Нас чакаюць або хуткі рост цэнаў, або татальны «мор» у сферы гандлю
Беларускае кіраўніцтва не бянтэжыцца і дастаткова крыважэрна заяўляе, што з гандлёвых сетак яшчэ можна «саскрабці тлушч». Але што адбудзецца пасля таго, як ножычак пачне шкрабаць па костках, і эканоміць ужо не будзе на чым?
Доўгая і цяжкая барацьба кіраўніцтва краіны з ростам цэнаў пачынае прыносіць свой плён, прапаганда цяпер можа расказаць: «Жыць стала лепей, жыць стала весялей». Але якой цаной удалося гэтага дасягнуць?
Дасведчаны эканаміст адразу пакажа вам на значны (каля дзесяці працэнтаў) інфляцыйны навес, які немінуча абрынецца, а таксама адзначыць, што ў ліку першых на алтар папулісцкіх рашэнняў лягуць гандлёвыя сеткі.
Пра тое, што сёння ўяўляе з сябе беларуская сфера гандлю, праект Вашы грошы — распавядае вялікім аглядзе.
Для пачатку давайце ўспомнім, што за апошні час у рознічным і аптовым гандлі адбылося мноства падзей, якія наўпрост паўплывалі на жыццё кожнага беларуса:
Зачыняюцца адна за адной звыклыя гандлёвыя сеткі (успомніце знаёмыя, але ўжо сцёртыя з шыльдаў назвы: «Віталюр», «Радзівілаўскі», «Буслік»).
Сыходзяць папулярныя гандлёвыя брэнды, а разам з імі і іх фірмовыя крамы.
Замест папулярных брэндаў гандлёвыя цэнтры запаўняюцца новымі, зусім нязвыклымі маркамі і брэндамі, якасць якіх часта выклікае сумнеў.
Што ж адбываецца?
Гандаль — гэта базавая сфера, неабходная для жыццядзейнасці любой эканомікі. Па сутнасці, яна можа выступаць паказчыкам, гэтак жа, як тэмпература цела ў чалавека, — і любыя адхіленні ад нормы кажуць пра тое, што сістэма ў цэлым хворая.
Вось некалькі базавых фактаў пра беларускі гандаль.
- Гэтая сфера фарміруе 9% эканомікі краіны.
- У ёй працуе больш за 600 тысяч чалавек (а гэта 14% ад усіх працаўладкаваных).
- Сярэдняя заработная плата ў гандлі цяпер ніжэйшая за сярэднюю па краіне на 12% і складае 1737 рублёў.
Важна таксама адзначыць, што традыцыйна гандаль дзеліцца на тры асобныя сектары.
- Першы — рознічны гандаль, у якім цяпер задзейнічана 406,3 тысячы чалавек.
- Другі — аптовы гандаль, дзе працуе 138,8 тысячы чалавек.
- Трэці — гандаль і рамонт аўтамабіляў і матацыклаў, сёння ў ім занята 55,5 тысячы чалавек.
Цяпер некалькі слоў пра тое, дзе прадаюць. Умоўна можна падзяліць усе гандлёвыя аб'екты ў краіне на тры катэгорыі: рынкі, крамы і гандлёвыя цэнтры.
Па сутнасці, гэта тры розныя культуры, калі хочаце, філасофіі гандлю. Мы даследуем дадзеныя па выніках 2022 года. Самая архаічная катэгорыя — рынкі, сёння іх у Беларусі налічваецца 363. Найбольш распаўсюджаная форма — крамы, якая ўключае ў сябе ад універсама да крамачкі крокавай даступнасці, усяго па краіне іх 60 275. І нарэшце, самыя буйныя гандлёвыя аб'екты, якія аб'ядноўваюць пад сваім дахам мноства розных прадаўцоў — усяго іх у рэспубліцы 580.
Калі ж паглядзець на асобныя рэгіёны краіны, то мы ўбачым, што сітуацыя з пакрыццём гандлёвымі аб'ектамі нераўнамерная. Менш за ўсё рынкаў у прагрэсіўным Мінску (усяго 23 такія аб'екты), у якім іх выцясняюць сучасныя спосабы гандлю.
Пры гэтым у Мінскай вобласці рынкаў, наадварот, больш за ўсё, у першую чаргу таму, што ў гэтым рэгіёне адразу некалькі буйных гарадоў і вельмі актыўны гандаль. Лідарамі ў гандлёвых цэнтрах стала сталіца (103 ГЦ) і Гомельская вобласць (101 ГЦ), а больш за ўсё крамаў у Мінскай (9995) і Брэсцкай вобласці (9857).
Як змянялася сітуацыя за апошні час?
Для параўнання, у 2018 годзе ў Беларусі было 58 тысячы крамаў, пры гэтым іх колькасць павялічылася па ўсіх абласцях, за выключэннем Магілёўскай, дзе ёсць невялікае зніжэнне.
