі амаль у нуль рэнтабельнасць рознічнага гандлю.

Мяркуючы па фінансавых выніках малочнай галіны, вытворцы малочных прадуктаў —наступныя ў чарзе. Таму што ў гандлі рэгуляваць далей няма куды, а ў вытворцаў якая-ніякая рэнтабельнасць яшчэ пакуль засталася. З двух дзясяткаў прадпрыемстваў малочнай галіны стратнымі летась былі толькі дзевяць. Ёсць куды імкнуцца.

Глядзіце таксама