Дзе прарве першым? Дзяржаўнае рэгуляванне цэн ужо не спраўляецца з цэнамі
Дзяржаўнае рэгуляванне цэн ужо не спраўляецца з цэнамі, таму ў дапамогу дзяржаўнаму рэгуляванню ўрад прыняў праграму па цэнавай стабілізацыі. Калі рэгуляваў цэны ўрад у прадаўцоў, то стабілізаваць цэны ён будзе ў вытворцаў.
Ну, таму што стабілізаваць прадаўцоў далей ужо няма куды, піша Андрэй Бранішэўскі ў Plan.B.
Не выходзячы за рамкі
«У цэлым сітуацыя з цэнамі на ўнутраным рынку стабільная. Асартымент тавараў шырокі, ніякага недахопу мы не адчуваем. Інфляцыя знаходзіцца ў рамках устаноўленых параметраў, не перавышаючы тыя межы, якія намі былі распрацаваны і зацверджаны на бягучы перыяд», — сказаў кіраўнік МАРГ Аляксей Багданаў.
У барацьбе з інфляцыяй галоўнае — усталяваць сабе правільныя межы і рамкі. Вось беларускі ўрад устанавіў сабе мяжу інфляцыі ў 6 адсоткаў, і інфляцыю за гэтую мяжу сапраўды не пускае. За першы квартал інфляцыя ў гадавым выражэнні склала 5,6 адсоткі.
І цяпер урад гучна ганарыцца нечалавечымі намаганнямі, якія яму спатрэбіліся, каб утрымаць інфляцыю ва ўсталяваных для яе рамках. Праўда, у суседскай інфляцыі рамкі значна больш сціплыя. За тыя ж тры месяцы інфляцыя ў Польшчы склала 2 адсоткі, у Латвіі — 0,9 адсотка, а ў Літве, сорамна сказаць, наогул 0,3 адсотка.
Што характэрна, суседзям для гэтага нечалавечыя намаганні не спатрэбіліся. Абышліся без дзяржаўнага рэгулявання і мерапрыемстваў па цэнавай стабілізацыі. Нават у Расіі, дзе з цэнамі ўсё не вельмі добра, кошты выраслі менш чым на шэсць адсоткаў. Гэта значыць, інфляцыю Беларусі ніхто не навязваў. Яна сама сабе такая вырасла.
Усіх заб'ю, адзін застануся
Хоць дзеля таго, каб перамагчы кошты, беларускія ўлады перамаглі здаровы сэнс. Пакуль у бітве ўладаў са здаровым сэнсам і законамі эканомікі самыя вялікія страты панёс гандаль. Сярэдняя рэнтабельнасць гандлю за два месяцы гэтага года ўпала да 0,6 адсотка. Сабекошт продажаў вырас на 17,1 адсоткаў.
Гэта значыць, рэнтабельнасць гандлю ўлады паспяхова забілі. А з новай праграмай па стабілізацыі цэн на чарзе — рэнтабельнасць вытворцаў. Якім, насамрэч, і так ужо нялёгка. Таму што працаваць у краіне няма каму, заробкі праз гэта растуць, а вытворчасць за ростам заробкаў не паспявае.
«Вытворцы тавараў і паслуг не паспяваюць у падладцы пад пашыраны попыт у асяроддзі дэфіцыту кадраў і рэкорднай загрузкі вытворчых магутнасцяў, — гаворыцца ў даследаванні BEROC — недахоп работнікаў выступае адным з найважнейшых абмежавальнікаў выпуску на баку прапановы, узмацняючы інфляцыйныя рызыкі ў асяроддзі перагрэтага попыту».
У нармальных абставінах рост заробкаў плюс недахоп работнікаў роўна росту коштаў. Кошты вырастуць, фінансы ў кампаній выправяцца, а там, глядзіш, і абставіны зменяцца ў лепшы бок. У адпаведнасці з натуральнымі законамі эканомікі. Як гэта здарылася ў суседзяў, дзе кошты не толькі растуць, але, бывае, і самі па сабе зніжаюцца.
Але ў беларускіх уладаў замест законаў эканомікі і здаровага сэнсу ёсць дзяржаўнае рэгуляванне коштаў і цэнавы кантроль. Таму праблемы не вырашаюцца, а толькі назапашваюцца.
«Без уліку ўкладу жорсткага цэнавага кантролю гадавая інфляцыя ў сакавіку 2024 года магла б скласці не 5,6%, а каля 11%. Такім чынам, інфляцыйны навес — патэнцыял паскоранага павышэння цэн у будучыні — працягваў назапашвацца ў пачатку бягучага года. Яго памер ацэньваецца мінімум у 6 адсоткаў на канец I квартала 2024 года», — лічаць эксперты BEROC.
Так што застаецца чакаць, дзе прарве першым. Ці то зрывам разьбы на дзяржаўным рэгуляванні, ці то банкруцтвамі кампаній.