Колькасць рынкаў увогуле па краіне зніжаецца, пяць гадоў таму іх было 376. Знізілася і колькасць гандлёвых цэнтраў, у 2018 годзе іх было 583, пры гэтым важна адзначыць, што за гэты час колькасць цэнтраў вырасла толькі ў Гомельскай вобласці (+3) і сталіцы, у Мінску (+5), а ва ўсіх астатніх рэгіёнах — упала.
Што адбываецца ў гэтым годзе? На сённяшні дзень урад, спрабуючы выседзець на крэсле ўяўнай стабільнасці, якое выразна хістаецца, прыкладвае намаганні па двух асноўных напрамках. Першы — спроба перазапусціць інвестыцыйны цыкл. Другі — стымуляваць спажыўцоў купляць больш, і пажадана беларускае і за мясцовыя рублі.
І варта прызнаць, што ў кароткатэрміновай перспектыве такія меры не маглі не згуляць станоўчую ролю. Мы бачым, што заробкі ў краіне растуць хутчэй, чым прадукцыйнасць працы. Відавочна, што ўрад падтрымлівае магчымасць атрымліваць танныя крэдыты для бізнесу і прыватных асоб. У людзей становіцца больш грошай, у выніку расце рознічны і аптовы тавараабарот.
І тут назіраецца вельмі цікавая анамалія. Доўгі час пры дасягненні пэўнага ўзроўню дастатку беларусы пераключаліся з айчынных тавараў на імпартныя, а таксама пераставалі зберагаць грошы ў рублях і пачыналі купляць долары і еўра. Такі патэрн паводзін быў абсалютна верны дзесяцігоддзямі, але цяпер ён змяніўся.
Мы бачым, што людзі атрымліваюць хоць трохі, але больш, аднак пры гэтым актыўна выдаткоўваюць грошы, а іх зберажэнні ў валюце не растуць, а наадварот — растаюць.
Што ж памянялася ў сярэднестатыстычнай Беларусі?
Верагодна, на агульны партрэт спажыўца паўплывалі адразу некалькі фактараў.
- Па-першае, памяняўся ментальны стан насельніцтва краіны. Вельмі шмат забяспечаных, актыўных, творчых людзей, якія ўплывалі на айчынную эканоміку, з'ехалі з краіны або ўпалі ў «анабіёз», імкнучыся «не адсвечваць».
- Па-другое, не можа прайсці бясследна прапаганда, якая ўсімі сіламі імкнецца павярнуць твары беларусаў у бок усходняга суседа. У некаторых выпадках гэта сапраўды атрымліваецца зрабіць.
- Па-трэцяе, пастаянная атмасфера нявызначанасці выклікае ў насельніцтва фрустрацыю, якая, у сваю чаргу, выліваецца ў неабдуманыя спажывецкія паводзіны. Многія сёння не могуць быць упэўненымі, што, напрыклад, бытавая тэхніка той ці іншай маркі застанецца на прылаўках крам заўтра, і робяць пакупкі «на ўсялякі выпадак».
Разам з беларусамі і іх змененымі запытамі трансфармуецца, падладжваючыся пад новыя абставіны, і сістэма гандлю. Важна разумець, што для ўлады недапушчальна, каб цяперашнюю сітуацыю хоць неяк звязвалі з 90-мі гадамі мінулага стагоддзя.
Але такія аналогіі просяцца самі сабой, калі з краіны сыходзіць усё больш брэндаў, крамы зачыняюцца, а міленіялам трэба распавядаць, што такое «дэфіцытны тавар», які «складана дастаць». І што такімі таварамі могуць быць, напрыклад, красоўкі або тэлефон.
Праблему вырашаюць па прынцыпе «якасць заменім колькасцю». На змену вядомым брэндам у крамах масава з'яўляюцца незразумелыя «ноунэймы» сумніўнай якасці. У людзей паступова мяняюць спажывецкія звычкі, іх адвучваюць ад звыклых прадуктаў і тавараў, замяняючы іх непаўнавартаснымі эрзацами.
Так, італьянскія прадукты на паверку аказваюцца расійскімі падробкамі. Мы бачым, як айчынныя вытворцы ствараюць ілюзію «багацця», перапакоўваюць адзін і той жа прадукт у розныя абгорткі.
Бытавой тэхнікі ад невядомых кітайскіх вытворцаў у крамах становіцца ўсё больш, у яе не самая лепшая якасць, але пры гэтым плаўна, але адчувальна расце кошт. І гэта нядзіўна пры адсутнасці паўнавартаснай канкурэнцыі з еўрапейскімі і амерыканскімі брэндамі.
Саму ж сферу гандлю пастаянна «душаць», змушаючы стрымліваць цэны за кошт скарачэння свайго прыбытку. Ва ўрадзе наўпрост, дастаткова крыважэрна заяўляюць, што з гандлёвых сетак яшчэ можна «саскрабці тлушч». Але што адбудзецца пасля таго, як ножычак пачне шкрабать па костках, і эканоміць ужо не будзе на чым?
Відавочна, што нас чакае ўсплёск цэн або татальны «мор» у сферы гандлю.